Культура > Духовность

993

Гісторыі ад жыхароў Рэчыцкага раёну: «Свята»

 +

Ледзь прачнуўшыся, дзяўчынка ўспомніла, што сёння незвычайны дзень – свята Вялікадня. Да гэтага дня рыхтаваліся ўвесь тыдзень.

У нядзелю бабуля свяціла вярбу ў царкве. Прыйшла дамоў і лёгенька біла пасвяцонай галінкай вярбы ўсіх: маці, тату і яе – са словамі: «Не я б’ю, вярба б’е, за тыдзень Вялікдзень». Потым маці ўтыкнула галінку вярбы на покуць за абразы, выйшла на двор і тры разы сцебанула карову, прыгаварваючы: «Ідзі, кароўка, ў поле, вяртайся без усякай бяды, без усякай хваробы», і выгнала на луг пасвіцца. А бабуля растлумачыла сваёй унучцы, чаму маці так рабіла:

– Запомні, унучка, гэта, каб бяда і гора абміналі іх, а кароўка дамоў вярталася здаровай. А яшчэ ў час навальніцы галінку вярбы ставяць на вакно, каб маланка не ўдарыла ў хату. Абярэг такі.

Аленка зірнула на пакой. Было чыста, грубка і печ пабелены. Чыстыя занавескі вісяць на вокнах. Усе стараліся зрабіць парадак у хаце, на двары. А ў чысты чацвер схадзілі ў лазню, каб ачысціцца ад усякай напасці. У Вялікую пятніцу бабуля казала, што ў гэты дзень памёр на крыжы распяты Іісус Хрыстос, выкупаючы людскія грахі. У гэты дзень рыхтаваліся да выпечкі пасхі, булак. Забаранялася есці да асвячэння ў царкве, бо гэта быў вялікі грэх. Што ж, прыйшлося радаваць душу прыемнымі пахамі. Хацелася адшчыкнуць кавалачак, але маці і бабуля не дазвалялі спакусіцца. У суботу фарбавалі яйкі. Маці сабрала шалушкі цыбулі ў каструлю, заліла вадой і зварыла яйкі. Бацька сядзеў паважна за сталом і куштаў іх. Гэта адказнае мерапрыемства. Стукаў па зубах вострым наском яйка і па звуку вызначаў, моцная шкарлупка ці не. Мацакі адкладваў у асобную талерку. На Вялікдзень збіраліся мужчыны, падлеткі на галоўнай вуліцы вёскі і гулялі ў біткі. Разбітае яйка аддавалі суперніку. У гэты дзень людзі віталіся святочным прывітаннем «Хрыстос уваскрос», а ў адказ гучала «Ваісціну уваскрос». Яно прыдае асаблівасць Вялікадню.

Алёнка хуценька ўскочыла з ложка і ўбачыла падарункі ад бацькоў: новую жоўтую сукенку сонца-клёш і сандалікі з белымі шкарпэткамі. Ой, як прыгожа! Радасная дзяўчынка, апрануўшыся ва ўсё новенькае, выйшла на вуліцу. Ціхая, сонечная раніца. Птушкі спяваюць і дзяўчынку вітаюць са святам. Яна кружанулася, і падол сукенкі ўзняўся ў паветры, як сонейка.

Бабулька, мама, я – сонейка! – закрычала радасна дзяўчынка. – Хрыстос уваскрос!

Ваісціну уваскрос! – заўсміхалася бабуля. – Сёння светлае свята, усе справы, жаданні светлыя.

Яна ўзяла крашанку, апусціла ў свяцоную ваду, затым памыла тварык унучцы гэтай вадой, каб дзяўчынка была здаровая і прыгожая.

А цяпер сядай за стол, паспрабуй пасвяцонай пасхі, яйка, рознай смакаты.

Дзяўчынка з задавальненнем глядзела на сваіх родных і дзякавала Богу за ўсё светлае, добрае ў яе жыцці.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети