Общество > Нам пишут

729

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Посах для Дзеда Мароза

 +

Жылі-былі ў маёй вёсцы сямігадовыя хлапчукі, Арцёмка і Пятрок, вялікія выдумшчыкі і фантазёры. Імкнуліся рабіць добрыя ўчынкі, верылі ў чароўнасць. Вось сядзяць у пакоі і нешта ажыўлена даказваюць адзін аднаму. А дзядуля Васіль, праходзячы міма іх, прыслухаўся да іх гаворкі і рашыў далучыцца да размовы:

– Можа чым дапамагчы вам, хлопчыкі?

– Ды вось спрачаемся, што трэба зрабіць, каб снег пайшоў. Хутка Каляды. Сумуюць без нас лыжы і санкі. На двары зараз ідзе дождж. Чаму? – уголас загаманілі сябры.

– Відаць, Восень прыхавала чароўны посах Дзеда Мароза.

– Чаму чароўны? – спытаў Арцёмка.

– Стукне раз – наляціць паўночны вецер. Прынясе холад. Стукне другі раз – з калматых хмар пасыплецца снег, – на поўным сур’ёзе адказаў дзед.

Дзятва з цікавасцю слухала яго. Ім хацелася верыць у дзядулеву казку і што-небудзь зрабіць. Разам рашылі змайстраваць посах і аднесці яго да сасны, якая расла на лузе. Там часта вецер скача па галінах дрэва. Дзядуля паклікаў іх у майстэрню. Справа закіпела. Праз некаторы час Арцём і Пятрок паказалі сваю гатовую працу дзядулю. Посах быў пафарбаваны серабранкай. На самым версе прымацавана сняжынка.

– Вось гэта тое, што трэба Дзеду Марозу, – падтрымала хлапцоў бабуля. – Нейкая моц зыходзіць ад вашага посаха. Будзе снег, будзе мароз.

Увечары малеча разам з дзедам занеслі свой падарунак Дзеду Марозу пад сасну. Задаволеныя, адчуваючы сябе чараўнікамі, вярталіся дамоў і дзякавалі свайму старэйшаму таварышу за сумесную працу. Раніцай цуд звяршыўся. Снегу за ноч насыпала столькі, што можна станавіцца на лыжы. Хлапчукі сваім вачам не паверылі і пабеглі праверыць, ці на месцы посах. А яго і не было.

– Дзядуля, наш посах Дзед Мароз забраў! Наша жаданне ён здзейсніў! Надышла сапраўдная зіма! – з радасцю паведамілі сябры.

А дзед Васіль, хітравата ўхмыляючыся сам сабе, адказаў:

– Галоўнае, унучкі, што вы паказалі свае здольнасці і змайстравалі сапраўдны посах. Прынеслі радасць усім.

Малечы хацелася верыць, што прыходзіў Дзед Мароз і з дапамогай «чароўнага» посаха выканаў іх жаданне.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity