Спорт > Силовые виды

2052

У Чэмпіянаце Беларусі па армрэслінгу каманда ДЮСШ-1 з Рэчыцы заняла трэцяе месца і дапамагла зборнай Гомельшчыны стаць першай

 +

11–12 сакавіка на базе Гомельскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі прайшоў чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па армрэслінгу, у якім бралі ўдзел больш за 150 чалавек з камандаў усіх абласцей краіны і горада Мінска. Рэчыцкія спартоўцы паказалі адны з найлепшых вынікаў турніру.

У спаборніцтвах удзельнічалі 15 рэчыцкіх барцоў на руцэ, з іх шасцёра – у складзе зборнай каманды Гомельскай вобласці. Паводле вынікаў змагання, другое месца ў вагавай катэгорыі 85 кг заняў Павел Сумак, які працуе на Беларускім газаперапрацоўчым заводзе. На трэціх прыступках п’едэстала гонару апынуліся: сярод жанчын у вагавай катэгорыі 50 кг – навучэнка Рэчыцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Наталля Лапко, сярод мужчын у катэгорыі 55 кг – вучань сярэдняй школы № 7 Аляксей Смоліч, сярод спартоўцаў вагой 80 кг – студэнт ГДУ імя Ф. Скарыны Дзмітрый Качэня, а ў суперцяжкой вагавай катэгорыі – звыш за 110 кг – малады рэчычанін Леанід Валошын.

З такімі вынікамі каманда ДЮСШ № 1 Рэчыцкага раёна заняла трэцяе агульнакаманднае месца сярод пятнаццаці каманд калектываў фізкультуры, спартовых клубаў, дзіцяча-юнацкіх спартовых школ, устаноў вышэйшай адукацыі, прапусціўшы наперад каманду гаспадароў турніру ГДГЭУ і СДЮШАР вагонарамонтнага завода.

Пры гэтым зборная Гомельскай вобласці, якую ўзначальваў знакаміты рэчыцкі трэнер Анатоль Стрыжак, заняла першае агульнакаманднае месца сярод камандаў абласцей і г. Мінска. Другімі ў гэтым заліку сталі мінчукі, на трэцяй прыступцы размясцілася зборная Брэстчыны.

Гэты чэмпіянат дазволіў рэчычаніну – майстру спорту Паўлу Сумаку – атрымаць уключэнне ў склад зборнай Беларусі, якая будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы, што пройдзе ў маі ў Румыніі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети