Общество > Персоналии

3773

Доўгажыхарка з Рэчыцы Ганна Шапавалава: "У мроях – родная старонка..."

 +

У доме па вуліцы 40 гадоў Кастрычніка мяне ўжо чакалі сама гаспадыня і яе дачка Лідзія Іванаўна. 100-гадовая гаспадыня

Ганна Аляксандраўна Шапавалава
Ганна Аляксандраўна Шапавалава

, накрытая цёплым пледам, сядзела на канапе. На маё прывітанне яна адразу адказала: «Добры дзень! Праходзьце! Дзякуй, што не забылі і праведалі мяне». Шчыра кажучы, мяне вельмі кранулі гэтыя словы, бо чамусьці ўзгадалася мая бабуля Антаніна Міхайлаўна, такая ж невысокая, сціплая, акуратная, ветлівая, тактоўная і лагодная. І ў нас адразу ўсталяваліся даверлівыя зносіны. За ўвесь час нашай размовы Ганна Аляксандраўна не дала сабе слабіну, а сядзела роўна трымаючы спіну, быццам за піяніна. Светлы, парэзаны глыбокімі маршчынамі твар, хударлявая постаць, вузлаватыя пальцы, натружаныя рукі… Цэлы век за плячыма гэтай бабулі! Цікава, які лёс напаткаў жанчыну? Якія наказы яна дае нашчадкам?

Нарадзілася Ганна 19 студзеня 1916 года ў вёсцы Чарняўскія Малынічы Чачэрскага раёна. Дзяўчынка была малодшай дачкой у сям’і Маланні і Аляксандра Кузняцовых, акрамя якой падрасталі яшчэ пяцёра дзяцей: тры дачкі і двое сыноў.

Бацькі былі сялянамі. Як кажуць, жылі з зямлі, якой было нямнога. Ганна памятае, што ў іх вёсцы жылі два памешчыкі, як іх раскулачвалі, як ствараліся калгасы. Аляксандр Кузняцоў падтрымліваў уладу Саветаў і быў адным з актывістаў арганізацыі калгасаў. Ён разумеў, што за гэтым будучыня. У ліку першых аддаў асабістую карову і іншую жывёлу ў калгас. А калі наладжвалі ферму для авечак, дык на сваім падворку зрабіў агароджу і ўтрымліваў іх некаторы час, даглядаў і адказваў за іх цалкам. Потым быў загадчыкам калгаснай атары авечак.

Бацька імкнуўся, каб дзеці не толькі асвойвалі грамату, але і вучыліся далей. Старэйшы брат Іван вучыўся добра, яшчэ да вайны скончыў ваеннае вучылішча і стаў кадравым ваенным. Забягаючы наперад, скажу, што ваяваў у дзеючай арміі ў Вялікую Айчынную, загінуў без вестак.

Ганна таксама да пачатку вайны скончыла сем класаў. І калі пачалі стварацца калгасы, узнікла патрэба арганізацыі дзіцячага сада: члены гаспадаркі працавалі, а не было з кім пакідаць сваіх малых. Дзяўчыну адправілі на дашкольныя курсы. Пасля вучобы яна вярнулася ў свой калгас, дзе на той час у асобнай хаце і абсталявалі ўстанову. Працавала яна выхавальніцай, загадчыцай калгаснага дзіцячага садка.

То быў складаны час станаўлення маладой савецкай дзяржавы. Асабліва прыгіналі селяніна шматлікія падаткі: зразумелыя і не зусім. Тады Ганна з сяброўкай падалася ў горад у пошуках лепшага жыцця.

Даваенны Гомель падабаўся дзяўчыне, і яна ўладкавалася на працу ў таварыства сляпых па догляду яго насельнікаў. Там жыла і працавала адна дзяўчына родам са Жлюбінскага раёна, у якой былі сур’ёзныя праблемы са зрокам. І вось аднойчы прыйшоў яе праведаць брат – малады і статны вайсковец, які толькі дэмабілізаваўся з арміі. Назаўтра ён зноў прыйшоў і знайшоў падставы для размовы з Ганнай. Дзяўчына вельмі саромелася такой увагі, але Іван усё часцей сустракаў яе пасля работы, праводзіў дадому. І ў 1940 годзе маладыя пажаніліся, а ў наступным – нарадзілася дачушка, якую назвалі Лідай. Аляксандр ляцеў дадому з работы, дзе яго чакала Ганна з дачушкай, браў на рукі малую, цешыўся. Здавалася, што яны – самая шчаслівая пара (!) на зямлі, хоць жылі на кватэры.

Але кароткім было іх шчасце. Грымнула вайна. У першыя ж дні вайны Аляксандр пайшоў у ваенкамат, і яго адправілі ў войска. Тады яны развіталіся, як аказалася, назаўсёды. Хутка вораг пачаў бамбіць Гомель, у выніку чаго былі разбураны многія будынкі, гарэла маёмасць, гінулі мірныя людзі. Ганна аказалася адна з малой на руках без родзічаў і ніякай дапамогі. Яна вырашыла вярнуцца ў вёску да бацькоў і родных. Цяжка, невыносна цяжка жылося на акупіраванай тэрыторыі, але бацькі падтрымлівалі і маральна, і матэрыяльна. Карнікі здзекваліся над мірным насельніцтвам. То ў адну хату, то ў другую сталі прыходзіць жалобныя звесткі аб тых, хто загінуў на фронце. Ганна малілася і спадзявалася, што яе мужа не напаткае варожая куля. Вось ужо і Беларусь вызвалілі, і дадому сталі прыходзіць параненыя, без нагі ці без рукі, а яго не было. Як скончылася вайна, Ганна пераканала бацьку, што ёй трэба ехаць у Гомель, можа, муж яе там шукае…

У разбураны абгарэлы Гомель яна ехала з вялікай надзеяй: а раптам сустрэну яго, можа, параненага? Купілі зямлянку блізка каля таго дома, дзе жылі Шапавалавы да вайны. Сама ўладкавалася на пошту, туды, куды прыходзілі ваенныя трохкутнікі, тэлеграмы, пахаванкі. Часта прабягала вачыма па пісьмах, шукаючы знаёмы почырк. Але спадзяванні Ганны былі марнымі. Ніякіх звестак. Так яна была ні жонка, ні ўдава.

У зямлянцы было сыра, холадна. Аднойчы бацька наведаў Ганну, не спадабаліся яму тыя ўмовы пражывання, і зноў ён настаяў, каб яна ехала з дзіцём у родную вёску – Чарняўскія Малынічы, маўляў, калі Іван вернецца, то знойдзе іх абавязкова.

Так яна стала сяльчанкай, працавала паляводам. Падрастала дачка. Яна была галоўнай каштоўнасцю Ганны Аляксандраўны і надзеяй. Ліда скончыла сярэднюю школу і паступіла ў кулінарнае вучылішча. Маладога спецыяліста-повара накіравалі ў Рэчыцу. Тут яна выйшла замуж. Лідзія Іванаўна працавала ў АРЗ «Беларус-нафта» поварам, загадчыцай вытворчасці, тэхнолагам.

Праз некаторы час Лідзія перабрала маці да сябе ў Рэчыцу. Тут Ганна Аляксандраўна ўжо 52 гады. Дапамагала дачцэ расціць дзяцей і сама працавала ў АП № 3 прыбіральшчыцай аўтобусаў. Да сваіх абавязкаў працалюбівая жанчына адносілася вельмі адказна.
Яе паважалі калегі па працы.

– Ці думалі пражыць 100 гадоў? – пытаюся.

– Не, мае дзеткі. Доля мая нялёгкая. Муж загінуў на фронце, а таму душа, як параненая птушка. Усе гады яго чакала, дарма. Было нават такое, што хлеба не было ў доме. Але жылі надзеяй, спадзяваліся, што хутка стане лягчэй. Многа працавалі.

– Якія шчаслівыя моманты ўспамінаюцца?

– Калі мы былі разам з мужам і маленькай дачушкай. А потым – радасць ад таго, як расла і вучылася дачка, здавала экзамены, працавала. Калі на свет з’явіліся мае ўнукі Святлана і Віктар. Дачакалася і праўнукаў. Гэта Ваня і Жэня, Саша і Максім. Ёсць і прапраўнукі Насця і Ванечка. Гэта мой род.

– У Вашым лёсе былі страты, нястачы, гора. З вышыні сваіх гадоў, што хацелі б сказаць маладому пакаленню?

– Беражыце здароўе – гэта галоўнае. На багацце я ніколі не зайздросціла. Спадзявалася толькі на асабісты зароблены рубель.

– А якая у вас мара?

– Хацела, каб усе «харашо» жылі, мірна.

(Дарэчы, Ганна Аляксандраўна вельмі бядуе з нагоды, што на Украіне вайна, і не можа ўявіць, хто з кім ваюе).

– На Вашу думку, у чым сакрэт даўгалецця?

– Ва ўсім меру трэба знаць, быць жыццялюбам і трымаць раўнавагу.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети