Общество > Нам пишут

1887

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Наперадзе шчаслівае жыццё

 +

Надышла раніца. Сонца чырвоным шарам выкацілася з-за ракі. Вольга пачала гатаваць сняданак. Дзеці ўжо прачнуліся. Раптам з рук упала талерка і разбілася.

– О, сёння нехта прыйдзе ў госці, – падумала жанчына. Такое існавала ў іх сям’і павер’е.

Упарадкавалася па гаспадарцы, пры гэтым думала пра свайго Васіля: хоць бы хутчэй прыйшоў. Вайна ж скончылася. А ад яго няма ніякай весткі. Затым накарміла сваіх дзетак. На старэйшую Шурку пакінула меншую і пайшла за шчаўем на луг.

На двары нехта затупацеў. Нейкі чалавек у вайсковай форме ўвайшоў у хату. Дзве дзяўчынкі гулялі на падлозе.

– Шурачка, памятаеш мяне? – спытаў салдат.

Большая дзяўчынка прыгледзелася і радасна ўскрыкнула: «Ты мой татка!»

– А дзе маці?

– Яна на лузе, па шчаўе пайшла.

Бацька ўзняў сваіх дачок на рукі, абцалаваў іх. Па шчоках цяклі слёзы радасці, а маленькая Ганначка звонка лепятала яму: «Тата, тата!» Большая выцірала яму слёзы і гладзіла маленькай далонькай па галаве. Яна расказвала, як цяжка ім без яго жылося.

Васіль узяў рэчмяшок і дастаў адтуль вузялок, у якім быў салодкі пачастунак – драбкі цукару. Для дзяўчынак гэта было ў навіну. Даўно такога ласунка яны не спрабавалі.

Шурачка пакінула татку з маленькай сястрычкай і паімчала на луг да маці з весткай. Пыл падымаўся з-пад яе хуткіх ножак. Сустрэчныя людзі пыталіся, куды бяжыць. А Шурка з радасцю паведамляла, што іх татка з вайны вярнуўся.

Пад вечар сабраліся суседзі, аднавяскоўцы. Накрылі разам сціплы стол на двары пад яблынямі, і пайшла гаворка. Кожная з жанчын хацела запытаць пра свайго гаспадара ці сына. Мо дзе сустракаліся на дарогах вайны.

Радасная Вольга цешылася сваім шчасцем. Да самай ночы дзеці не маглі супакоіцца ад радасці: іх татка вярнуўся з вайны. Перажылі фашысцкую навалу. Цяпер зажывуць па-новаму. Наперадзе іх чакала шчаслівае мірнае жыццё.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity