Общество > Персоналии

2914

Стараннасць і адказнасць адрозніваюць адну з лепшых работніц малочна-таварнай фермы “Андрэеўка” Валянціну Кацельнікаву

 +

Стараннасць і адказнасць. Менавіта такія якасці адрозніваюць адну з лепшых работніц малочна-таварнай фермы “Андрэеўка” Валянціну Кацельнікаву.

Ферма з Андрэеўкі паказвае найбольш высокія вынікі сярод аналагічных жывёлагадоўчых прадпрыемстваў КСУП “Дзяржынскі-агра”, нават нягледзячы на агульны спад сёлетняй малочнай вытворчасці па гаспадарцы. Як паведаміла выканаўца абавязкаў загадчыка фермы Антаніна Арцюшэнка, яна ж з’яўляецца і ветурачом, і асемянатарам, тут зараз утрымліваецца 470 галоў агульнага пагалоўя, з іх толькі 182 галавы складае дойны статак. Таварнасць малака, атрыманага на ферме, 94%. Пры гэтым з чатырох пастаянных аператараў машыннага даення, што працуюць на ферме, у Валянціны
Кацельнікавай самы высокі паказчык удою на адну карову – 17,1 кілаграма.

Працуе ў гаспадарцы Валянціна Анатольеўна шэсть гадоў. Менавіта ў 2010 годзе яе сям’я прыехала ў Ровенскую Слабаду з Казахстана, дзе недалёка ад сталіцы краіны Астаны, у пасёлку Пятроўка, доўгія гады да развалу Савецкага Саюзу і казахскай сельскагаспадарчай сістэмы таксама шчыравала ў тамтэйшым калгасе: апошнім часам была закупшчыкам малака і лабарантам. Калі ж калгасная сістэма абрынулася, паміж былымі калгаснікамі падзялілі зямельныя паі, і Кацельнікавы больш увагі сталі надаваць уласнай гаспадарцы – адных толькі кароў на падворку трымалі па шэсць, а часам і па сем. З таго і жылі. Муж Аляксандр за савецкім часам працаваў механізатарам, а ў апошнія гады перад пераездам у Беларусь падпрацоўваў механікам у прыватнай фірме, якая арэндавала паі калгаснікаў і займалася дробнай сельгасвытворчасцю. Валянціна ж у асноўным –
на сям’і і сваёй гаспадарцы. За імклівым бегам часу неўзабаве падгадаваліся дачушкі, настаў час ім паступаць вучыцца. Сям’я рускамоўных нашчадкаў колішніх першапраходцаў казахстанскай цаліны адчувала цяжкасці з вучобай на казахскай мове. А пабыўшы ў гасцях у пляменніцы, якая менавіта і жыве ў Беларусі ў Ровенскай Слабадзе, рашыліся на пераезд. У 2010 годзе адбыўся гэты значны паварот у лёсе Кацельнікавых. Але аб ім, паводле прызнання Валянціны Анатольеўны, ніхто ў сям’і не шкадуе. Беларуская зямля паводле сваёй спрадвечнай гасціннасці прыняла дбайных і працавітых людзей шчыра. Жывуць у Ровенскай Слабадзе ў доміку, які выдаткавала сям’і сельгаспрадпрыемства. Аляксандр працуе механізатарам на магутным трактары К-700, а ў жніўную пару штогод сядае за штурвал камбайна. Старэйшая дачка Ксенія, атрымаўшы прафесію прадаўца, працуе ў адным з рэчыцкіх універсамаў, а малодшая Інэса навучаецца ў Мазырскім педуніверсітэце. У хлеўчыках на падворку Кацельнікавы ўтрымліваюць двух свіней і курэй – патрэбы ўжо не такія, як некалі.

А на працы ў Валянціны Анатольеўны група
кароў, якіх яна пасля ацёлу і раздойвае і потым, як кажуць, вядзе пажыцці. Як сцвярджае кіраўніцтва гаспадаркі, даярку Кацельнікаву адрознівае асаблівая адказнасць за даручаную працу: заўжды пацікавіцца, які сілас прывезлі на ферму, ці ўдосталь камбікорму – ведае, што калі ўсё якаснае і ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі, то і малако будзе добрае.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети