Спорт

4255

Сем дзясяткаў удзельнікаў з шасці гарадоў сабрала ў Рэчыцы адкрытае першынство раёна па веласпорце на шашы

 +

Адкрытае першынство Рэчыцкага раёна па веласпорце на шашы сярод юнакоў і дзяўчат сабрала ў мінулыя пятніцу і суботу ў нашым горадзе юных спартоўцаў з Рэчыцы, Мазыра, Жлобіна, Калінкавічаў, Буда-Кашалёва і Гомеля.

Агульная колькасць удзельнікаў – каля 70 чалавек. Варта сказаць, што рэчычане выступілі на спаборніцтвах вельмі ўдала.

Адкрываючы першынство, начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Дземянчук адзначыў, што зараз у Рэчыцы адбываецца сапраўднае свята веласпорту. Аляксандр Валянцінавіч пажадаў трэнерам спраўджвання іх спадзяванняў, а ўдзельнікам – спартовых прамог. Дарэчы, адкрыццё спаборніцтваў адбылося на пляцоўцы ў двары СДЮШАР № 1, дзе рукамі саміх жа юных раварыстаў і іх дарослых кіраўнікоў створана ўнікальная траса для заняткаў такім накірункам веласпорту, як ВМХ. І многія госці Рэчыцы гэтаму аб’екту па-добраму зайздросцілі.

Пасля ўрачыстага ўзняцця сцяга пад кранальныя гукі гімна і адкрытых такім чынам спаборніцтваў калона ўдзельнікаў у суправаджэнні машыны дарожна-патрульнай службы рушыла на шашу, што злучае Рэчыцу з вёскай Маўчаны. Менавіта там меліся адбыцца гонкі. У першы дзень прайшла гонка з паасобным стартам. Удзельнікі былі падзеленыя на тры катэгорыі: дзяўчаты, юнакі 2004 году нараджэння і маладзейшыя, якія ехалі дыстанцыю ў 5 кіламетраў, і юнакі 2002–2003 гадоў нараджэння, якім неабходна было пераадолець 10 кіламетраў.

Нашыя дзяўчаты ў «паасобцы», на жаль, спыніліся ў кроку ад прызавых месцаў – усяго на адну секунду (8.41) апярэдзіла нашу Ангеліну Астроўскую жлабінчанка Яна Гузанава, якая стала трэцяй. А вось рэчыцкія хлопцы парадавалі сваіх заўзятараў: сярод юнакоў 2004 году нараджэння і маладзейшых на другім месцы з вынікам 8.41 апынуўся Аляксандр Карняенка, які вучыцца ў СШ № 8. А ва ўзроставай катэгорыі 2002–2003 гадоў нараджэння ўвесь п’едэстал гонару стаў нашым: трэцюю прыступку заняў Максім Іванец з ВПК № 1, які прайшоў «дзясятку» за 17.04, другое месца скарылася Мікіту Туру з СШ № 4, які паказаў вынік у 16.03 хвіліны, а перамогу святкаваў вучань дзясятай школы нашага горада Дзям’ян Цуркан, які паказаў найлепшы вынік «індывідуалкі»: дзесяць кіламетраў за 15 хвілін 54 секунды.

Зрэшты, гэтыя ж лідары не пакінулі камяня на камяні ад сваіх супернікаў, і ў наступны дзень спаборніцтваў, калі праходзілі групавыя гонкі, – дзяўчаты і малодшыя юнакі змагаліся на дыстанцыі ў 15 кіламетраў, а старэйшыя хлопцы – на 25 км. Тут рэчычане змаглі паказаць, што яны могуць зладжана дзейнічаць, дапамагаючы сваім сябрам па камандзе. Было працы і судзейскай калегіі на чале з галоўным суддзёй спаборніцтваў Андрэем Рашуком. Ангеліна Астроўская паказала другі вынік сярод дзяўчат. Аляксандр Карняенка стаў першым сярод юнакоў 2004 году нараджэння і маладзейшых, а ў старэйшай узроставай катэгорыі кубак пераможцы зноў жа чакаў Дзям’яна Цуркана, другім стаў Мікіта Тур і толькі на трэцяе месца на сваім ровары здолеў прыімчаць спартовец з Буда-Кашалёва Іван Лебедзеў.

Юныя спартоўцы з Рэчыцы
Юныя спартоўцы з Рэчыцы

Дыпломы і кубкі прызёрам і пераможцам адкрытага першынства раёна па веласпорце на шашы ўручаў намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Горбач і кожнаму з тых, каму ён паціскаў руку, Аляксандр Анатольевіч зычыў не спыняцца на дасягнутым, а развівацца і ўдасканальвацца.

Галоўны натхняльнік спаборніцтваў, найвядомейшы рэчыцкі трэнер па веласпорце, першы трэнер Васіля Кірыенкі, чыё імя не мае патрэбы ў прадстаўленні, Пётр Хрытонаў, пачынаючы гэтыя спаборнтцтвы, казаў, што асноўная іх мэта – высветліць перспектывы рэчыцкага веласпорту, зразумець, ці ёсць сярод нашай моладзі вартая змена дзейсным вядомым спартоўцам. І ўжо на другі дзень Пётр Іванавіч з задавальненнем адзначыў, што рэчыцкі веласпорт не губляе сваёй славы. «Наш горад па-ранейшаму здольны выхоўваць годных майстроў у гэтым відзе», – сказаў рэчыцкі мэтр веласпорту.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети