З пісем жыхароў Рэчыцкага раёна ў рэдакцыю: Залатая восень
Источник: Dneprovec.by Фото: з інтэрнэту, носіць ілюстрацыйны характар
Хутка восень заканчваецца, а ў маёй памяці застыў малюнак дзіцячай гульні ў парку.
Пад бярозамі ляжыць шмат залатога лісця. Ціхі ветрык гайдае галіны дрэў, і яно сыплецца павольна на зямлю. Дзяўчынка і хлапчук тут бавяць час са сваімі маці. Прагучала прапанова:
– Давай гуляць у восень!
– А як? – спытаў хлапчук.
– Ты будзешь ветрам.
– А ты – восенню, – дадаў хлопчык.
Вось тут і пачалася вясёлая гульня. Хлапчук, раскінуўшы рукі, голасна дзьмуў і ганяўся за дзяўчынкай. А тая, набраўшы поўныя жмені лісця, падкідвала ўгору. Лістота абсыпала дзяцей. Тут і маці падключыліся да дзетак. Падняўся сапраўдны свавольны вецер. З дрэў больш стала абсыпацца лісце.
– Лісцвяны дождж, залатоўкі ляцяць! – з вясёлым захапленнем крычалі дзеці.
– А сонейка нам усміхаецца, – засмяяліся маладыя матулі.
І да мяне дакранулася восень-чараўніца залатой лістотай. І душа мая ўзляцела да неба. Як добра ляцець і бачыць усё, што робіцца на зямлі. Вось бы чароўную палачку мець! Дзе што не так дзееца ў свеце – дапамагчы стаць на прамую сцежку, выправіць памылкі, якія зрабіў чалавек.
Восень непазбежна з’яўляецца ў жыцці кожнага з нас. Яна, нібы той мастак, малюе яркія фарбы на дрэвах, упрыгожвае наваколле. Лёгкім штрышком дакранулася восень і да мяне. Павуцінкі срэбра з’явіліся на валасах.
Ах, восень-восень! Твае аблічча мне нагадвае чалавечы твар, які кожную хвіліну можа змяніцца ў залежнасці ад пачуццяў. Хутка твая істота схаваецца ў пажоўклым лісці дрэў, затым скурчыцца ў полымі агню і знікне да наступнага года. Бо спадарыня-зіма вось-вось прыйдзе да нас. Усё замёрзне, застыне, пагрузіцца ў літаргічны сон. Да вясны…
Ніна ТРОШКА, в. Жмураўка