Общество

3711

Горад Васілевічы ў Рэчыцкім раёне адзначыў 455-годдзе (+фота)

 +
Яскравае і запамінальнае свята зладзілі з нагоды 455-гадовага юбілею свайго горада жыхары Васілевічаў.

Сучасныя энцыклапедычныя даведнікі падаюць звесткі, што першыя згадкі пра Васілевічы як вёску ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага маюцца яшчэ ў пісьмовых крыніцах XV стагоддзя. У Літоўскай метрыцы запісана, што ў 1466 годзе вёскаю валодала нейкая шляхцянка Іванава. Але самі васілевічцы вядуць адлік сваёй гісторыі ад даўно вядомай даты – 1560 года, калі маёнтак узгадваецца ў Рэвізіі Рэчыцкай воласці, дзе пералічаныя ягоныя 17 «дымоў» і 7 «службаў». Што ж, менавіта з гэтае даты і святкавалі Васілевічы ў мінулую суботу свае 455 гадоў.

Дзень пачаўся з урачыстага шэсця працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, што размешчаныя ў горадзе, па галоўнай вуліцы. А потым, пасля адкрыцця свята словамі старшыні Васілевіцкага гарвыканкама Наталлі Брэль з сардэчнымі віншаваннямі ўсім землякам, на сходах Гарадскога дома культуры адбыўся вельмі кранальны канцэрт, падрыхтаваны мясцовымі жыхарамі. Дарэчы, вядоўцамі імпрэзы выступілі дзве мясцовыя таленавітыя жанчыны – педагог-арганізатар спецшколы-інтэрната Людміла Зуёнак і медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення Васілевіцкай гарбальніцы Тамара Лугіна.

У святочнай праграме канцэрта гучалі нумары, падрыхтаваныя і сталымі жыхарамі горада, такімі як удзельніцы народнага ансамбля ГДК «Васілевіцкія валошкі» альбо ансамбля дзіцячай школы мастацтваў «Ивушки» і юнымі жыхарамі Васілевічаў – спявачкамі ансамбля «Жар-птица» з мясцовага Дома культуры ды проста таленавітымі жыхарамі Васілевічаў – Нінай Белай, Мікалаем Дзюбкіным, Галінай Пінчук, Ірынай Мельнічук, Вячаславам Вераценнікавым, Інай Луцкой, Людмілай Машчынскай.

Таксама каля галоўнай плошчы горада можна было замовіць уласны партрэт ад выкладчыка школы мастацтваў Івана Атрошчанкі, паскакаць на батутах, трапіць у «віртуальную рэальнасць» у адмысловым атракцыёне, паўдзельнічаць у цэлым шэрагу бяспройгрышных латарэй ды падсілкавацца ў гандлёвых намётах Рэчыцкага распажыўтаварыства.

Дарэчы, кааператары таксама прапанавалі жыхарам Васілевічаў паспрабаваць шчасця ў латарэі. І трэба было бачыць радасць жыхароў невялікага гарадка, калі ім з барабана лататрону выпадалі такія выйгрышы, як чорнае казляня, шэранькі трус альбо жывая індакачка, ну ці хаця б трактарны прычэп альховых дроваў альбо мех збожжа.

Праўда, некалькі разоў радасныя ўсмешкі на тварах жыхароў змяняліся засмучэннем – па небе аднекуль з боку Калінкавічаў на горад насоўваліся цяжкія страшэнныя хмары, пужаючы ўдзельнікаў свята магчымым дажджом. Але ж нябесная канцылярыя пралічылася! У Васілевічах жа месціцца адна з самых старых і дасведчаных у Беларусі метэаралагічная станцыя. Таму пакуль ішло свята, пытанні з добрым надвор’ем аператыўна «вырашаліся»! Нават госці Дня горада – самадзейныя артысты з Каравацічаў ды Заспы – паспелі адыграць свае забаўляльныя праграмы.

А тады ўжо на святочныя Васілевічы абрынулася сапраўдная залева, якая ўсё адно не дала рады сапсаваць добрага настрою і пазітыўнага зараду ўсім тым, хто прыйшоў у цэнтр горада на юбілейнае свята.

Тэкст і фота
Андрэя МЯДЗВЕДЗЕВА


[nggallery id=189]

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети