Общество > Персоналии

2746

Юбіляры Рэчыцкага раёна. Цікаўнасць і творчы запал Галіны Траццяковай

 +

Жмураўскай сярэдняй школы даўно няма, а калектыў яе жыве. Хтосьці працуе ў другіх школах, а нехта ўжо на заслужаным адпачынку. Аднак адбываюцца сустрэчы, тэлефануюць адзін аднаму, падтрымліваюць у цяжкія хвіліны, радуюцца поспехам кожнага.

Жыццё імкліва ляціць, бы той восеньскі вецер. І не спыніць яго. У маёй былой калегі свята – яна сустрэла свой 70-гадовы юбілей. Знаёмцеся: Галіна Уладзіміраўна Траццякова, настаўніца хіміі былой Жмураўскай сярэдняй школы. Яе жыццяпіс – своеасаблівая кніга, якую чытаеш і не перачытаеш. Усё здаецца цікавым. Давайце пагартаем старонкі яе жыцця.

Нарадзілася Галіна Уладзіміраўна ў горадзе Камянец, што на Брэстчыне, у шматдзетнай сям’і. Скончыла сярэднюю школу з сярэбраным медалём. Хацелася вучыцца далей. Маці Наталля Варфаламееўна параіла дачцэ паступаць у Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Бліжэй да роднай хаты. Часцей дапаможа, бо бацькі ўжо не стала. Дзяўчына выбрала хіміка-біялагічны факультэт. Хімія сутыкаецца з рознымі навукамі. Таму выбар быў зроблены. Вучоба пашырала яе кругагляд. Галіна прымала ўдзел у навуковых студэнцкіх распрацоўках. Мела поспех. Два гады ўдзельнічала ў працах студэнцкага атрада. Маці было прыемна чуць пра поспехі дачкі.

Пасля заканчэння інстытута Галіну накіроўваюць працаваць настаўніцай у вёску Сямёнаўку Рэчыцкага раёна. Лёс так распарадзіўся, што там сустрэлася са сваім суджаным Валодзем, і на ўсё жыццё. Праз колькі год пераехалі ў Рэчыцу. Восем гадоў працавала ў Рэчыцкім прафесійным аграрна-тэхнічным ліцэі. Успаміны пра калектыў засталіся самыя лепшыя. У 1987 г. Галіна Траццякова прыйшла ў Жмураўскую СШ з ужо вялікім багажом вопыту.

Намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Л. І. Анохіна ўспамінае: «Вельмі прыемна было сустрэць маладую сімпатычную настаўніцу высокага прафесіяналізму і вялікай праца-здольнасці. Яе ўрокам была прысутна лагічнасць пабудовы, дакладнасць выкладання новага матэрыялу, прадуманасць замацавання тэмы. Знаходзілася месца і для інтэлектуальных гульняў, віктарын, красвордаў. Пад яе кіраўніцтвам вучні праводзілі навуковыя доследы. Галіна Уладзіміраўна вывучала перадавы педагагічны вопыт настаўнікаў-наватараў Шаталава, Ільіна і інш. і прымяняла на практыцы іх ідэі. Кіравала метадычным аб’яднаннем, шчодра дзялілася вопытам з маладымі калегамі раёна, давала адкрытыя ўрокі. Яе вучні станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых алімпіяд. Была і выдатным класным кіраўніком. Да кожнага выхаванца знаходзіла свой ключык. Бацькі і дзеці яе паважалі. Невыпадкова Галіне Уладзіміраўне Траццяковай была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, адзначана граматай абласнога аддзела адукацыі. Увесь яе педагагічны стаж складае 37 гадоў».

Валянціна Нікалайчык, былая вучаніца, а пазней і калега, дадае: «Пра нашу Галіну Уладзіміраўну можна гаварыць бясконца ў пазітыўным плане. На яе ўроках мы ніколі не сумавалі. На некаторы час станавіліся сапраўднымі чараўнікамі. Яна педагог і хімік ад Бога. Я да сённяшняга дня добра ведаю хімію. А на ўроках працы навучылася вязаць кручком і спіцамі. Гэта мудрая, сур’ёзная, усмешлівая жанчына з вялікім і добрым сэрцам. Я ёй вельмі ўдзячна».

Словы захаплення гэтай настаўніцай можна пачуць з вуснаў кожнага, хто ведае яе. Тамара Віктараўна Маршкова, калега, жадае:

На даче вырастить цветы Необычайной красоты.
Почаще в Турцию кататься
И лет до ста Вам оставаться
Такой же стройной,
как и в двадцать!

На маё пытанне, што ў яе жыцці было самым галоўным, Галіна Уладзіміраўна адказала шчыра: «Імкнулася рабіць усё магчымае, каб мае вучні станавіліся адукаванымі людзьмі і былі патрэбны сваёй краіне».

Для маёй паважанай калегі жыццё не стаіць на месцы. Радуюць
сваімі поспехамі дзеці, унукі, якіх у яе чацвёра. Усе яны вучацца ў вышэйшых навучальных установах. У вольны час Галіна Траццякова імкнецца рабіць вандроўкі па знакамітых месцах нашай краіны і па-за яе межамі. Цікаўнасць і творчы запал гараць у сэрцы нашай калегі.

Са святам Вас, Галіна Уладзіміраўна! Заставайцеся заўсёды такой жа бадзёрай і энергічнай! Моцнага здароўя і радасці кожны дзень! Мы побач з
Вамі!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity