Спорт > Силовые виды

5055

У Рэчыцы прайшло першынство ў армрэслінгу з удзелам спартоўцаў Мінска, Гомеля, Мазыра, Веткі і грамадзян Туркменістана

 +

У мінулыя выходныя спорткомплекс “Надзея”, што ў Новарэчыцкім мікрараёне, стаў месцам правядзення Адкрытага першынства дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 1 Рэчыцкага раёна ў армрэслінгу. Удзел у ім узялі спартоўцы з Рэчыцы, Мазыра, Веткі, а таксама выхаванцы ДЮСШ Гомельскага вагона-будаўнічага завода і студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ды ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з Мінска ды гомельскіх дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны, тэхнічнага ўніверсітэта імя П. Сухога і гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. У складзе каманды апошняга, дарэчы, у першынстве ўдзельнічалі і грамадзяне Рэспублікі Туркменістан, якія вучацца ва ўніверсітэце.

Каб паскорыць хаду спаборніцтваў, двубоі адбываліся на трох сталах, дзе адначасна змагаліся барацьбіты на руках у розных вагавых катэгорыях. Пры гэтым жарсці і сярод саміх спартоўцаў, і сярод заўзятараў віравалі не жартоўныя.

Варта адзначыць, што рэчыцкія спартоўцы здолелелі паказаць свой высокі ўзровень і трапіць у лік пераможцаў і прызёраў ва ўсіх вагавых катэгорыях.

У абсалютным заліку другое месца заняў рэчычанін Дзмітрый Качэня, саступіўшы ў вырашальным двубоі гамяльцу – чэмпіёну Еўропы 2008 года, бронзаваму прызёру Чэмпіяната свету 2007 года Дзмітрыю Рабцаву.

Сярод мужчынаў у вагавай катэгорыі больш за 95 кг бронзавым прызёрам першынства стаў Леанід Валошын, а ў катэгорыі 95 кг срэбра заваяваў Аляксандр Мельнікаў. Набраўшы аднолькавую колькасць балаў, паводле ўласнае вагі апынуўся на другой прыступцы п’едэсталу гонару Дзмітрый Качэня, прапусціўшы наперад мазырца Івага Вярэніча ў вазе 80 кг. Першае месца з вагавай катэгорыі 73 кг заняў Арцём Нікіценка, а сярод барацьбітоў вагою 65 кг трэцім стаў Мікалай Стась.

Юнацкі залік сярод спартоўцаў 1997 года нараджэння і маладзейшых стаў самым шматлюдным. І тут выхаванцы рэчыцкай школы апынуліся на вышыні. Сярод цяжкавагавікоў +80 кг першым стаў Леанід Валошын. Першае ж месца ў вагавай катэгорыі 80 кг заваяваў Дзмітрый Дорахаў. Трэцяя прыступка тут таксама скарылася рэчычаніну Уладу Бубенюку. У катэгорыі 75 кг першае месца – у навучэнца прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Дзмітрыя Караленкі. Другім сярод спартоўцаў вагой 70 кг стаў Іван Фомчанка, а трэцім – Улад Брэль з таго ж ДПАТЛ. Увогуле адукацыйная ўстанова з Азершчыны была прадстаўлена на п’едэстале гонару вельмі шырока: першае месца ў вагавай катэгорыі 65 кг – таксама ў яе навучэнца Яўгена Літошкі, а другое – яшчэ ў аднаго ліцэіста-аграрыя Максіма Арцем’ева. “ДПАТЛавец” жа Аляксандр Арэф’еў стаў лепшым сярод спартоўцаў вагою 60 кг. На другой і трэцяй прыступках п’едэсталу ў гэтай катэгорыі апынуліся вучні СШ № 7 адпаведна Уладзімір Помазаў і Арцём Ліплянскі. У адваротным парадку, калі пазіраць з гледзішча месца навучання, размеркаваліся месцы ў вагавай катэгорыі 55 кг: тут першая і другая прыступкі скарыліся вучням сёмай школы адпаведна Аляксею Смолічу і Мікіту Кіршанаву, а на трэцюю ўзняўся навучэнец ДПАТЛ Віталь Брэль. У вагавай катэгорыі 50 кг вучні СШ № 7 Арцём Самсонаў і Ян Верабей занялі адпаведна першае і трэцяе месцы.

Сярод дзяўчат у вагавай катэгорыі 60 кг першаю стала выпускніца СШ № 11 Вікторыя Ісакава, а сярод спартовак вагою 55 кг на другой прыступцы п’едэсталу апынулася выпускніца тае ж школы Карына Максіменка. Дзявочая катэгорыя 50 кг – суцэльна рэчыцкая: першае месца – у Наталлі Лапко, якая вучыцца ў аграрным каледжы, другое – у Надзеі Белай з СШ № 2, трэцяе – у вучаніцы раённай гімназіі Аліны Паднясенскай.

Рэчыцкую каманду да спаборніцтваў рыхтаваў адзін з найвядомейшых трэнераў Беларусі Анатоль Стрыжак. Ён жа быў галоўным суддзёй першынства, таксама двубоі судзілі майстры спорту Аляксандр Стрыжак з Рэчыцы, Аляксей Еўдакімаў і Марыя Войткун з Гомеля, медычнае абслугоўванне забяспечваў Вадзім Печко.

Пасля заканчэння спаборніцтваў ад спорткомплексу да аўтобуснага прыпынку “Завод “Рытм” цягнулася вялікая чарада хлопцаў і дзяўчат, вочы якіх, нягледзячы на дажджлівае надвор’е і нізкае хмурнае неба, блішчэлі радасцю перамог і спартовым запалам на тое, каб дамагчыся надалей яшчэ лепшых вынікаў. Гэтага ім і жадайма!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети