Общество > Нам пишут

1747

Пішуць рэчычане. Мой прадзед

 +

Я хачу расказаць пра свайго прадзеда Васiля Паўлавіча Голуба, дзеда майго бацькі. Нарадзiўся прадзед у вёсцы Параслішча Акцябрскага раёна 1 жніўня 1912 года ў сям’і простага селяніна. З малых гадоў пасвіў кароў, дапамагаў бацькам. Бацька навучыў яго чытаць і пісаць. У дзесяцігадовым узросце ён пайшоў на вучобу ў пачатковую школу вёскі Валасовічы, якая знаходзілася ў пяці кіламетрах ад яго дому. Кожны дзень маленькі Васіль сам хадзіў у школу. Вучоба яму вельмі падабалася і добра давалася, таму ён і паступіў у Азарыцкую сямігодку. Ён вельмі любіў матуліну мову і родную літаратуру.

Свайму ўнуку – майму бацьку Аляксандру – дзядуля Васіль расказваў, што першы сатырычны верш напісаў у шостым класе і заслужыў пахвалу ў настаўніка роднай мовы. У 1932 годзе скончыў Мозырскі педтэхнікум. Некаторы час працаваў у мясцовай раённай газеце. Быў знаёмы з паэтамі Якубам Коласам і Янкам Купалам, празаікам Кузьмой Чорным.

Потым працаваў настаўнікам у Сякерыцкай і Стара-Галоўчыцкай пачатковых школах Петрыкаўскага раёна, затым у Новых Галоўчыцах. Працаваў у Кашэвічах, быў намеснікам дырэктара Лучыцкай сярэдняй школы. Завочна вучыўся ў Мінскім педінстытуце. У чэрвені 1941 года здаў выпускныя экзамены.

Пачалася вайна. Добраахвотна пайшоў на фронт, нягледзячы на тое, што раней быў вызвалены ад службы ў арміі па стане здароўя. Ваяваў на Украіне, абараняў ад ворага Чарнігаўшчыну. Трапіў у палон каля ўкраінскага горада Бахмач, з якога праз тыдзень уцёк, вярнуўшыся дадому, дзе яго чакала сям’я, але ён адразу пайшоў у партызаны, якія змагаліся з ворагам у Капаткевіцкім раёне. І ў жніўні 1943 года стаў партызанам 45-га атрада імя І. І. Маставога 125-й Капаткевіцкай брыгады. Спачатку быў мінёрам і ўдзельнічаў у падрыве чыгункі, пускаючы пад адхон цягнікі з ворагам, потым быў назначаны камандзірам аддзялення разведчыкаў. Пасля вызвалення раёна быў прызваны ў Чырвоную Армію і прымаў удзел у барацьбе з акупантамі на тэрыторыі Брэстчыны, Польшчы, Румыніі, Югаславіі, Венгрыі і Германіі.

Узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалём «За Перамогу над Германіяй» і інш.

Пасля вайны мой прадзед Васіль Паўлавіч працаваў дырэктарам Чалюшкавіцкай сямігадовай і сярэдняй школ. Вось у гэты час была напісана большасць яго вершаў.

Васіль Паўлавіч Голуб памёр 8 ліпеня 2005 года.

Але памяць аб ім жыве ў нашых сэрцах, яго ўнукаў і праўнукаў, а як пісьменнік мой прадзядуля Васіль Голуб жыве яшчэ і ў вершах, якія надрукаваны ў яго кнізе пад назвай «Вершы». Вось адзін з іх напісаны ў 1991 годзе, які ён прысвяціў сваёй дачцэ Алаізе. Яна таксама працавала настаўніцай.

Вясковай настаўніцы

Карыснае ў глебу кідаеш,

У чыстыя душы дзяцей,

Нястомна любоў прывіваеш

Да працы, да кніг, да людзей.

 

Любоўна ты вучыш, як бачыць

Зямліцы сваёй прыгажосць,

Любіць, памнажаць,

 перайначыць,

Каб чула зямля маладосць.

 

Схілілі галоўкі над партай,

Варушыцца лёгкі шумок –

Рашаюць задачу ўпарта,

Напружваюць свой разумок.

 

Ты імі любуешся моўчкі,

У сшыткі заглянеш усім,

Паднімуць цікаўныя вочкі –

Раскажаш дзівоснае ім.

 

Зрух кожны і поспех іх бачыш,

Іх радасць ёсць радасць твая.

А кожная ўжо іх няўдача

Табе адбаліць, як свая.

 

Як маці, заўжды сустракаеш,

Праводзіш дадому дзяцей,

Насустрач яны падбягаюць,

Як прыдуць у школу раней.

 

Набліжаецца вельмі вялікае свята – 75-годдзе Вялікай Перамогі. Чытая зноў і зноў вершы свайго прадзеда, я ганаруся тым, што ён у мяне быў і што часцінка яго пабеды – гэта нашы мірнае неба і жыццё, дзе было месца подзвігу, дзякуючы якому я нарадзіўся.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity