Общество > Персоналии

1136

Ветэраны Речыцкага раёна. Заўсёды ў страі Петр Гапоненка

 +

Сёння жывём шчасліва, спакойна. А вось 78 год таму мірнае жыццё людзей было парушана. Слёзы, боль, разбурэнні абрынуліся на нашу краіну. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Шмат выпрабаванняў зведаў наш народ, але выстаяў, не скарыўся ворагу. Жыццё не стаіць на месцы, ўжо 74 гады мірнага жыцця.

Я, мае дзеці і ўнукі ведаем пра вайну з гісторыі, фільмаў, а таксама з успамінаў ветэранаў, якіх засталося зусім мала. У Жмураўскім сельсавеце Пётр Сцяпанавіч Гапоненка, жыхар в. Броннае, – адзіны жывы сведка тых ваенных падзей. Яму ў ліпені споўніцца 93 гады.

Я іду на сустрэчу з ім, ветэранам вайны, чалавекам, які на свае вочы яшчэ падлеткам пабачыў увесь цяжар ваеннага ліхалецця. На парозе хаты мяне сустрэла яго дачка Людміла Пятроўна. Голасна прамовіла: «Татка, да цябе прыйшлі!» Пётр Сцяпанавіч выйшаў са свайго пакоя з дапамогай мыліц. Здароўе стала падводзіць.

Жыццёвы шлях ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара в. Броннае, тыповы для многіх ветэранаў. Станаўленне і фарміраванне яго пакалення праходзіла разам са стварэннем новага жыцця ў нашай краіне.

Нарадзіўся Пётр Сцяпанавіч 17 ліпеня 1926 г. у невялікай вёсачцы Красназем’е Заспенскага сельсавета ў сялянскай сям’і. Яго дзяцінства і юнацтва складвалася нялёгка. Галадалі, апраналіся ў даматканае адзенне. Скончыў чатыры класы. Змалку бацькі прывучалі да сялянскай працы. Бацька лічыў, што без працы нічога не будзе ў хаце. Усе дзеці ведалі галоўную рысу характару свайго бацькі: ён не пераносіў хлусні і баязлівасці. Вышэй за ўсё ставіў сумленне, мужнасць, упартасць. Гэтыя рысы ўнаследаваў і Пётр. Ён быў вельмі дапытлівым, мэтанакіраваным, працалюбівым. Падлеткам ён умеў рабіць шмат што: пахаць, касіць, малаціць, кіраваць коньмі, цікавіўся тэхнікай.

Юнак марыў пра многае, але ўсё перакрэсліла вайна. Вёску занялі немцы. Стараста назначыў яго на адпраўку ў Германію. Але хлопцу ўдалося ўцячы. У другі раз павінна была адпраўляцца сястра. Пётр замяніў яе. Уцёк пры адыходзе цягніка. Перад адступленнем немцаў маці накіравала хлопчыка ў Сямёнаўку з худобай, каб захаваць яе. У гэтай вёсцы знаходзіўся партызанскі атрад, якім кіравалі Аляксей Сініла і Уладзімір Гапоненка, жыхары в. Сямёнаўка. Пятро ездзіў з імі на заданні, закладвалі міны, зматвалі кабель нямецкай сувязі. За гэтыя дзеянні немцы сталі рыхтаваць карны атрад, каб знішчыць, спаліць вёску разам з жыхарамі. Партызаны даведаліся пра гэта і перавезлі партызанскія сем’і, жыхароў у глыб лесу. Ён іх ахоўваў. Вёска была спалена.

Праз некаторы час людзі зноў вярнуліся на свае месца жыхарства, а Пётр вырашыў праведаць родных. Але раніцай немцы ўварваліся ў хату і забралі яго і малодшага брата. Усіх мужчын з суседніх вёсак сагналі ў Заспенскую царкву. Ноччу перагналі ў Рэчыцу на вяровачную фабрыку, а раніцай старых і малых пагналі пехатой. Моладзь пагрузілі на машыны і павезлі на Калінкавічы. Там суткі былі на нарыхтоўцы лесу для адпраўкі ў Германію. Ахоўнік – уласавец, паведаміў, што іх вязуць у Асвенцым, каб спаліць, і падказаў Пятру падабраць групу хлопцаў, а затым паказаў шлях уцёкаў. Уначы немцы прыгналі мірнае насельніцтва з коньмі, каровамі. Старыя зрабілі нейкі будан, але ён абваліўся прама на людзей. У гэты час Пётр разам з таварышамі ўцяклі. Дзесяць дзён дабіраліся дамоў. Усе казалі, што ён нарадзіўся ў сарочцы. Тройчы ўцякаў. Да вызвалення мясцовасці заставалася 10 дзён. Хлопец хаваўся ў мяшку з рэчамі.

Пасля вызвалення Рэчыцкага раёна яго прызвалі на курсы ў Заспу, а затым накіравалі на фронт. Пасля зняцця блакады Ленінграда іх, як маладых, паставілі на абарону горада ў складзе 128-й асобнай зенітна-артылерыйскай брыгады. Быў намеснікам камандзіра наводчыка. Стараслужачыя пайшлі на Берлін. Да заканчэння вайны
П. С. Гапоненка знаходзіўся на абароне Ленінграда.

У 1950 годзе дэмабілізаваўся і працаваў у калгасе. У 1952 годзе сустрэў сваю каханую Кацюшу, стварылі сям’ю. Дзесяць год сям’я жыла ў горадзе, дзе працягваў свой працоўны шлях на мэблевай фабрыцы. Быў перадавіком сацспаборніцтваў. Але зямля клікала да сябе. У 1962 годзе сям’я П. С. Гапоненкі пераязджае ў Броннае, бо родная вёска стала неперспектыўнай. У калгасе «40 лет Октября» стаў працаваць механізатарам. Тут ён уступіў у партыю, пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, якую паспяхова скончыў.

Кіраўніцтва калгаса прыкмеціла працалюбівага, адказнага, закаханага ў зямлю працаўніка і паслала яго вучыцца на агранома-механізатара. Пасля вучобы Пётр працаваў на розных пасадах, але заўсёды быў самым лепшым. У 1966 годзе атрымаў медаль «За трудовую доблесть», пазней – медаль «Ветеран труда».

Пасля ўхода на пенсію П. С. Гапоненка яшчэ доўга працаваў у калгасе. Па свайму характару мой суразмоўца вясёлы, жыццярадасны чалавек, іграў на гармоніку, спяваў. У 1988 г. разам са сваёй жонкай Кацярынай Аляксееўнай сталі ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання «Бібліятэчныя вячоркі», створанага пры Бронненскай сельскай бібліятэцы. Ён быў першым музыкантам у калектыве. Яго рукамі зроблены многія музыкальныя інструменты, якімі і зараз карыстаюцца ўдзельнікі. Змайстраваў лаўкі, калаўрот дзеля сялянскага кутка ў бібліятэцы. Таксама ўдзельнічаў у хоры ветэранаў вайны і працы, створаным пры Рэчыцкім гарадскім дварцы культуры. Прымаў удзел у парадзе ветэранаў вайны ў Мінску. Пастаянна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі Жмураўскага сельсавета.

Сустракаючыся з моладдзю, школьнікамі Бронненскай СШ, Пётр Сцяпанавіч звяртаецца да іх з такімі словамі: «Беражыце сваю краіну, сінявокую Беларусь, свабода і незалежнасць якой дасталася нам вельмі дарагой цаной. Павялічвайце яе прыгажосць, умацоўвайце яе магутнасць і абарону». А мне пры сустрэчы перадаў наказ маладым: «Жывіце ў міры, без вайны!»

Дачка Людміла расказала пра ўзнагароды. Ёсць у Пятра Сяпанавіча медаль «За абарону Ленінграда», медаль Жукава. Усяго восемь медалёў. Ёсць ордэн Айчыннай вайны другой ступені, знак «Ветэран вайны». Ёсць падзякі і віншаванні ад Прэзідэнта нашай краіны
А. Р. Лукашэнкі, ад Урада Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і інш. Адзначаны ён і ганаровай граматай Рэчыцкага ГДК. З Ленінграда выязджала дэлегацыя з віншаваннямі і падарункамі. Пётр Сцяпанавіч кажа: «Я шчаслівы, што перажыў вайну, што я жыву. Вырасціў сына Святаслава, дзвюх дачок – Валянціну і Людмілу, маю 6 унукаў, 9 праўнукаў».

Хачу прывесці радкі з верша «Седина», які некалі ветэран запісаў у сваіх успамінах:

На висках – седина,

за окном – тишина,

Пусть она никогда не взорвётся.

Пусть цветёт, расцветает

родная страна,

Та, что Родиной нашей зовётся.

Так выказвае сваю любоў да жыцця, Радзімы наш паважаны ветэран, які жыве на вуліцы Міра ў в. Броннае. Ён лічыць: «Не! Нам рана адыходзіць на спачын. Пакуль б’ецца сэрца, мы застаёмся ў страі, каб перадаць баявы і працоўны вопыт моладзі».

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети