Общество > Персоналии

4079

Як перадавы механізатар зрабіўся мастаком

 +

Імя Віктара Грэся з Заспы ўжо некалькі разоў трапляла на старонкі «Дняпроўца», і яго фотаздымак нават упрыгожваў нашу першую паласу. Яно і нядзіўна: Віктар Міхайлавіч – адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі, неаднаразова займаў першыя месцы ў вытворчых спаборніцтвах і на жніве, і на сяўбе, уздымаўся на сцэны «Дажынак» і атрымліваў каштоўныя падарункі. Але не так даўно землякі адкрылі ў асобе вядомага перадавіка асаблівы талент. Дакладней, першым у сабе гэты талент адкрыў ён сам ды не стаў яго хаваць ад калег і аднавяскоўцаў.

Працавітасці не займаць

Увогуле ў філіяле «Советская Белоруссия» ААТ «Рэчыцкі КХП» за Віктарам Грэсем замацаваны магутны сучасны трактар Claas Xerion. Менавіта на гэтай энерганасычанай машыне ён і дасягае свае вытворчыя паказчыкі. За іх яшчэ ў 2008 годзе быў узнагаро-джаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі, а надалей ужо за ўдзел ва ўборачных кампаніях атрымліваў дыпломы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання розных ступеняў, а таксама каштоўныя падарункі на фестывалях «Дажынкі».

Сям’я Грэсяў пераехала ў  Заспу, калі Віця яшчэ хадзіў у пяты клас: Чарнобыльская хмара накрыла іх родную вёску Савічы на Брагіншчыне, і менавіта на дняпроўскае ўзбярэжжа накіравалі частку савіцкіх перасяленцаў. Але сёння ўжо Віктар уяўляе сябе сапраўдным заспенцам – тут выгадаваўся, скончыў школу. Пасля школы пачаў у мясцовым калгасе працаваць. А тады ў войска схадзіў, як кажуць, выканаў свой абавязак перад Радзімай. Хаця на карысць роднай краіны ён працуе ўсё сваё жыццё. І краіна, як тут ужо ўзгадвалася, дзякуе Віктару Грэсю за ягоны імпэт і плён ягонай працы. Ды й тое, што менавіта яму давяраюць найноўшую, складаную і, варта зазначыць, нятанную тэхніку, – таксама істотная рыса да партрэта механізатара. Яна гаворыць пра тое, што з тэхнікай ён умее ла-дзіць: яна яго слухаецца і працуе заўжды спраўна. А такая рыса – гэта яшчэ і ўласцівасць добрага гаспадара. У хаце, якая была некалі збудавана паводле тыпавога праекта для перасяленцаў, сёння паўсюль адчуваецца рука дбайнага гаспадара: Віктар Міхайлавіч і мэблю сам вырабляе. Практычна ўся «абстаноўка» – уласнаручнай вытворчасці. Як сам распавядае, купіў ён неабходныя прылады, а ўжо матэрыял – пліты, фурнітуру і фасады – набываў у крамах і майстраваў тое, што было патрэбна. На выхадзе – цалкам прафесійнага ўзроўню мэбля. На падворку – з густам аздобленыя гараж, лазня, альтанка. Нават свайго роду міні-спорткомплекс з турніка і баксёрскай грушы для сваіх сыноў, якія ўжо на самым парозе дарослага жыцця: Дзіму цяпер шаснаццаць гадоў, а Раману – чатырнаццаць. Абодва – сярод лепшых вучняў Заспенскай школы.

Менавіта тое, што Віктар Грэсь з тых, хто не ўмее сядзець без справы, і падштурхнула яго да новай, творчай старонкі ў яго разнастайным жыцці.

Каб сум-нуду разагнаць

– Здаецца, ужо і хата абстаўленая, і звонку, і знутры адрамантаваная, і лазні ды іншыя пабудовы ў двары да ладу даве-дзеныя. А чым яшчэ заняцца зімовымі вечарамі? – пытае нібы сам у сябе Віктар Міхайлавіч. – Ну ўвесну, улетку і па восені, пакуль капцы не прыкапаныя, зразумела, на канапах расседжвацца часу няма. А калі на двары снег, што рабіць, прыйшоўшы з працы? Вось і карцела мне нечым займацца. А я да таго дужа зайздросціў тым, у каго бачыў каваныя брамы: прыгожа яны выглядаюць. Вось іншым разам зайду ў кузню на калгасным мехдвары ды да нашага каваля Васі чапляюся: «А пакажы, як тое рабіць, а як гэтае».

Год таму захапіла яго гэтая справа. Вось нібы і незнарок пачаў Віктар Грэсь у вольны час у сябе ў майстэрні, пад якую прыстасаваў стары гараж, то гнуць пруты металічныя, ды так, каб прыгожа атрымлівалася, то выразаць з жалеза вінаграднае лісце. Прычым робіць ён гэта з халодным жалезам. Так і завецца тэхналогія – халоднае кавальства. Тут, канешне, не зробіш нечага задужа вытанчанага, але пры мастацкім падыходзе творы (так, менавіта творы, інакш тое, што атрымліваецца ў Віктара Міхайлавіча, не назавеш) насамрэч радуюць і вока, і душу.

Партатыўны зварачны апарат у гаспадарцы ўжо даўно быў. То паціху пачаў вырабляць нешта больш прыгожае з розных элементаў, якія рыхтаваў. Вось на тую ж лазню пачапіў «гаспадара» – павука ў ягоных уладаннях, праўда, металічных. Дапоўніў цікавым рыштункам альтаначку.

– А зварка мяне зацягнула. Я вырашыў быў спачатку проста пазабаўляцца. Пазнаходжу нейкія
старыя, не надта патрэбныя шрубікі, болцікі, гайкі, пазгінаю неяк цікава ды й гляджу – атрымліваюцца незвычайныя фігуркі. Пачаў іх неяк па-мастацку аздаб-ляць: лакам, фарбамі – сапраўды падарункавыя рэчы, як мне здаец-ца, выходзяць!

Як прызнаецца Віктар Міхайлавіч, ён гэтых невялічкіх фігурак ды розных кампазіцый вырабіў ужо каля сотні штук. Шмат чаго параздорваў. У хаце ўсяго некалькі
засталося. Яшчэ колькі на падыходзе: за вырабам аднае з іх мы і заспелі самадзейнага майстра, якога ўжо потым выцяглі ў хату хваліцца іншымі вырабамі.

– Кума ў мяне ў Гомелі на чыгунцы працуе – цягнікі перапыняе, ці што яна там робіць, то я для яе вось такую цікавую чыгуначніцу зрабіў, – кажа Віктар. – А ў канторы гаспадаркі ў нас адна дзяўчына працуе ў аддзеле кадраў, то яна, як не прыйдзеш, адразу бяжыць з загадам ды лямантуе: «Віця, распішыся ў прыказе». Мне ажно надакучыла ў тых прыказах распісвацца: колькі іх? То я іншы раз, як ішоў у кантору, зварыў для яе таксама такую цікавую фігурку, у рукі ўставіў кавалачак металу-«паперы», на якой акуратна вы-дзеўбаў надпіс «Прыказ». Прынёс, падарыў – адразу і ёй, і ўсёй канторы настрой узняў.

І насамрэч, я прыгадваю, што ў канторы філіяла «Советская Белоруссия» ў некалькіх кабінетах я бачыў вырабы дакладна Грэсевай вытворчасці. У тым ліку і тую «Кабету з прыказам». А яшчэ – гронкі вінаграду па-над паліцамі, падстаўкі пад асадкі з алоўкамі і кветкавыя вазоны. Там мне і распавялі, што ёсць у вёсцы гэткі талент.

«Як раблю? Фантазія і рукі адтуль, адкуль трэба!»

Акрамя калгасных чыноўніц, сваімі прышпільнымі чалавечкамі Віктар Грэсь адарыў вялікую сваю радню. Паціху бацькавым захапленнем пачаў цікавіцца і Дзіма – старэйшы сын. Ён спачатку спрабаваў гнуць вінаградную лазу, выразаць вінаградныя лісты і рабіць на іх жылінкі. Зацягвае!

У майстэрні Віктар Міхайлавіч паказвае некалькі нарыхтовак – тыя ж лісты вінаграду, нейкія цікава загнутыя вензелі, з якіх у будучыні мусіць атрымацца нейкі прыгожы элемент на агароджу ці браму.

– А адкуль ідэі – тут жа сапраўды нейкае мастацкае бачанне? – пытаю я ў майстра.

– Ну, бывае, недзе падгледжу ў інтэрнэце. Тады сам пакумекаю, памалюю нешта ды й пачынаю майстраваць – гну жалеза. Калі рукі адтуль, адкуль яны павінны расці, то ў самім працэсе вырабу
нічога складанага я не бачу. А фантазія, чым далей у справу – то толькі болей разыходзіцца! Ды й самому прыемна!

*  *  *

Сапраўды, мы прызвычаіліся бачыць нашых вяскоўцаў у трактары, у камбайне ці на ферме. Яно і правільна – гэта іх асноўны занятак. Але ж не адзіны. Калі мы і пішам нешта пра вясковае мастацтва – то пра тканыя бабулькамі рушнікі альбо плеценыя кошыкі ды саламяныя брылі. Справы таксама карысныя, тым больш што з’яўляюцца захаваннем спрадвечных нацыянальных заняткаў. Але ж як можам пераканацца, нават сярод, здавалася б, людзей зусім не рамантычнай і немастацкай прафесіі трактарыста, ёсць тыя, хто глядзіць на свет творча. Прычым творчасць гэтая прывабная, сучасная, амаль авангардная. А калі чалавек у душы творчы, то і на працы ён творча падыходзіць да сваіх абавязкаў. І менавіта на такіх асобах і трымаецца наша беларуская вёска, і ведаючы, што такія людзі тут жывуць, верыцца ў тое, што і вёска нашая будзе жыць і развівацца!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети