Общество

3191

Параўнанне ўмоў і вынікаў, альбо Як арганізавана начная праца ў розных па выніках гаспадарках

 +

Чарговая праверка работы вартавой аховы ў сельгаспрадпрыемствах раёна гэтым разам скіравала свой маршрут у гаспадаркі, якія маюць усе магчымасці арганізаваць справы ў гэтай сферы на самым высокім узроўні. Але, як аказалася, становішча адрозніваецца, і часам не хапае самага звычайнага гаспадарчага падыходу адказных супрацоўнікаў.

У бытавым пакоі МТК Свірыдавічы філіяла Советская Белоруссия
У бытавым пакоі МТК "Свірыдавічы" філіяла "Советская Белоруссия"

Мабільная група пачала сваю праверку з таварнай фермы «Вятхінь» КСУП «Агракамбінат «Холмеч». Варта адзначыць, што гэта адно з самых аддаленых жывёлагадоўчых падраздзяленняў прадпрыемства. Але, нягледзячы на гэта, ні супрацоўнік інспекцыі нагляду і прафілактыкі Рэчыцкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Шкурко, ні ўчастковы інспектар міліцыі Алег Хулуп, ні галоўны інжынер па ахове працы, вытворчай і пажарнай бяспецы райсельгасхарчу Таццяна Растакова не выкрылі на аб’екце аніякіх парушэнняў: для вартаўніка абсталяваны вагончык, з якога праглядаюцца ўсе адрыны фермы, асвятленне працуе, пажарны шчыт на месцы і ўкамплектаваны, усе журналы запоўненыя. Добры стан і абодвух падкантрольных аб’ектаў у Артуках – і на малочна-таварнай ферме, і на мехдвары таксама ўсё згодна з патрабаваннямі. Больш таго, вартаўнікі мехдвара не так даўно ўласнымі рукамі добраўпарадкавалі сваё памяшканне, хаця яно і без таго было ў някепскім стане. Нават на невялічкай таварнай ферме «Ніўкі» таксама маецца і святло, і ўвесь пажарны інвентар, і варта пры поўнай гатоўнасці.

Не знайшлося хаця б нейкіх парушэнняў у нясенні вартавой аховы, выкананні пажарных правілаў ці тэхнікі бяспекі і на малочна-таварным комплексе «Іванішча». Гэта ўжо ўладанні калгаса (ПСК) «50 гадоў Кастрычніка». Але на двух наступных аб’ектах, якія наведала група, на жаль, уражанне крыху сапсавалася. Аддаленыя ад цэнтральнай сядзібы калгаса мехдвор «Яноўка» і МТФ «Гасцівель» выклікалі пытанні ў інспектараў. На мехдвары вартаўнік размяшчаецца ў памяшканні кацельнай. Але там наўпрост па падлозе раскіданыя недакуркі, што сведчыць пра тое, што работнік курыць на працоўным месцы, хаця літаральна за кутом будынку, дзе ён бавіць час, абсталявана месца для курэння.

У кацельні МТФ Гасцівель калгаса (ПСК) 50 гадоў Кастрычніка  (да таго, як тут надарыўся пажар)
У кацельні МТФ "Гасцівель" калгаса (ПСК) "50 гадоў Кастрычніка" (да таго, як тут надарыўся пажар)

Неяк не зусім зразумелі правяраючыя стан памяшкання, дзе знаходзяцца ахоўнікі на ферме «Гасцівель». Тут начных жавёлаводаў дзяжурыць двое – ферма немалая, і знаходзіцца месца іх «дыслакацыі» таксама ў кацельні. Але ж мала таго, што побач з катлом згрувашчваюцца сухія дровы, дык у кутку стаіць паламаная шафа, на якой раскіданае нейкае адзенне не першай свежасці, якіясьці кардонныя каробкі, а над усім гэтым вісіць напаўадарваны электравыключальнік. Начныя жывёлаводы тлумачаць, што тут удзень пераапранаюцца даяркі і даглядчыкі. Але ж чаму гэтак нядбайна? Аўтар гэтых радкоў, заўважыўшы далей па калідоры зачыненыя дзверы з шыльдачкай «Комната животновода», спытаў, што ў ёй? На што атрымаў адказ: «А тут усякія сабранія праходзяць». Падаецца, што гэта папросту кіраўніцтва аддаленай фермы некалькі выпусціла з-пад кантролю сітуацыю. Прынамсі, на фермах у Левашах і Веліне такога не назіралася.

Але гэта, як кажуць, былі яшчэ кветачкі. «Ягадкі» чакалі нас у Свірыдавічах. Тут знаходзяцца два аб’екты філіяла «Советская Белоруссия» ААТ «Рэчыцкі КХП»: малочна-таварная ферма і малочна-таварны комплекс. Знаходзяцца практычна побач. Але калі на ферме адзіным недахопам, выкрытым мабільнай групай, стала адсутнасць плафона на свяцільніку, то комплекс у чарговы раз уразіў. Яшчэ ўвосень кіраўнік службы аховы гаспадаркі Аляксандр Дорах абяцаў абсталяваць на вялізным комплексе хаця б нейкае памяшканне для дзяжурных вартаўнікоў ці начных жывёлаводаў. Але, як аказалася, абяцанкі-цацанкі. У начной цемры комплексу мы, як і ў верасні, сустрэлі аднаго-адзінага работніка, які запрасіў нас зрабіць запісы ў журналы на… батарэі. Так, не здзіўляйцеся! Цалафанавы пакецік з журналамі праверак і прыёма-перадачы дзяжурстваў вісіць на цвічочку, што ўбіты ў дзвярное ўшула. А напісаць, калі нешта трэба, можна, маўляў, і на радыятары ацяплення. На пытанне, ці з’явілася ў вартаўнікоў памяшканне, дзе яны могуць пагрэцца, дзяжурны начны жывёлавод адказаў станоўча: «Канешне, ёсць!» і некуды нас павёў. Вёў доўга, нейкімі заблытанымі сцяжынкамі да дальняе адрыны, тады яшчэ некалькімі калідорамі, нарэшце адшукаўшы якісьці пакойчык. Там мы пабачылі малюнак, які яшчэ больш ашарашыў правяраючых: на стале два электрачайнікі, кіпяцільнік, недаедзеная луста хлеба, цыгарэтны пачак, а размешчаная побач брудная ракавіна рукамыйніка скрозь укрыта тоўстым слоем чайнай заваркі. Пасля абурэнняў членаў мабільнай групы разгублены «начны дырэктар» сказаў, што крыху пераблытаў і прывёў не туды, маўляў, хадземце, пакажу вам, дзе на самой справе памяшканне для начной змены. Зноў выправіліся за нашым «Сусаніным». Гэтым разам давялося абыйсці адрыну з боку поля, зноў вярнуцца туды, адкуль пачыналі, прайсці праз даільны цэх, пусты хлеў і трапіць… у пакой з адной зачыненай на ўсе замкі шафай. Больш у тым «кабінеце» не было нічога – ані стала, ані крэсла, ані якога хаця б зэдліка. У выніку запаўняць журнал і акт, каб засведчыць тое, што была выкананая праверка, усё адно давялося на той самай батарэі…  

Тая самая батарэя
Тая самая батарэя

Наступным аб’ектам «Советской Белоруссии», правераным падчас гэтага начнога рэйду, аказалася малочна-таварная ферма «Гарошкаў», едучы на якую, недзе ў баку Гомеля за Дняпром мы ўжо бачылі на небе ружовыя плямы хуткага світання. Тут былі заўважныя змены з агароджваннем тэрыторыі: хаця і не глухі паркан, але нейкая агароджа дзе з труб, дзе з жэрдак з’явілася. У памяшканні для начных жывёлаводаў, яно ж кабінет загадчыка фермы, пытанне правяраючых выклікала толькі адсутнасць у ім сродкаў пажаратушэння, а менавіта вогнетушыльнікаў. На яго начны жывёлавод адказаў арыгінальна: «Звычайна ж у нас сенабаза гарыць, а не кабінет загадчыка, таму і вогнетушыльнікі там, ды не тут!» Давялося ўсім тры разы сплюнуць праз левае плячо…Тут, дарэчы, з’явіўся і сам начальнік аховы сельгаспрадпрыемства Аляксандр Дорах, які на наш аповяд пра свірыдавіцкія прыгоды ў чарговы раз сказаў: «Вінаваты, выправімся!». Будзем спадзявацца.

А калі сур’ёзна, то гэты рэйд у чарговы раз пацвердзіў, што там, дзе няма належных аб’ёмаў вытворчасці, там няма і належнага дбання аб умовах працы, чысціні, выкананні патрабаванняў розных правілаў, якія напісаныя крывёю тых, хто іх ігнаруе. А там, дзе няма парадку, там не будзе і патрэбных аб’ёмаў вытворчасці.

P.S. Літаральна праз некалькі дзён пасля гэтага начнога рэйду, пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, МТФ «Гасцівель» калгаса (ПСК) «50 гадоў Кастрычніка» трапіла ў навінавую стужку многіх інфармагентстваў Беларусі – суботняй ноччу тут здарыўся пажар, з-за якога давялося эвакуяваць увесь наяўны на ферме статак. Амаль 200 галоў жывёлы вывелі на адкрытае паветра, парушыўся тэхналагічны працэс, панесены страты па ліквідацыі ўзгарання, толькі дзякуючы шчаслівай выпадковасці не пацярпелі людзі. Гэтая сітуацыя стала пацверджаннем таго, што грэбаванне патрабаваннямі правілаў пажарнай бяспекі – наўпроставы шлях да трагедыі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети