04/05/2018

У Васілевічах прайшоў «Пасхальны фестываль»

Цікаўным разнастайным жыццём жыве Васілевіцкая гарадская бібліятэка імя І. Я. Навуменкі. Пастаянна тут праходзяць цікавыя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых.

Цікаўным разнастайным жыццём жыве Васілевіцкая гарадская бібліятэка імя І. Я. Навуменкі. Пастаянна тут праходзяць цікавыя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых.

Не выключэннем стаў і мінулы тыдзень: па ініцыятыве і арганізацыі прыхода храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы горада Васілевічы адбыўся «Пасхальны фестываль», які не пакінуў раўнадушнымі многіх васілёўцаў.

Асабліва прыемна, што ў мерапрыемствах бралі ўздзел навучэнцы мясцовай школы. Першы дзень фестывалю, 20 красавіка, быў арганізаваны для дзяцей з інсцэніроўкай казкі, пасхальнымі песнямі, са знаёмствам з дзіцячай хрысціанскай літаратурай. Асабліва запомнілася і ўразіла пасхальная казка «Насцечка», якую падрыхтавалі навучэнцы пачатковых класаў пад кіраўніцтвам Леаніда Іванавіча Шульгі і Ірыны Іванаўны Шульга. Самадзейныя артысты з задавальненнем выконвалі свае ролі, спявалі песні. Героі казкі старана дапамагалі дзяўчынцы Насцечцы падрыхтавацца да свята: прынеслі святочнае адзенне, падрыхтавалі ўсё неабходнае для прыгатавання пасхальнага куліча. Якое ж было задавальненне, здзіўленне на тварах дзяцей, калі на прыгожым рушніку ў залу ўнеслі духмяны пасхальны куліч! Усе прысутныя пасмакавалі святочны пачастунак. Прыняў удзел у «Пасхальным фестывалі» іерэй Павел, які вельмі цікава расказаў дзецям аб гісторыі і традыцыях святкавання Пасхі, адказаў на розныя пытанні прысутных.

Дзецям мерапрыемства вельмі спадабалася.

22 красавіка, у нядзелю, фестываль працягнуў сваю работу. На гэты раз мерапрыемства было падрыхтавана для дарослых. Чытальная зала бібліятэкі ледзь умясціла ўсіх жадаючых прыняць удзел у гэтым свяце. Павіншаваць гасцей прыйшлі дзеці са сваім святочным падарункам. У цудоўным выкананні царкоўнага пеўчага хору гучалі пасхальныя песні. Потым перад прысутнымі выступіў іерэй Павел, які павіншаваў усіх з вялікім святам і вельмі змястоўна адказваў на шматлікія пытанні прысутных. Самыя цёплыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць Наталлі Васільеўне Міхалка з Рэчыцы, якая прадставіла на мерапрыемстве свае цудоўныя работы – вышытыя бісерам іконы. Яны нікога не пакінулі абыякавымі. Напрыканцы свята Наталля Васільеўна правяла яшчэ і майстар-клас па бісерапляценню, які зацікавіў многіх. Мы яшчэ раз упэўніліся, як многа ў нас таленавітых людзей!

Такі «Пасхальны фестываль» у нашым горадзе праходзіць упершыню, але трэба адзначыць, што першы блін не быў комам. Усе прысутныя сышліся на думцы, што такі фестываль будзе традыцыйным.

Мы, прысутныя, выражаем шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто браў удзел у падрыхтоўцы гэтага цудоўнага свята. Асабліва хочацца падзякаваць супрацоўнікам бібліятэкі за гасціннасць, дабразычлівасць і дапамогу ў арганізацыі і правядзенні цудоўнага мерапрыемства.



--- взято с сайта dneprovec.by ---