Культура > Духовность

2867

Рэчычане прынялі ўдзел у стварэнні брацкай свечкі ў Дудутках

 +

Пяты год запар пчаляры рэспублікі стваралі брацкую свечку. Згодна традыцыі, мерапрыемства праходзіла ў музейным комплексе старадаўніх народных рамесніцтваў і тэхналогій «Дудуткі» (Пухавічскі раён) пры падтрымцы адміністрацыі згаданай установы. Было наладжана ў час Калядных Святак 12 і 13 студзеня.

А адзінаццатай гадзіне ў доме, дзе пражывае мясцовы святар іерэй Дзіанісій Філімонаў, сабраліся арганізатары свята, пчаляры-аматары, некаторыя з членамі сямей, і проста жадаючыя. Увогуле, 35 энтузіястаў-добраахвотнікаў з’ехаліся з Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Своеасаблівым пропускам на свята з’яўляўся воск: кожны ўдзельнік ахвяраваў яго пэўную колькасць. Гэткім чынам прысутныя намагаліся зрабіць асабісты ўнёсак у брацкую свечку.

Пасля благаславення на добрую справу іерэя Дзіанісія ў храме Святога Іаана Прадцечы гурт удзельнікаў з залатымі кубікамі воску накіраваўся ў музей старадаўніх народных рамесніцтваў і тэхналогій. У доміку бортніка – дарэчы, у ліку экспанатаў маецца станок для вырабу свечак, а таксама шматлікія дэкаратыўныя васковыя свечкі – пчаляры прыступілі да драблення вялікіх кавалкаў воску. А затым, памясціўшы іх на вялізныя бляхі, паставілі ў печ пякарні музейнага комплексу, каб разагрэўся і стаў падатлівым, мяккім матэрыялам.

Тым часам можна было наведаць музейныя залы-павільёны, пазнаёміцца з прадметамі побыту даўніны, прыстасаваннямі і станкамі, вырабамі ткацтва, лазапляценнем, а таксама сыраварняй. Шмат каго прывабліваў павільён «Аўтарэтра» і інш.

Пчаляры ж дзяліліся вопытам па развядзенню пчол. Так, мінчанін Юрый Шчогалеў, які, дарэчы, з’яўляецца адным з арганізатараў наладжанага свята, расказаў аб асабістай методыцы фарміраванню пчаліных адводкаў і нарошчванні пасля таго пчоласямей.

Леанід Кузьменка дэманстраваў аблегчаны асабісты корпус вулля, якім ён, пчалавод-наватар, з поспехам карыстаецца. Паказаў уласна удасканалены пылказборнік і г. д.

Затым – цікавы аповяд аб бортніцтве, як старадаўнім занятку, якое існуе і зараз на Палессі, а, дакладней, у Лельчыцкім раёне, што на Гомельшчыне, і Століншчыне (Брэсцкая вобласць). Бортніцтва як з’ява, бортніцтва як старадаўні занятак, бортніцтва як частка культуры і этнаграфіі палешукоў.

Можна спрачацца аб мэтазгоднасці, цяжкасцях, звязаных з, як кажуць, устарэлымі метадамі ваджэння пчол. Многія здзіўляюцца і задаюць пытанне: маўляў, дзеля чаго лазіць па дрэвах немаладым мужчынам, калі вынікі працы не заўсёды рэзультатыўныя?

Выступленне-даследаванне Івана Осіпава (таварыства (братэрства) «Босыя бортнікі») падмацаваўся паказам фільма пра апантаных ідэяй бортнікаў-палешукоў.

Затым гурт удзельнікаў свята накіраваўся ў пякарню, дзе ўсё было падрыхтавана да вырабу брацкай свечкі. Адны размягчалі воск рукамі і невялікімі кавалачкамі падавалі пчалярам, якія прыстасоўвалі іх вакол кнота.

Праца была вельмі заўзятая, з прыўзнятым настроем. А калі зайгралі музыкі з гурта «Стары Ольса», залу напоўніла старадаўняя музыка. Быццам гукі дуды (Дзмітрый Сасноўскі) ды гусляў (Алесь Чумакоў) пераносілі прысутных на некалькі стагоддзяў таму назад. Яны, чароўныя гукі, краналі да глыбіні душы. Пры адчуванні атмасферы братэрства, еднасці і ўзаемадапамогі. А яшчэ душу пранізвала пачуццё любові да сваёй Радзімы, свайго народа, павагі да продкаў.

І вось свечку-нарыхтоўку кладуць на вялікі стол, і дужыя мужчынскія рукі валяюць-качаюць яе, каб стала гладкай і прывабнай. Урэшце прыгажуню-свечку змяшчаюць у спецыяльнае прыстасаванне, каб яна застыла. Нясуць у храм. Здалёк жа свечка згадвае мармуровы слуп.

І толькі назаўтра, пасля Літургіі, святар асвеціць свечку, якая будзе гарэць у храме на працягу ўсяго года.

Зазначым: свой унёсак у паўтарамятровую брацкую свечку зрабіў і грамадзянін Італіі Лоренцо, які пражывае на поўдні сваёй краіны. Патрапіў жа на мерапрыемства разам з жонкай, беларускай Вольгай.

У ліку гасцей быў і грамадзянін Казахстана.

А пакуль жанчыны рыхтуюць стравы да святочнага стала, які таксама накрываецца сумесна, у асобнай зале праходзіць дэгустацыя мядовых напояў.

Дарэчы, год ад году шліфуецца майстэрства па іх стварэнню. Энтузіясты імкнуцца знайсці старадаўнія рэцэпты. Такім чынам адраджаецца традыцыя па стварэнню якасных пітных мёдаў.

І тут цяжка было вылучыць пераможцаў. Таму экспертам выступіў італьянец Лоренцо (сам з сям’і вінаробаў).

Па старадаўняй традыцыі вялізны гліняны кілішак напаўняецца мядовым напоем і ідзе па кругу (абрад Келіх Кола). Перадаецца з рук у рукі: кожны павінен адкаштаваць з яго, віншуючы сяброў, прысутных, выказваючы пажаданні. Абстаноўка цёплая, сардэчная.

Дзеці расказваюць вершы, граюць на піяніна, флейце.

Разам з гукамі гармоніка загучала і беларуская народная песня.

– Гісторыя стварэння брацкай свечкі цягнецца далёка ў мінуўшчыну, – расказвае адзін з арганізатараў свята Сямён Русаковіч. – Ідэя яе стварэння вельмі простая. Многія праваслаўныя не мелі магчымасці наведваць храмы і маліцца там з-за іх адсутнасці ці значнай аддаленасці. А патрэба ў тым была. Таму бортнікі збіраліся і рабілі брацкую свечку. І пакідалі яе ў самай беднай сям’і. Пасля таго, як заканчвалі работу, частаваліся. А рэшткі ежы не забіралі, пакідалі на стале, тым самым падтрымлівалі бедных. На працягу года ў тую хаціну збіраліся людзі, каб маліцца.

Што і казаць, глыбокі сэнс закладзены ў старадаўнім абрадзе стварэння брацкай свечкі. І хочацца адрасаваць вялікі дзякуй ініцыятарам і арганізатарам мерапрыемства, якія дэталёва вывучылі народна-мядовую традыцыю, прыклалі шмат намаганняў, каб адрадзіць беларускі абрад, аб якім расказвалася вышэй, каб зберагчы спадчыну.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети