Спорт > Силовые виды

3826

Рэчычане сталі лепшымі на адкрытым чэмпіянаце Магілёўскай вобласці па класічным паўэрліфтынгу

 +

На адкрытым чэмпіянаце Магілёўскай вобласці па класічным паўэрліфтынгу, які праходзіў у горадзе Горкі 2-3 красавіка, першае месца ў абсалютным першынстве і ў вагавай катэгорыі 66 кг заняў рэчыцкі спартовец Рыгор Цярэшчанка.

Нагадаем, што менш за месяц таму Рыгор атрымаў бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы ў гэтым відзе спорту. Таму прамежкавыя спаборніцтвы, якія праходзяць у межах Беларусі, з’яўляюцца адначасова і этапамі падрыхтоўкі да маючага адбыцца сусветнага першынства. Як бачым, рэчыцкі спартовец услаўляе наш горад на самых розных пляцоўках.

Рыгор Цярэшчанка
Рыгор Цярэшчанка

Вынікі выступу Рыгора Цярэшчанкі ў Горках наступныя: прысяданне – 207,5 кг, ціск лежачы – 125 кг і цяга станавая – 252,5 кг (дарэчы, у гэтым практыкаванні Рыгор пераўзышоў уласны рэкорд Беларусі на 2,5 кг). У суме рэчычанін набраў 585 кг, што таксама вышэй за рэкорд рэспублікі, які ён жа і ўсталяваў, на 15 кг.

Раман Малярэнка
Раман Малярэнка

Дарэчы, Рыгор Цярэшчанка з’яўляецца і таленавітым трэнерам, які акрамя асабістых рэкордаў выводзіць на пераможны п’едэстал і юных рэчыцкіх цяжкаатлетаў. У магілёўскім чэмпіянаце браў удзел і яшчэ адзін спартовец з Рэчыцы. Гэта Раман Малярэнка, які навучаецца ў Рэчыцкім  дзяржаўным прафесійным аграрна-тэхнічным ліцэі і займаецца цяжкой атлетыкай і паўэрліфтынгам пад кіраўніцтвам Рыгора Цярэшчанкі. У Горках ён здолеў у прысядзе ўзняць вагу ў 145 кг, у ціску лежачы – 85 кг і ў станавой цязе – 160 кг, набраўшы ў суме 390 кг, і такім чынам заняў трэцяе месца ў вагавай катэгорыі 66 кг.

Наступныя спаборніцтвы, у якіх маюць намер паўдзельнічаць рэчыцкія прыхільнікі цяжкой вагі, – адкрыты чэмпіянат Беларусі, які адбудзецца 5–8 мая ў горадзе Ашмяны на Гродзеншчыне.
Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети