Общество

3125

Чалавечы век пасёлка Арол

 +
Пасёлак Арол, што прытуліўся каля невялічкага лясочка паблізу ад Яноўкі, дажывае свой кароткі век. Век – амаль роўны чалавечаму жыццю. Утварыўшыся напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя, ён перажыў росквіт, напружаную працу калгаснага будаўніцтва, жахі Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне, цікавае і насычанае вясковае жыццё. І вось цяпер у пасёлка самая сапраўдная старасць. Тут стала жыве 17 жыхароў. Усе яны – людзі вельмі нават паважанага веку.

ПРАЗ ЛЁС ПЕРШАПАСЯЛЕНЦАЎ

Ад і раней не дужа доўгай адзінай вуліцы Арла засталіся невялікія рэшткі. Хаты, у якіх апошнімі гадамі ніхто не жыў, знесеныя, былыя селішчы далучаныя да калгасных палеткаў, і пасёлак нагадвае нізку размешчаных адзін за адным хутароў па некалькі двароў. Вуліца абкошаная, платы акуратныя, але большасць хат даволі даўно бачылі фарбу, у дварах і агародах шмат дзе бэз утварае ўжо даволі густыя зараснікі. Заходжу ў двор, што прываблівае позірк сваёй дагледжанасцю: трывалы паркан, пафарбаваны зялёнай фарбай, абшалёваная хата жоўтага колеру з фіялетавымі аканіцамі. Гаспадар, пачуўшы лязгат клямкі на брамцы, выходзіць з зацікаўленым позіркам:

– А Вы хто і што? – пытаецца мужчына.
– Ды мы з газеты раённай, з “Дняпроўца”, ці ведаеце такую? – адказваю.
– А то ж! Усё жыццё выпісваю, чытаю, цікавая. А мы тут газ чакаем, павінны во прывезці, то я ўжо пільную, калі машына прыедзе.
– Ну то, можа, і пра вас у газеце напішам, як вы глядзіце на тое?
– А што пра мяне пісаць? Я ж чалавек просты, нічога асаблівага не раблю.
– А нам простыя людзі і патрэбныя.
– Не, я ж распавядаць не варты. Няхай лепей мая гаспадыня з вамі пагаворыць, мо нешта раскажа цікавае.

Менавіта пад гэтыя словы аднекуль з агарода выходзіць і гаспадыня. Знаёмімся. Гаспадара селішча клічуць Віктарам Пятровічам Чарнецкім. Але ён негаваркі. Перадае эстафету нашых зносінаў жонцы.

Юлія Ануфрыеўна Чарнецкая:

– Бацькі мае з Яноўкі. Тады там ужо месца не было, то ў дваццатыя гады людзі пачалі пераязджаць сюды і тут будавацца. І мае бацькі
Ануфрый Марцінавіч ды Наталля Данілаўна Курловічы тут прытуліліся. Хату былі збудавалі. Не дужа каб вялікая, але ладная. Ну жылі паціху. Бацька гаспадарлівы быў. І жывёлу, птушку, пчолы трымалі. Тады калгас зрабіўся. Так асабліва не прымушалі ў нас – хто ішоў, хто не ішоў. Бацька мой пайшоў. Тады мы нарадзіліся – старэйшы брат Пятро, сястра Каця ды я.
Ужо мы крыху пападрасталі. Я так трошкі і памятаю тое. Нешта ўсё “гух” ды “гух”. Мы ў маці пытаемся, што то, аж яна мо і ведала ўжо, але кажа: “Дзеткі, то так нешта
там далёка гухае”. А праз колькі часу пазаганяла нас у пограб ды зачыніла. Немцы наступалі. Вайна пачыналася.

У лес мы не хаваліся. А брата ўсё хавалі, думалі, каб да немцаў яго не ўгналі. У аднае нашай жанчыны муж у партызанах быў ды нешта тым немцам там учыніў. А яны яго злаваць не маглі. То тую жанчыну расстралялі. Тады, як ужо вызвалялі, бамбілі моцна. Шмат хат пагарэла.

З усяго пасёлка толькі тры засталіся. І нашая згарэла.

А Красная Армія як прыйшла, то і нашага бацьку на вайну забралі. Я вось як след яго і выгляду не памятаю, тры гады мне тады было.

А вось тое, як з ім развітвалася, у памяці засела. Узняў ён мяне на рукі, я яго за шыю абхапіла, да калючай шчакі прытулілася. А ён мяне моцна трымае ды і кажа: “Вось як заб’юць мяне, хто ж цябе, малеча мая, карміць будзе?”, а я ж дурная шчэ была, то кажу: “Мама”.

[caption id="attachment_21156" align="aligncenter" width="530"] Віктар Пятровіч і Юлія Ануфрыеўна Чарнецкія[/caption]

Вочы Юліі Ануфрыеўны набракаюць слязьмі. Яна прамакае іх насоўкаю ды працягвае.

– Сышла тая армія і бацька з ёю. З тае пары я яго болей і не бачыла. А нам жа жыць няма нават дзе. І пабудаваць няма каму. Спачатку жылі ў бабулі. А тады яна аддала маме ёўню старую, ды мы ўжо з яе хаціначку зрабілі тут у Арле ў канцы вуліцы, на тым селішчы цяпер мая сястра Каця жыве. Мама працавала на месцы, дзе раней бацька. Ён у нас калгасны сад сцярог. То і мама тады сцерагла. Ды прастыла дужа на працы. Злегла зусім. Бабуля яе да сябе ў Яноўку забрала, а мы ўжо самі. Я, памятаю, ягадак  у лесе назбіраю ды да мамы ў Яноўку бягу – нясу, каб яна хутчэй ачуняла. А яна кажа: “Еж, донька, сама, мне ягадкі не памогуць”. Так і сканала…

Бабуля да нас перайшла жыць – трэба ж гадаваць неяк. Я з падлеткавых гадоў у калгасе рабіла.

А тады пачула, што ў горад набіраюць на плодаагароднінны камбінат. І мы – тры дзяўчыны з Арла – падаліся туды. Там працавалі, сок рабілі. Але ж то сезонна было. А тады тыя дзве дзеўкі ў Рэчыцы на іншыя работы паўладкоўваліся, а мне тужліва было ў тым горадзе. Я дужа дадому хацела. Вярнулася зноў у калгас. Па паўтара гектары лёну брала, абрабляла, тады – пранічкам абабі яго! Ці ведаеце Вы, што такое пранік?

Я са згодаю ківаю, бо разумею, што пранік – гэта такі драўляны брусок з ручкай, якім адбівалі лён, а таксама “пралі” – мылі бялізну.

– Ну вось так і працавала, – працягвае Юлія Ануфрыеўна. – А ўжо ж і замуж ісці трэба. А хлопцы ўсе такія, што ім няма куды тых дзевак браць – ані хат, ані двароў. А гэты мой хазяін з Вятхіньскага пасёлка, каля Артукоў. Пазнаёміліся з ім, а ў яго таксама няма анічога. Вяселле згулялі, ды жыць жа ж  няма дзе. Спачатку ў свякрухі пажылі, ды хіба тое жыццё з бацькамі? Непаладкі пачаліся там. Перайшлі да сястры ў тую хіжыну, што з бабулінай ёўні зрабілі пасля вайны. Мой чалавек на трактары механізатарам рабіў, болей за 40 гадоў на трактарах шчыраваў. А сястрын мужык – начальнікам нейкім, я ўжо не памятаю якім. То яны тады пабудаваліся. А нам купілі зруб тут, дзе мы цяпер жывем. Потым ужо выпісалі лесу ды яшчэ трохсценак прыбудавалі. Брат і сястрын муж працаю дапамагалі, бо грошай жа ні ў каго не было. Тады на ўлазіны нам сястра цялятка дала, каб мы з яго кароўку выгадавалі, баба, што, як дачку першую Наталлю хрысцілі, была, парася падарыла. Тады яшчэ сын Аляксандр нарадзіўся. Як вырас, яго ў армію забралі – у падводнікі, на 3 гады. Прыйшоў і дужа хацеў за шафёра навучыцца. Каб на тую вучобу яго адправіць – лаша здалі. Вывучыўся – тады ў горад паехаў, на кальцавым аўтобусе там рабіў. А потым у Свірыдавічы вярнуўся ды там і жыў, працаваў у калгасе. Цяпер зноў у горадзе – на школьным аўтобусе дзетак возіць. Дачка Наталля рабіла ў Заспе ў канторы бухгалтаркай, а цяпер у сацабароне ў Рэчыцы. Вось такая жызнь у нас…
– А ці трымаеце вы зараз гаспадарку якую?
– А якую гаспадарку цяпер? Старыя ж ужо. Але каня трымаем – хазяін мой і паша сам на ім, і па гаспадарцы, што трэба, зрабіць можа. Сабе гэты конь ужо і стары, але ж памочнік! А так – ну куры во ходзяць, каты, сабака… Карову тры гады як збылі, а то трымалі заўсёды, як жа раней без каровы?! Цяпер жа і сена няма дзе накасіць. Увогуле – у нашым сяле адна карова засталася. Статку няма, то тая жанчына яе вывядзе за агароды ды на вяроўку прывяжа – пасвіцца так.

А сёлета во – калодзеж спусцеў, – Юлія Ануфрыеўна паказвае рукой на  старую студню, што прытулілася на вуліцы ля іхняга плота. – Ён не чышчаны даўно, а ў вадаканале кажуць, што трэба рамантаваць. А навошта там рамантаваць, нам бы вычысціць, ды на наш век хопіць. Напішы, сынок, у газеце, мо начальнікі пачытаюць ды адправяць, каб пачысцілі нам яго.

Прашу Юлію Ануфрыеўну і Віктара Пятровіча сфатаграфавацца.

– Ды што вы, куды нам у газету? Толькі спорціце ўсю газету – мы ж людзі простыя, непрыгожыя.

Але я настойваю. Тады гаспадыня дома бяжыць у хату, вяртаецца – у прыгожай хустцы і, відавочна, святочным строі. Што ж – цяпер дакладна, газету выгляд гэтай вясковай пары толькі ўпрыгожыць!

Я – КАЦЯ!

Шпацырую далей па вуліцы Арла ў накірунку фермы, што функцыянуе на ўскрайку пасёлка. Праўда, увесь калектыў фермы – жыхары іншых вёсак, у асноўным Левашоў, якіх возіць сюды калгасны аўтобус.
Але, недаходзячы крыху да края пасёлка, сустракаю на лаўцы сухенькую бабульку. Хочацца і з ёй паразмаўляць.

[caption id="attachment_21159" align="aligncenter" width="530"] Кацярына Ануфрыеўна Курловіч[/caption]

– Дзень добры! – вітаюся.
– Добры! Я – Каця! – адразу прыветна адказвае старая. – Вы з газу?
– Ды не, я не з газу. Я з газеты “Дняпровец”. А вы ўсе тут сёння толькі газ чакаеце? – пытаю я ды заўважаю, што з-за рагу вуліцы вывярнае МАЗ з балонамі.
– Ну сёння ў нас возяць. Во едуць, а Каця без газу засталася. Не магу дазваніцца: кручу-кручу той тэлефон, і – глуха. Не заказала. Не дадуць мне. Напішыце ў газеце, што нельга бабе да таго газу дазваніцца, заказаць, хай нешта зробяць. І напішыце, што бабе трэба ліпу гэтую вялічэзную паваліць ля двара, бо на хату ляжа – прываліць бабу Кацю. Страшна мне…

З гэтымі словамі бабуля развітваецца, кажа, што расказваць нешта цікавае няма здароўя. Я ж разумею, што гэта – Кацярына Курловіч – сястра нашай папярэдняй гераіні.

ВУЛІЦА ЗВІНЕЛА БЫЦЦАМ АД ПТУШАК

– Раней тут жыццё кіпела. Школа пачатковая была. Я сюды ў 65-м годзе замуж выйшла. Людзей шмат было, – голасна кажа мне яшчэ адна мясцовая жыхарка – Ганна
Адамаўна Курловіч, седзячы на лаўцы ля свайго двара. А я ўзгадваю, што паводле дадзеных перапісу 1959 года ў Арле налічвалася 122 жыхары.

– Тут нас, маладых, шмат было. А ад дзяцей вуліца, як ад птушак звінела. Вясёлы быў пасёлак, – працягвае Ганна Адамаўна. – А клуб які быў! Такія вячоркі тут ладзілі, спявалі. Тады клуб зачынілі і перарабілі на краму. А цяпер і крама  зачыненая – аўталаўка ездзіць. Школу ў 1976 годзе купіў чалавек, што жыў па суседстве. Разабраў на дровы.

Я ў калгасе адрабіла ўсё жыццё, даяркаю, тады асемянатарам. А муж мой Захар Захаравіч пачынаў трактарыстам, тады аграномам быў, інжынерам. Памёр у 2014 годзе. Трох дзетак выгадавалі: Генадзь, старэйшы, у нафтавіках у Рэчыцы робіць, Тамара – у жылкамгасе. А малодшая Валянціна ажно ў Пскоўскай вобласці ў Расіі жыве.

А тады, як я працавала – то і на ферме дзеці дапамагалі, і па хатняй гаспадарцы. Даіла ж яшчэ напачатку ўручную.

[caption id="attachment_21160" align="aligncenter" width="530"] Суседзі: Ганна Адамаўна і Віктар Васільевіч Курловічы[/caption]

Тут з суседняга двара падыходзіць да нас мужчына і прысаджваецца побач:

– Ну што, Ганна, прымай віншаванні!
– Гэта стрыечны брат майго мужа – Віктар Васільевіч Курловіч, – прадстаўляе мне нашага новага знаёмца Ганна Адамаўна.
– А з чым ён Вас віншуе? – удакладняю.
– Ды ў мяне як раз сёння дзень нараджэння.
– То і я далучаюся да віншавання! Здароўя Вам, Ганна Адамаўна! Пакуль вы і вашыя землякі тут жывуць – жыве і Арол!

З-за рога вуліцы ў Арол уязджае перасовачная пошта. Тутэйшым жыхарам прывезлі пісьмы, пенсіі, газеты. Гэтак жа зараз даехаў да пасёлка і гэты нумар “Дняпроўца”. Няхай пабачаць сябе тыя, каго ўдалося сустрэць на вуліцы гэтага невялічкага Арла, што праіснаваў на працягу чалавечага жыцця аднаго пакалення. А можа яшчэ нешта зменіцца?..

Андрэй МЯДЗВЕДЗЕЎ
Фота аўтара

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети