Общество > Нам пишут

917

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Лясная вандроўка

 +

Ранішняе сонца зазірнула ў Любачкін пакой, паказытала сваімі праменьчыкамі тварык дзяўчынкі: «Уставай, прачынайся, соня!». Тая ўсміхнулася і раскрыла вочы. Выцягнула руку з-пад коўдры і хацела злавіць сонечны зайчык. Але потым, успомніўшы пра свой намер, хуценька ўскочыла з ложка і стала апранацца.

Сёння тата абяцаў ёй ісці ў лес за арэхамі. Ён у яе ляснік. Усё ведае, ахоўвае лес, сочыць за парадкам. На двары тупацелі крокі бацькі. Ён ужо збіраўся, прыладжваў кошык на багажнік ровара. Дзяўчынка ўмылася, сабрала пакунак з перакусам, выпіла малака і выйшла на ганак.

– Татка, я ўжо гатова!

– Набуй гумавыя боты, – сказаў бацька. – У лесе могуць трапіцца вужы, змяюкі, ды і мокра ад расы.

Любачка спрытна пераабулася, і рушылі ў дарогу. Увесь час яна звонка шчабятала пра лес, дрэвы, звяроў. А тата пасміхаўся і распавядаў свае думкі. Вучыў, як не заблудзіць у лесе.

Нарэшце яны ўехалі на паляну, па краям якой рос арэшнік. Птушкі весела спявалі ранішнія песні. Прыгажун-дзяцел выстукваў па ствалу дуба, нібы барабаншчык, свой матыў. Кроплі расы звісалі з лісточкаў, травінак яркімі блішчастымі зорачкамі.

 – Ой, як прыгожа! – ускрыкнула з захапленнем дзяўчынка. – Я ў царстве ляснога ўладара!

Пачалі збіраць арэхі, не звяртаючы ўвагі на свой ровар. А там у гэты час гаспадарылі вароны. Сваімі доўгімі дзюбкамі клявалі пакунак з ежай. А сарока лятала паводдаль і трашчала пра іх зладзейства. Любачка выпадкова зірнула ў той бок і вачам сваім не паверыла. Птушкі адна ў адной адбіралі кавалак мяса. Вакол валяліся абрыўкі пакета. Яна схапіла галіну і пабегла разганяць чорных зладзеек. А ляснік супакойваў дачку:

– Звычайная справа ў варон што-небудзь сцягнуць. А мы перацерпім, раз самі варону злавілі – не схавалі ежу добра. Хутка дома будзем.

Побач з імі па верхавінах дрэў прыгала рудавата-шэрая вавёрка і ўсё цокала: «І мне пакіньце арэшкаў». Затым знікла ў галінках. Яна вельмі асцярожная.

Тым часам сонейка паднялося высока. На небе ні воблачка. У лесе адчуваецца прыемны водар кветак святаянніку. Аж кружыцца галава.

– Ну, дачка, пара дахаты. Кошык напоўнены, ды і маці ўжо зачакалася, – сказаў ляснік.

– Не, татка, я нарву маці букет лясных кветак. Зірні, якія прыгожыя!

– Давай збяром букет з лістоў дрэў, а кветачкі няхай упрыгожваюць гэтую паляну. Ды і пчолам, чмялям ёсць яшчэ свой клопат. Прывядзём маці паглядзець на гэтае хараство. Сама яна ніколі сюды не дайдзе, – дабавіў ён.

Хутка сабралі букет. Ён быў яркай афарбоўкі. Тут зялёныя і жоўтыя, чырвоныя і бурыя лісты з рознымі зазубрынкамі. Аздабляла гэтую прыгажосць гронка каліны з пунсовымі пацеркамі-ягадамі.

Вось і прыйшла прыгажуня восень. Лясная вандроўка прыўнесла дзяўчынцы шмат новых уражанняў. Любачкіна дапытлівасць назапасіла шмат ведаў пра лес і яго жыхароў. Будзе што расказаць у школе рабятам.

Ніна ТРОШКА, в. Жмураўка

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity