Общество > Нам пишут

2709

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Сцяна Памяці

 +

Рэха мінулай вайны яшчэ раз дакранулася да мяне праз тэлефонны званок жыхаркі вёскі Броннае Любові Аляксандраўны Гапоненкі, якой ужо 82 гады. Яна са скрухай у голасе расказала мне пра свайго дзядзьку Івана Емяльянавіча Карпенку, 1924 года нараджэння.

Іван Карпенка родам з вёскі Сямёнаўка (раней Асінаўка) Вышамірскага сельскага Савета. Калі пачалася вайна, і немцы сталі ўстанаўліваць свае парадкі, жыхары не скарыліся. Пачалі супрацоўнічаць з партызанамі. Фашысты распачалі карнікавую аперацыю супраць насельніцтва. Спалілі вёску. Сям'і Карпенка не было дзе жыць. Перабраліся ў вёску Броннае да сваёй радні. У цеснаце ды лягчэй перажываць гора. Адзін кавалак хлеба дзялілі на ўсіх. Цяжка прыходзілася, але выжылі.

Калі прыйшло вызваленне на рэчыцкую зямлю, Івана адразу ж прызвалі на ваенную службу ў 120-ы стралковы полк 69-й стралковай дывізіі 65-й арміі. Паваяваў ён нямнога. Пад Жлобіным узімку яго параніла. Сем кіламетраў дабіраўся па снезе, не пакідаючы надзеі выйсці да сваіх. Падабрала яго санітарная павозка, калі сілы ўжо не ставала. Адвезлі на лячэнне ў рэчыцкі шпіталь. Але шмат было страчана крыві. 26 лютага 1944 года ён памёр ад ран.

Пахавалі ў вёсцы Броннае на могілках па вуліцы Савецкай. Штогод маці, сёстры, пляменнікі ўбіралі магілу. Наведвалі на Дзень Перамогі. Зараз сталі самі хворыя. Старэнькая сястра Івана – Марыя Сафронава – жыве ў Перавалоцы. Не дабярэцца ўжо. А могілкі даўно закрытыя. Жанчына клапоціцца, каб памяць пра яе дваццацігадовага дзядзьку, чырвонаармейца не была забыта. Здаецца, ваенкамат абнадзеіў родных аб станоўчым вырашэнні гэтага пытання. Сапраўды, юнак аддаў сваё жыццё за вызваленне Беларусі, і памяць пра яго павінна захоўвацца.

А я вось думаю: у вёску не вярнулася з вайны 150 жыхароў. Што калі б на месцы зарослых дрэвамі, кустоўем могілак стварыць Сцяну Памяці ўсіх загінуўшых і памерлых жыхароў, устанавіць капліцу, разбіць кветнікі. Каб кожны мог аддаць даніну павагі да сваіх блізкіх, загінуўшых.

Зараз, праязджаючы паўз могілкі, з горыччу думаю: ляжыць тут чырвонаармеец Іван Емяльянавіч Карпенка, так рана пакінуўшы гэты свет, змагаўшыся за наша свабоднае жыццё, не спазнаўшы жыцця ва ўсёй сваёй прыгажосці, не пакінуўшы пасля сябе ніводнага слядочка. Толькі яркае імгненне свайго змагання з ворагам. Мы павінны зберагчы гэту памяць!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity