Пішуць рэчычане. Алінка
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
Давялося днямі апынуцца на аўтобусным прыпынку «Сняжкова». Баўлю з жонкай час, размаўляю. Раптам аднекуль надта прыгожае, з шыза-белымі плямінамі, кацяня. Узросту не сказаць каб малога, дагледжанае.
– Прывітанне, Васька! – кажу я.
Істота падбягае, ціснецца шчыльней, потым скача на лаўку.
Пагладжваю. Бачу: яму даспадобы. Пачынае варкатаць.
І тут падыходзіць дзяўчынка. Цікавіцца:
– І адкуль гэта ведаеце, што коціка клічуць Васькам?
Пачынаю нахвальваць:
– Бач, як лашчыцца, як цягнецца да чалавека. З якімі прыгожымі вачанятамі…
Дзяўчынка, слухаючы, дастае са сваёй сумачкі пакет, пачынае частаваць Ваську каўбасой, пакідаючы нешта на потым.
– Гэта, – кажа мне, – будзе для Рыжыка, які чакае на прыпынку «8-я школа».
– А як жа завуць цябе самую? – цікаўлюся ў сваёй новай знаёмай.
– Алінка, – чую ў адказ.
– У якім жа класе вучышся?
– У пятым. А школа мая «восьмая».
Неўзабаве даведаўся і пра бацькоў дзяўчынкі. Маці – медыцынская сястра. «А тата – нафтавік», – з гонарам у голасе паведаміла школьніца.
Дзяўчынка спяшалася, таму спрытна, як і з’явілася, пакінула прыпынак, пакіраваўшы ў бок школы № 8. Я дык нават спазніўся падзякаваць яе за клопат пра кацяня. Таму раблю тое праз газету «Дняпровец».
Шчырае дзякуй і бацькам Алінкі, яе настаўнікам. Бо выхаванне ды спагадлівасць да таго ж кацяня – ўжо само-сабою сведчанне добрага сэрца.
То віншую Алінку з Новым годам, зычыўшы ёй моцнага здароўя ды поспехаў у вучобе!