Общество > Персоналии

3226

Аксакал з Казазаеўкі, што пад Рэчыцай, – Іван Крывапуст

 +

У прыгарадных вёсках, што прасціраюцца, злучыўшыся адна з адной, ад паўднёвага ўскрайку Рэчыцы паўз бераг Дняпра на добрыя паўтара дзясяткі кіламетраў, гэтага чалавека ведаюць добра і даўно. Вядомы ён і многім ва ўсім раёне. Чалавек, якому вёска Броннае абавязаная з’яўленнем сучаснай школы, і сёння не можа сядзець без справы, а імкнецца быць карысным сваім аднавяскоўцам.

Нездарма ў каўказскіх і ўсходніх краінах найбольш паважаныя людзі – гэта аксакалы, тыя, хто пражыўшы шмат гадоў і пабачыўшы на сваім вяку самыя розныя сітуацыі, набыў жыццёвага досведу, мудрасці і здольны перадаць усё гэта новаму пакаленню, якое ідзе на змену. Мяркую, многія пагодзяцца, што з такімі людзьмі трэба раіцца і нам. А калі яны яшчэ і дзейна імкнуцца ўдзельнічаць у сучасным жыцці, то вартыя самай найвялікшай павагі.

Такі ж мудры і вопытны чалавек жыве і ў адной з вёсак Жмураўскага сельскага Савета. Гэта Іван Іванавіч Крывапуст. Ён больш за два дзясяткі гадоў як пенсіянер. Але вось ужо год з лішкам на грамадскіх пачатках з’яўляецца памочнікам старшыні сельвыканкама ў вёсцы Казазаеўка, дзе і жыве. І, варта адзначыць, што памочнік ён дастаткова дзейны, які не дае спакою ні кіраўнікам, што маюць дачыненне да вырашэння праблем вёскі, ні нядбайным мясцовым жыхарам. Але пра ўсё па чарзе.

Родам Іван Іванавіч з Гродзеншчыны, з Карэліцкага раёна. Там калісьці пачынаў працаваць у сферы адукацыі, скончыўшы Гродзенскі педынстытут. Працаваў спачатку настаўнікам фізікі і матэматыкі, потым інспектарам райаддзела адукацыі, дырэктарам школы. Спачатку ў Карэліцкім раёне, а потым у Навагрудскім. На Навагрудчыне, дзякуючы сваім арганізацыйным здольнасцям, быў заўважаны кіраўніцтвам раёна і прызначаны начальнікам раённага аддзела народнай адукацыі. Але асабіста-сямейныя акалічнасці склаліся такім чынам, што энергічны арганізатар адукацыйнага працэсу мусіў пераехаць на радзіму жонкі – у Рэчыцкі раён, у прыгарадную вёску Казазаеўка. Тут давялося ўсё пачынаць ад пачатку. Зноў пачаў працаваць настаўнікам фізікі і матэматыкі яшчэ ў старой школе ў Бронным. А калі былы дырэктар сыходзіў на заслужаны адпачынак, то каго ж, як не Івана Крывапуста, маглі прызначыць кіраўніком адукацыйнай установы, улічваючы яго няўрымслівасць і энергію!? Тым больш што меркавалася распачынаць вялікую задуму – будаўніцтва ў Бронным новай школы. Яе, гэтую задуму, і ажыццявіў герой нашай публікацыі. Прычым ажыццявіў па-гаспадарску – на той момант Бронненская школа была адной з лепшых у раёне. Лічылася паказальнай па працоўным навучанні. Досвед бронненскіх педагогаў і кіраўніцтва ўстановы рабіўся прадметам пераймання для многіх іншых школ раёна.

Але час няўмольны. Надышла пара і Івану Крывапусту ісці на заслужаны адпачынак. Праўда, у законныя 60 гадоў яго не адпусцілі – папрасілі папрацаваць яшчэ крыху. Толькі калі энергічнаму арганізатару адукацыі споўнілася 62 гады, ён перастаў хадзіць на працу. Але ж склаўшы рукі ніколі не сядзеў. Нават «Дняпровец» ведае на сваіх старонках глыбокія думкі Івана Іванавіча, якія ён выкладаў у сваіх допісах у нашую рэдакцыю, што шматкроць выходзілі на старонках газеты.

А не так даўно да яго звярнуўся выканаўца абавязкаў старшыні Жмураўскага сельсавета Мікалай Найдзен – прапанаваў неабыякаваму чалавеку, які да таго ж мае значны жыццёвы досвед і зайздросны талент арганізатара, пайсці ў памочнікі мясцовай улады. Ужо год, як Іван Крывапуст афіцыйна лічыцца памочнікам старшыні сельскага Савета ў вёсцы Казазаеўка. На гэтай ніве ён з ахвотаю і выгадаваным дзесяцігоддзямі адказнай працы імпэтам бярэцца дапамагаць вырашаць людскія праблемы. Найчасцей намаганні даюць свой плён.

Напрыклад, дапамог давесці да ладу функцыянаванне вулічнага асвятлення на адной з вясковых вуліц, дзе ліхтары з зайздроснай перыядычнасцю пераставалі гарэць. Яшчэ адну з вуліц крыху падрамантавалі, засыпаўшы лужыны і яміны. Для таго каб гэтага дамагчыся, Іван Іванавіч не саромеецца наведацца і да кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія абавязаныя вырашаць тую ці іншую праблему альбо проста могуць дапамагчы і паспрыяць яе вырашэнню.

Часам даводзіцца працаваць і з аднавяскоўцамі. Адзін з іх паскардзіўся Івану Крывапусту на тое, што няма зладу з суседам, ад якога пустазелле распаўзаецца па ўсім агародзе. Аўтарытэт сівых скроняў мясцовага старэйшыны аказаўся плённым. Галоўнае, каб нядбайца падтрымліваў уласны падворак у належным стане і надалей.

Акрамя абавязкаў памочніка старшыні сельсавета Іван Крывапуст мае і яшчэ адну неафіцыйную і неаплочваемую «пасаду». Ён лічыцца старшынёй савета ветэранаў мясцовай тэрытарыяльнай адзінкі. Усе людзі сталага веку ў вёсках Прыгарадная, Казазаеўка, Кірава, Жмураўка, Броннае, Іванаўка і Воўчая Гара – гэта цяпер і яго клопат. Не так даўно разам з кіраўніцтвам сельвыканкама арганізавалі свята для ветэранаў. Нават святара праваслаўнага запрасілі. Вельмі душэўнае атрымалася мерапрыемства.

Падтрымлівае мясцовы аксакал і сувязі з кіраўніцтвам КСУП «Саўгас Выток», ААТ «Рэчыцаагратэхсервіс», Рэчыцкім доследным лясгасам. Прадпрыемствы чым могуць, тым дапамагаюць. З падтрымкаю некалькіх прадпрыемстваў, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, удалося набыць салодкія падарункі для дзетак дзіцячага садка ў вёсках Прыгарадная і Броннае да зімовых святаў. А для лясгаса сам Іван Іванавіч вырабіў прыгожыя малыя архітэктурныя формы з лазы. Дарэчы, лозапляценне – гэта такое своеасаблівае хобі ветэрана. Кашалі ды куфары з лазы –
рэч у гаспадарцы незаменная. А цяпер, увесну, ён не праміне паўдзельнічаць у аздабленні роднай зямлі новымі зялёнымі насаджэннямі – сам азваўся далучыцца да акцыі “Тыдзень лесу”, што праводзілася ва ўсёй краіне.
Імпэт Івана Іванавіча на грамадскай пасадзе заўважылі і раённыя ўлады. Колькі месяцаў таму ён быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. Такім чынам была аддячана яго ініцыятыўнасць, асабісты ўнёсак у вырашэнне праблемаў жыццядзейнасці насельніцтва і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці сельсавета.

Не забываюцца пра свайго ранейшага дырэктара і ў Бронненскай сярэдняй школе: тут ён часты госць, удзельнічае ў выхаваўчых мерапрыемствах, перадае багаты жыццёвы досвед новым пакаленням. І яно ж нездарма: Іван Крывапуст – гэта сапраўдны Настаўнік. І паводле сваёй прафесіі, і паводле свайго паклікання. Галоўнае, каб сучасная моладзь разумела ўсю неабходнасць пераемнасці пакаленняў ды ўспрымала тыя ісціны, якія здольны перадаць няўрымслівы чалавек з пабелянымі сівізной скронямі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети