Культура > Музыка

3801

Рэчыцкі калектыў песеннага мастацтва «Дняпроўскія зоры»: з песняй праз жыццё

 +

Прыемна, што ў нашай краіне створаны належныя ўмовы для ўсебаковага развіцця народнай творчасці, якая ў няспынным пошуку і аднаўленні адлюстроўвае як імклівую рэчаіснасць, так і найбольш характэрныя з’явы часу.

Прыкладам сказанага вышэй могуць быць шматлікія выставы народных майстроў на розных святах, якія рэгулярна ладзяцца не толькі ў Рэчыцы, але і на раёне. Мне ж хочацца паведаць пра аматарскі калектыў песеннага мастацтва «Дняпроўскія зоры».

Усё пачыналася ў далёкім ужо 1992-м. Калі, па сутнасці, бурылася не толькі эканоміка, але і культура. Тады і пачаў адыходзіць у нябыт знакаміты народны хор Рэчыцкага мэблевага камбіната, якім доўгі час кіраваў высокі прафесіянал
Ю. Салаўёў.

І што ж? Найбольш актыўныя аматары харавога мастацтва сабраліся ды прынялі рашэнне стварыць харавую групу, абраўшы ў якасці кіраўніка В. Бандарэнку. Віктар Паўлавіч адказаў згодай.

Паўстала шмат пытанняў: знайсці памяшканне для рэпетыцый, сцэнічныя касцюмы, падабраць неабходны рэпертуар ды шмат чаго іншага.

І добра, што кіраўнік гурта з самага пачатку адчуваў падтрымку найбольш актыўна-таленавітых: Ніны Шупікавай, Аляксея Падальніцкага, Зінаіды Майковай, Веры Дубавай, Лаўры Паўлавай. Менавіта яны і цэментавалі вакол сябе астатніх.

У калектыў прыйшлі Галіна Мельнікава, Алена Шатровіч, Людміла Музычук, Тамара Балачкова, Варвара Куляшова ды Валянціна Кулеш. Яны гэтаксама мелі шматгадовы вопыт выступленняў, але ў іншых творчых згуртаваннях.

Паступова, але няўхільна ўсё лепшае ды прыдатнае пачало дапасоўвацца да творчай скарбонкі «Дняпроўскіх зораў». Да таго ж вялікія аматары народнага
мастацтва, каб песня не сціхала, а дарыла асалоду людзям, падымаючы ім настрой, ахвяравалі асабістым часам двойчы на тыдзень на рэпетыцыі.

Часу мінулася зусім мала, а заўважны плён ужо здабыты.

Вось і мне нядаўна пашчасціла з самабытным калектывам сустрэцца ў актавай зале санаторыя «Сонечны бераг» аб’яднання «Беларуснафта».

З вялікім натхненнем і на высокім прафесійным узроўні «Дняпроўскія зоры» выканалі песню «Мая Беларусь» (праслаўляе рэспубліку як прыгажэйшае месца на свеце).

Мікалая Арбузава дагэтуль ведаў як творчую асобу ў паэзіі (выступае на старонках «Дняпроўца»). А тут вядучая агучвае: прагучыць песня «Вечереет» у выкананні Мікалая. І што вы думаеце, сапраўднае майстэрства спевака кранула выключна ўсіх, каму выпала слухаць. Бо зала літаральна ўзарвалася апладысментамі.

Мікалай гэтак жа таленавіта выканаў і песню «Незабудка». Затым прачытаў уласны верш «Мечты».

«Брава», «біс!» – рэакцыя залы на чаруюча-прыемны голас Валянціны Кулеш і яе песню «Говори мне, говори». Яна ж звярнулася да гледачоў-расіян, якія прысутнічалі ў зале: «Спяваць буду для вас». То тыя, расейцы, адно і крычалі: «Біс!»

Статная, прывабная, з ганарлівым позіркам ды высокапрафесійным падыходам да выканання. Гэтак паказвала сябе вядучая канцэрта Зінаіда Майкова. Яе меладычная песня «Карусель» бы зачаравала гледачоў. У зале стала ціха-ціха, бо, мабыць, амаль кожнага захапілі ўспаміны пра свае першае каханне. Вось як яно, калі сапраўднае майстэрства!

Апошнім часам рэдка гучыць такі песенны жанр, як частушкі. А ў «Дняпроўскіх зорах» іх спяваюць і жанчыны, і мужчыны. Вось і выкананне частушак Мікалаем Арбузавым ды кіраўніком калектыву Віктарам Бандарэнкам атрымала высокую адзнаку прысутных у зале.

Ужо звыш 30 гадоў спявае Тамара Буланчыкава, маючы ў творчым патэнцыяле жартоўныя песні, лірычныя рамансы, творы з аперэт. На гэты раз песню «Минутка» яна выканала разам з В. Бандарэнкам. Ды яшчэ пад якія гучныя апладысменты!

Дзеля песні «Сирень» Тамара апранулася ў бэзавы колер ды столькі душэўнай дабрыні ўклала ў твор, што, як падалося, у зале быццам і запахла бэзам.

Шквал воплескаў выклікаў творчы дуэт Віктара Кірыленкі і В. Бандарэнкі. У руках першага – балалайка, у Віктара Паўлавіча – баян.
Яны ж стараліся над шырока вядомай ды любай кожнаму з нас «Цыганачкай».

Трэба зазначыць: Кірыленка – высокапрафесійны музыка, у свой час скончыў Гомельскае музычнае вучылішча імя Сакалоўскага якраз па класу струнных інструментаў.

Варвара Куляшова ўвагу слухачоў «прывязала» песняй «Нявестачка» пра цёплыя і паважлівыя ўзаемаадносіны свякрухі з нявесткай, якія любяць аднаго і таго ж чалавека: сына і мужа. «Я люблю свайго мілога, а ты сыночка свайго», – прызнаеццца нявестка.

Сама ж выканаўца песні кажа: калі б такіх твораў, як «Нявестачка», па радые і тэлебачанні гучала больш, то, напэўна ж, менш было б кпінаў пра паганыя адносіны між цешчай ды зяцем, нявесткай ды свякрухай.

…Доўга гучалі песні ў зале «Сонечнага берага». І кожная клалася на сэрца ўдзячным слухачам. То няхай жа так будзе і далей на гонар «Дняпроўскім зорам» і на радасць рэчычанам.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети