Общество > Нам пишут

2423

Думкi жыхароў Рэчыцкага раёна. Добрыя дзеці растуць

 +

Хлапчукі – дапытлівы народ. Хочуць усё ведаць. Прыдумваюць сабе розныя забавы, нешта распрацоўваюць, задаюць пытанні дарослым, каб прыйсці да правільнай высновы.

Вось і сёння кампанія сяброў, седзячы на лаўцы каля дрэва, разважала пра жыццё чалавека. Дзеля чаго чалавек нарадзіўся на гэты свет? Васілёк, сямігадовы хлопчык, з упэўненасцю гаворыць:

– Дзеці – кветкі жыцця. Так мая бабуля кажа. Я буду садзіць прыгожыя дрэвы, разводзіць новыя кветкі, а ўсе людзі будуць імі любавацца і радавацца жыццю.

– А мой тата сцвярджае: кожны чалавек павінен прыносіць карысць людзям, працаваць, а не займацца марнатраўствам, – уступае ў гаворку старэйшы на адзін год Міколка. – Я буду, як тата, будаваць дамы, каб людзям было дзе жыць. А яшчэ пабудую дзіцячы забаўляльны цэнтр з кафэ. Вось дзе можна будзе весела дзецям з бацькамі праводзіць вольны час!

Так хлапчукі разважалі, а сонейка сваімі промнямі лашчыла тварыкі маленькіх разумнікаў. Яно ўхваляла іх думкі. Тут падышоў дзед Ігнат.

– Аб чым гутарыце, малеча?

– Пра жыццё чалавечае, – адказалі хорам прыяцелі.

– Ну-ну, не ведаў, што ёсць на нашай вуліцы такія філосафы, –
мовіў дзед Ігнат. – Думкі вашыя правільныя. Змена расце талковая. Нам, старым, можна не хвалявацца за будучыню.

Дзеці тут жа ўнеслі прапанову зрабіць што-небудзь карыснае. Утрох вырашылі пафарбаваць лаўку. Даўжэй прастаіць і прыгажэй будзе. Хутка праца закіпела. Дзядуля толькі кіраваў ды падказваў, а Васілёк і Міколка стараліся на ўсю сілу. Адзін фарбаваў, другі падграбаў лісце каля дрэва. Сонейка і ветрык таксама не былі ў баку, падсушвалі лаўку. Праз некаторы час яна зіхацела, бы новая. А суседзі казалі:

– Добрыя дзеці растуць у нас на вуліцы. Свой шлях у жыцці яны знойдуць. Малайцы бацькі, правільны напрамак у выхаванні дзяцей трымаюць.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity