Общество

2481

Маці-гераіня з вёскі Жмураўка: "Няхай са шчасця дзень пачынаецца"

 +

У гэты дзень жанчыны акружаны ўвагай і патанаюць у кветках. Гэта павага да жанчыны-маці, якая дае першыя ўрокі любові, цярпення, духоўнасці дзіцяці, аддае нам свае цяпло і сілы. У гэты дзень мы спяшаемся абняць сваіх матуль, для якіх нават дарослыя дзеці з сівізной на скронях заўсёды застаюцца дзецьмі. Я хачу падарыць цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў жанчынам-маці, якія гадуюць дзетак, ды не па аднаму, а па трое і больш. Яны не шкадуюць сваіх сіл, клопата, каб дзеці былі шчаслівыя.

Так, Галіна Фёдараўна Лёгенькая – маці-гераіня (в. Жмураўка). Яна вырасціла пяцёра дзяцей і двух апекавала. Па трое дзяцей выгадавалі Наталля Пятроўна Давыдзенка, Кацярына Піліпаўна Лёгенькая, Таццяна Аляксандраўна Гапоненка і інш. Усе яны цудоўныя маці.

Аднак больш я хачу расказаць пра жанчыну-маці, бабулю, прабабулю, з якой некалі сустракалася на розных пасяджэннях у клубе і сельсавеце. Знаёмцеся: Ніна Дзянісаўна Гапоненка, жыхарка вёскі Броннае. У гэтыя дні яе хата поўнілася гасцямі, гучалі віншаванні, дарылі кветкі, падарункі гаспадыні, бо 8 кастрычніка ёй споўнілася 90 гадоў. Сваімі дзецьмі, а іх у яе трое, задаволена. Усе выйшлі ў людзі, ніколі не былі гультаямі, п’яніцамі. Сын Вілорый жыве ў той жа вёсцы, зараз на пенсіі, але часты госць у сваёй маці. Дачка Людміла прыязджае з Гомеля, каб дапамагчы па гаспадарцы, а то і проста пабыць побач. Генадзь жыве ў Ветцы, таксама не забывае.

Шкада, што мужа даўно няма, але з цеплынёй успамінае пра яго. Добры быў бацька, гаспадар Ірыней Паўлавіч (1914–2000 гг.), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, гвардыі старэйшы сяржант, персанальны пенсіянер абласнога значэння, быў ганаровым донарам. Пра яго жыццё можна весці асабістую гутарку.

Працягну расказваць пра Ніну Дзянісаўну. Добры адкрыты твар. Валасы, нібы пакрытыя інеем, акуратна прычэсаны. Упэўнены голас, уважлівая да субяседніка.

Цяжкім было юнацтва Ніны Дзянісаўны. Жыццё ў акупацыі немцаў, знаходзіліся ў дзядулі на Магілёўшчыне. Калі ў вёсцы з’яўляліся немцы, Ніна з маці хаваліся ў падполлі ці ўцякалі ў лес.

Маць-гераіня Кацярына Васільеўна Гапоненка (1897 г. н.) з дачкамі (злева направа) Наталляй, Таццянай, Лідзіяй. Двое сыноў загінулі на вайне. Ваявалі муж Павел, сыны Ірыней, Андрэй, Мікалай
Маць-гераіня Кацярына Васільеўна Гапоненка (1897 г. н.) з дачкамі (злева направа) Наталляй, Таццянай, Лідзіяй. Двое сыноў загінулі на вайне. Ваявалі муж Павел, сыны Ірыней, Андрэй, Мікалай

У 1944 г. у верасні бацька забраў сям’ю ў пасляваенны Мазыр, дзе ўжо працаваў начальнікам пошты. У кастрычніку Ніна паступіла ў фельчарска-акушэрскую школу г. Мазыра. На практыцы тры разы ў тыдзень працавала ў нямецкім шпіталі. У 1947 годзе атрымала спецыяльнасць «Фельчар-акушэр» і стала працаваць у г. Драгічыне, дзе яе бацька быў начальнікам пошты. Дактароў не хапала, прыходзілася асвойваць смежныя спецыяльнасці: церапеўта, хірурга, гінеколага і дэрматавенеролага. Падрыхтоўка была добрая. Калі пераехала ў 1957 годзе ў Рэчыцкі раён, за плячыма быў назапашаны добры вопыт.

У 1952 годзе атрымала першую Ганаровую грамату Цэнтральнага камітэта таварыства Чырвонага крыжа БССР. Актыўны ўдзел прымала ў грамадскай рабоце, мела камсамольскія даручэнні. Працавала ў вёсцы Холмеч, затым прыехала з сям’ёй у вёску Броннае. У 1961 г. пачалі будаваць хату. Працавала ў школе медсястрой, у дзіцячым садзе калгаса «40 лет Октября», два гады сакратаром Жмураўскага сельскага савета. На кожным участку працоўнай дзейнасці спраўлялася выдатна.

Нехта спытае, а як жа даглядалі дзяцей? Прасілі старых бабуль, наймалі няньку, а ўвечары клапаціліся самі.

З цеплынёй гаворыць Ніна Дзянісаўна пра сваю свякроў Кацярыну Васільеўну Гапоненка (1897 г. н.), якая вырасціла з мужам 11 дзяцей. Адно дзіцё памерла. А двое сыноў загінула на франтах вайны. Усім дзеткам давала даручэнні па хатняй гаспадарцы. У хаце быў парадак, ніхто не гультайнічаў. Сама яна была выхадцам з вялікай сялянскай сям’і, у маладосці пешшу хадзіла працаваць на запалкавую фабрыку ў Рэчыцу. У шасцідзесяцігадовым узросце працавала ў калгасе. Дзялілася сваімі ведамі з нявесткай. Адзначана медалю «Мать-героиня».

У 60-я гады вёска Броннае пачала абнаўляцца. ФАП у той час знаходзіўся ў наёмным памяшканні. З дапамогай Н. Д. Гапоненка праз тры гады райфінаддзелам былі выдзелены сродкі на фінскі будынак. Дапамог арганізаваць будаўніцтва старшыня калгаса Г. С. Лямешка. Быў створаны актыўны камітэт, куды ўваходзіла і Ніна Дзянісаўна. Вырашаліся пытанні будаўніцтва бані ў вёсцы Броннае, на ферме – душавой кабінкі на два месцы, выбіралі месца для будаўніцтва новай школы. Кіраўнік камітэта Васіль Іосіфавіч Атаманчук даваў слушныя парады. Дзякуючы старшыні Жмураўскага сельскага савета Лідзіі Ільінічны Бажэнка, бронненскі ФАП быў абкладзены цэглай, уцяплёны.

На гэтым медпункце побач з Нінай Дзянісаўнай каля 20 гадоў працавала Любоў Аляксандраўна Гапоненка, якая магла аказаць першую медыцынскую дапамогу, была добрым памочнікам.

Калектыў Бронненскага ФАПа пастаянна ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі ўрача раёна. ФАП лічыўся школай перадавога вопыту. Патрэбна было абслугоўваць 1 800 чалавек. Да фельчара часта звярталіся за дапамогай уночы, за кансультацыямі, тлумачэннямі. Адзін раз у тыдзень Н. Д. Гапоненка працавала на хуткай дапамозе. Быў час, калі ў Жмураўскім сельскім клубе быў адкрыты ўніверсітэт здароўя, рэктарам якога была фельчар Н. Д. Гапоненка.

Невыпадкова ў 1976 г. яна стала Выдатнікам аховы здароўя СССР, пераможцай спаборніцтва абласнога значэння. Ёсць у яе Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР. У 1981 г. была ўручана медаль «За трудовую доблесть», пазней – медаль «Ветеран труда». Ёсць шматлікія граматы раённага і мясцовага значэння. Жанчына выконвала дэпутатскія абавязкі 26 гадоў у Жмураўскім сельскім савеце. Адзін сазыў выбіралася дэпутатам Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных у 1963 г. Увесь працоўны стаж Ніны Дзянісаўны складае 44 гады.

Працавала жанчына-маці, мела актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзельнічала ў грамадскім жыцці вёскі Броннае, расціла сваіх дзяцей, кахала мужа і не шкадуе ні аб чым. Любоў да людзей напаўняла яе жыццё новым сэнсам і радасцю мацярынства, дарыла станоўчыя эмоцыі, умацоўвала волю, характар.

Радасна глядзяць яе вочы на сваіх унукаў, праўнукаў, дзяцей. Хораша і спакойна на сэрцы. Зараз можна займацца любімым заняткам – складаць радавод пра сваіх сваякоў. І гэта ўхвальна, бо не ведаючы сваіх каранёў, страціш Радзіму. А так нашчадкам застанецца памяць.

Шчасця і радасці, здароўя, дарагія матулі! Няхай дзень са шчасця пачынаецца, бо яно рана прачынаецца і матулі ўсміхаецца.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети