Общество > Нам пишут

2527

Пiшуць жыхары Рэчыцкага раёна. Па новым раскладзе

 +

Стары Васіль прачнуўся рана і з тугой падумаў: «Чым займацца буду? Не трэба ўжо на працу ісці. Адпрацаваў сваё. Неўзаметку падкаціла старасць». Стаў разважаць: «А што, можна рабіць па гаспадарцы. Які-ніякі занятак ёсць».

Яго думкі спыніла жонка. Яна ўжо завіхалася каля печы. Нешта шкварчэла на патэльні. Прыемны пах разносіўся па хаце. – Варка, што ты так рана ўстала? Адпачыла б яшчэ! – Ды не, даражэнькі, гасцей чакаем. Трэба варушыцца.

Васіль кіўнуў галавой. Дзеці прыязджаюць. Пад вечар шумела застолле. Суседзі віншавалі старога з новым этапам жыцця, якое называецца пенсія.    

Дзед прымаў віншаванні. Заслужыў пашану ад людзей, прадпрыемства. Граматы і падзякі хоць на сцену вешай. І тут у самы разгар вечарыны падышлі дзеці з пакункамі ў руках да бацькі:

– Тата, заставайся заўсёды аптымістам і сэрцам малады. Твае слушныя парады нам заўсёды патрэбны. А каб старасць цябе не чапала, вось табе ключы ад яе, – прамовіў сын і працягнуў чамаданчык з наборам ключоў, такіх як яму хацелася даўно набыць. Што-небудзь адрамантаваць – не трэба ісці да суседа.

– Ты любіш хадзіць у лес, няхай заўсёды суправаджае цябе чацвераногі сябра, – дадала дачка і ўручыла пакуначак, з якога высунулася калматая галава чорненькага шчаняці, і ў пацвярджэнне сказанаму той весела цяўкнуў. – Ну, Васіль, цяпер табе сумаваць без працы не прыйдзецца. Ключы ад старасці падышлі ў самы раз, – усміхаючыся ўсклікнула жонка.

Быў кастрычніцкі сонечны вечар. Пазалота заходзячага сонца кранула наваколле, палашчыла Васіля. Заканчваўся вечар восені, а не жыцця. Яно ў яго толькі пачынаецца, толькі ўжо па новым раскладзе.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity