Спорт > Силовые виды

4547

Другі адкрыты турнір па цяжкой атлетыцы памяці Юрыя Садоўнікава прайшоў у Рэчыцы

 +

У спаборніцтвах, якія праходзілі 15–16 студзеня, узялі ўдзел больш за 120 спартоўцаў розных узростаў з Рэчыцы, Гомеля, Мазыра, Калінкавічаў, Хойнікаў, а таксама пасёлка Касцюкоўка, што пад Гомелем. 

Цяпер у Рэчыцы праводзяцца два турніры па цяжкой атлетыцы – у маі наш горад збірае аматараў цяжкога жалеза на традыцыйны турнір “Юность”, а зімовыя месяцы сталі часам правядзення турніру памяці вядомага рэчыцкага трэнера Юрыя Садоўнікава, які з-за наўмольнай хваробы заўчасна пайшоў з жыцця ў лістападзе 2014 года. Юрый Фёдаравіч працаваў трэнерам-выкладчыкам аддзялення цяжкой атлетыкі Рэчыцкай ДЮСШ № 1 ад самага адкрыцця аддзялення гэтага віду спорту ў 1997 годзе і да апошніх сваіх дзён. Ён падрыхтаваў майстра спорту міжнароднага класа, бронзавую прызёрку чэмпіяната Еўропы 2010 года, удзельніцу чэмпіяната свету 2009 года, шматразовую пераможцу і прызёрку чэмпіянатаў Беларусі Шэмшат Туляеву, а таксама 7 майстроў спорту, 23 кандыдаты ў майстры спорту, 25 спартоўцаў-першаразраднікаў. Ды й многія рэчычане, якія нават надалей не звязалі сваё жыццё з прафесійным спортам, у дзяцінстве і юнацтве мелі гонар займацца адным з самых мужных спартовых відаў пад кіраўніцтвам таленавітага трэнера. Шмат жа хто з выхаванцаў Юрыя Садоўнікава і цяпер працуе на спартыўнай ніве – трэніруе новыя пакаленні спартоўцаў як у Рэчыцы, так і ў іншых гарадах.

Менавіта памяць пра свайго настаўніка і паклікала яго выхаванцаў – сёняшніх трэнераў – заснаваць у Рэчыцы турнір памяці Юрыя Садоўнікава. Першы такі турнір праводзіўся ў снежні 2014 года на базе спартовага комплексу “Надежда”. Але паколькі ў тамтэйшай зале дашчатая падлога, якая можа не вытрымаць удараў цяжкіх штангаў, то сёлетні, значна пашыраны турнір вырашана было праводзіць у лёгкаатлетычнай зале СДЮСШАР № 1. Дарэчы, цяпер Рэчыца – адзіны горад на Гомельшчыне, у якім праводзяцца два турніры па цяжкой атлетыцы. Пры гэты, паводле водгукаў усіх трэнераў, якія падрыхтавалі і прывезлі каманды на сёлетні турнір, узровень яго арганізацыі адпавядае лепшым патрабаванням. Прынамсі, як сцвярджаюць дасведчаныя ў гэтай справе людзі, пакуль па арганізацыі турніру падобны ўзровень мае хіба што першынство рэспублікі.

Падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця турніру перад юнымі цяжкаатлетамі выступіў Сяргей Макаравіч Сіротка – легенда рэчыцкай цяжкой атлетыкі, таксама вядомы трэнер, шматразовы чэмпіён Беларусі, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, які, нягледзячы на свой вельмі шаноўны ўзрост, адлік якога ідзе ўжо на дзявяты дзясятак, і цяпер працягвае займацца моцавым спортам, робячыся пераможцам самых розных спаборніцтваў сярод ветэранаў. Ён пажадаў усім, хто сёння толькі асвойваецца на памосце, хто заваёўвае першыя свае медалі, мацаваць сваё цела, дух і розум!

Адгучалі гукі параднага маршу, і на памосце запанавалі спартовыя жарсці і звон цяжкіх дыскаў аб бліскучыя грыфы. Зусім яшчэ юныя хлопчыкі і дзяўчынкі не на жарт імкнуліся ўсталяваць калі не сусветны, то хаця б свой асабісты рэкорд. Калі аднаму з хударлявых, на першы погляд, хлопцаў, веку не больш за 10 год, скарылася адна з найвялікшых у яго жыцці вагаў на штанзе, і ён, падскокваючы і пераможна выкідаючы ўгору сціснуты кулак радасна сыходзіў з памоста, на вачах Сяргея Сіроткі, які быў цэнтральным суддзёй турніру, выступіла сляза, а бакавы суддзя – таксама вядомы рэчыцкі спартовец-ветэран у цяжкой атлетыцы і паўэрліфтынгу Леанід Мажэйка зазначыў, што вось дзеля такіх момантаў і варта праводзіць падобныя спаборніцтвы.

Цяжкаатлеты на памосце змянялі адзін аднаго, асістэнты ледзьве паспявалі дадаваць вагу на штангу. Былі і крыўдныя няўдачы, калі рукі спартоўца сыходзілі за спіну, адпускаючы грыф, альбо непаслухмяная штанга нібы назнарок узмоцненым зямным прыцягненнем ані не хацела ўзнімацца вышэй грудзей, але ж былі і радасныя пераможныя выхады з воплескамі сяброў і заўзятараў з ліку гледачоў, сярод якіх асабліва шчыравалі дзяўчаты з секцыі баскетбола, што займаліся ў суседняй зале ды імкнуліся ўцячы з трэніроўкі, каб паназіраць за відовішчнымі спаборніцтвамі. Былі спрэчкі паміж трэнерамі і суддзямі, але было галоўнае – спартовы запал, барацьба, доказ юнымі спартоўцамі таго, што яны насамрэч вартыя гонару быць цяжкаатлетамі.

Някепскія вынікі паказалі і выхаванцы рэчыцкай школы цяжкой атлетыкі. Сярод дзяўчат залатыя медалі атрымалі ў вагавай катэгорыі 32 кг – вучаніца Азершчынскай СШ № 2 Вераніка Юрчанка, выхаванка трэнера Аляксандра Аўсяніка, а ў катэгорыі +63 кг – Ксенія Якавенка, якая навучаецца ў Перасвятоўскай СШ і трэніруецца ў трэнера Рыгора Цярэшчанкі. Другімі сталі ў вазе 36 кг Маргарыта Траццяк, а сярод спартовак катэгорыі 40 кг – Сафія Буркова (абедзьве дзяўчынкі вучацца ў Азершчынскай СШ № 2 і займаюцца пад кіраўніцтвам Аляксандра Аўсяніка).

Залатога медаля ў вагавай катэгорыі +69 кг уганараваны Раман Іванчыкаў, а трэцім у катэгорыі 56 кг стаў Аляксандр Раманюк. Хлопцы навучаюцца ў Азершчынскай СШ № 2 і рыхтуюцца пад кіраўніцтвам Аляксандра Аўсяніка. Аляксандр Іовец, выхаванец трэнеркі Вольгі Кобец, вучань рэчыцкай СШ № 11 г. Рэчыцы заняў другую прыступка п’едэсталу гонару ў вагавай катэгорыі +69 кг, а Даніла Рабянок з гарадской СШ № 7, якога рыхтавала гэтая ж трэнерка, стаў трэцім у вагавай катэгорыі 50 кг.

На жаль, не зусім удалыя выхады атрымаліся ў аднаго з лідэраў рэчыцкай мужчынскай каманды Станіслава Ладорнага, які выступаў паводле сістэмы Сінклера. Рывок ён скончыў з нулявым вынікам, хаця ў штуршку быў сярод лепшых. Як зазначыў галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Аўсянік, відавочна, маладосць і крыху завышаныя памкненні не дазволілі Станіславу ўзяць заяўленыя вагі ў рыўку.

Дарэчы, у інтэрв’ю “Дняпроўцу” Аляксандр Аўсянік, які з’яўляецца і асноўным арганізатарам і натхняльнікам турніру памяці Юрыя Садоўнікава, паведаміў, што ў планах арганізатараў спаборніцтваў далейшае павышэнне планкі ў арганізацыі турніру, а таксама пашырэнне колькасці яго ўдзельнікаў. Плануецца вывесці турнір на ўзровень рэспубліканскага і запрашаць у наш горад да 400 удзельнікаў, павялічыўшы тэрмін правядзення да чатырох дзён. А ў марах арганізатараў і міжнародны ўзровень. Ужо зараз прапрацоўваюцца магчымасці ўдзелу ў спаборніцтве прадстаўнікоў Украіны і Расіі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети