Спорт > Силовые виды

1776

Чарговая перамога рэчыцкага армрэслінга

 +

На юніёрскім першынстве Беларусі ў армрэслінгу, якое прайшло 25 і 26 сакавіка ў Баранавічах, рэчыцкія барцы на руцэ паказалі найлепшыя вынікі.

У спаборніцтвах бралі ўдзел 116 спартоўцаў з усіх абласцей краіны і Мінска, якія прадстаўлялі 12 спартовых арганізацый. Колькасць удзельнікаў дае ўяўленне пра той напал жарсцяў, што панаваў за сталамі. Чацвёра нашых землякоў – выхаванцаў ДЮСШ № 1 Рэчыцкага раёна – выступалі ў складзе зборнай каманды Гомельскай вобласці. У змаганні на левую руку сярод дзяўчат на першую прыступку п’едэстала гонару ў вагавай катэгорыі 50 кг узнялася Наталля Лапко, якая навучаецца ў аграрным каледжы. Таксама першай, але сярод спартовак вагой 60 кг стала навучэнка СШ № 11 Вікторыя Ісакава. Юнакі таксама не падвялі: першае месца ў вагавай катэгорыі 90+ кг заняў Леанід Валошын, а другім у катэгорыі 60 кг зрабіўся Аляксандр Арэф’еў, што навучаецца ў РДПАТЛ.

Вынікі змагання на правую руку дазволілі выйсці на другія месцы ў сваіх вагавых катэгорыях Вікторыі Ісакавай сярод дзяўчат і Леаніду Валошыну ў спаборніцтвах юнакоў. Аляксандр Арэф’еў заняў трэцяе месца.

У агульнакамандным заліку каманда Гомельскай вобласці, старшым трэнерам якой з’яўляецца мэтр рэчыцкага армрэслінга і адзін з самых дасведчаных трэнераў краіны Анатоль Стрыжак, заняла першае месца. Дарэчы, акрамя рэчыцкіх спартоўцаў у складзе зборнай вобласці выступалі яшчэ двое гамяльчанаў і мазыранін. На другім і трэцім месцах агульнакаманднага заліку апынуліся адпаведна брэстаўчане і спартоўцы сталічнага рэгіёна.

Каманда ДЮСШ № 1 Рэчыцкага раёна стала трэцяй у агульнакамандным заліку сярод калектываў. Паводле рашэння Беларускай федэрацыі армрэслінга, чацвёра рэчыцкіх спартоўцаў далучыліся да складу юніёрскай зборнай Беларусі для ўдзелу ў першынстве Еўропы, што адбудзецца ў маі ў Румыніі, і першынстве свету, якое ў ліпені прыме Балгарыя. 

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети