Общество > Сельская жизнь

4850

На маршруце – Камсамольскі сельскі Савет

 +

Жураўлі на Палессе ляцяць

Камсамольскі сельскі Савет – самая аддаленая ад Рэчыцы адміністрацыйная адзінка раёна. Каля паўсотні кіламетраў трэба праехаць з райцэнтра, каб трапіць толькі ў цэнтральны населены пункт Савета – аграгарадок Камсамольск.

Пры гэтым чатырнаццаць вёсачак і пасёлкаў сельсавета раскіданыя на даволі значнай тэрыторыі. Гэта штодзённы клопат старшыні Камсамольскага сельсавета Валянціны Булкі: на памяць яна асабіста ведае ўсіх тубыльцаў, а яны пры сустрэчы адразу шчыра і з вялікай павагаю вітаюць сваю Фёдараўну. Праўда, некаторыя населеныя пункты, такія як Баранаўка, Дабужа, Кастрычнік, на сёння, паводле афіцыйных дакументаў, складаюцца ўсяго з аднаго падворка, які даглядае ўсяго адзін жыхар. А насупраць назвы пасёлка Гарадок у зводнай табліцы насельніцтва цяпер засталіся адны нулі. Хутка гэты населены пункт знікне з карты раёна. Тры чалавекі ў адной хаце засталіся і ў вёсцы Шоўкавічы – малой радзіме нашага вядомага земляка – пісьменніка, галоўнага рэдактара часопісаў «Вясёлка» і «Буся», старшыні праўлення Беларускага дзіцячага фонду Уладзіміра Ліпскага.

У свой апошні прыезд у Рэчыцу Уладзімір Сцяпанавіч прапаноўваў не пакінуць знікаючыя вёскі без памяці: каб нашчадкі тых апошніх жыхароў, што сыходзяць у лепшы свет з апошніх хацінак прыбярэзінскіх вёсак, паклапаціліся пра тое, каб на месцы, дзе некалі стаяла вёска, што дала пачатак роду, былі ўсталяваныя хаця б нейкія памятныя знакі. Сам Ліпскі гатовы распачаць будаўніцтва на месцы Шоўкавічаў невялічкай каплічкі.

У цэнтры ж Савета – аграгарадку Камсамольск – цяпер жыве амаль паўтысячы жыхароў, паўтары сотні чалавек – у Сведскім, 140 насельнікаў – у Першамайску, 130 – у Вузнажы. Гэта найбольшыя вёскі сельсавета.

А тым часам сапраўднае палескае жыццё ў яднанні з прыродай, у спрадвечных сялянскіх клопатах, з адпаведнымі народна-нацыянальнымі заняткамі павольна цячэ і ў буйных, і ў невялічкіх вёсачках паміж векавечных лясоў. Тут шмат сапраўды творчых людзей. А натхненне яны чэрпаюць ад тутэйшага «дзюрдзеўскага» наваколля. Дзюрдзеў – менавіта так зваўся сучасны Камсамольск да пераіменавання савецкіх часоў. А наваколле тут і сапраўды дзівоснае. Лясы, балоты, імклівая рэчка Сведзь і малодшы брацік сівога Дняпра – танюсенькая, нібы блакітны матузок, рачулка Днепрык – усё гэта зачароўвае сваёй першазданнасцю, нейкаю загадкавасцю.

А на самым уездзе ў Камсамольск, у якіхсьці пары сотнях метраў ад двухпавярховікаў цэнтральнай вуліцы, на мінулагоднім кукурузным полі леваруч ад асфальтаванага пад’езда да аграгарадка нас сустрэла пара жураўлёў. Чырвонагаловы журавель важна выступаў паміж зеляніны маладой травы, што ўзыйшла на кукурузнішчы, а за ім павольна рушыла ягоная сяброўка. Незабыўнае відовішча, якое нагадала словы Алеся Ставера з вядомай песні: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю жураўлі на Палессе ляцяць!». І сапраўды, такая вялізная любоў гэтых птушак, што імкнуцца са спякотных поўдняў да сваёй сціплай беларускай радзімы – азёрна-рабінавага краю з сасновымі далямі і сакавітымі мурожнымі пожнямі – не можа не перадацца і людзям, што і жывуць сярод усяго гэтага хараства. Пра гэтых людзей – наш аповяд.

 

Адказны працаўнік і клапатлівы бацька

Міхаіл ГОШКА ўзгадаваны на прыдзюрдзеўскіх абшарах. Тут нарадзіўся, тут пражыў усё сваё вельмі працавітае жыццё. Родам Міхаіл Савельевіч з Крапіўні. Яшчэ ў 1977 годзе прыйшоў ён на працу ў саўгас «Камсамольскі». Пачынаў кіроўцам аўтамабіля ГАЗ-53. Потым служыў у войску. А тады ажаніўся з камсамольскай дзяўчынаю Святланай. Маладой сям’і саўгас даў дом у вёсцы Сведскае, дзе і дагэтуль жыве сям’я Гошкаў.

Міхаіл працаваў на трактары Т-150. Як лепшаму трактарысту, які вельмі адказна ставіўся да сваёй працы, менавіта яму прапанавалі стаць брыгадзірам аддзялення Сведскае. У 1986 годзе нават накіравалі на курсы кіруючых кадраў, каб да прыроджанай адказнасці ды арганізатарскага таленту дадаць і пэўную прафесійную падрыхтоўку. Амаль сем гадоў кіраваў Міхаіл Савельевіч усімі паляводчымі работамі ў Сведскім. Дапамагаў і тамтэйшай ферме. Вось ужо больш за 20 гадоў круціць ён стырно трактароў. Цяпер у яго – МТЗ-1221.

У 1992 годзе ў сям’і нарадзілася дачушка Галіна. Яе выгадавалі і выправілі ў свет: цяпер працуе ў Дэпартаменце аховы Міністэрства ўнутраных спраў. А калі Галя ўжо стала вялікаю, Міхаіл Савельевіч са Святланай Уладзіміраўнай, як самі прызнаюцца, вычыталі ў «Дняпроўцы», што дырэктар існаваўшага тады ў Рэчыцы дома-інтэрната для дзяцей-сірот Валяніца Няволіна прапанавала неабыякавым людзям зрабіць дзіцячыя канікулы гадаванцаў інтэрната больш прыемнымі, узяўшы дзетак у сем’і. Міхаіл са Святланай наважыліся і прыехалі ў інтэрнат. Там ім спадабаліся дзве дзяўчынкі-пагодкі Ганна і Анжэла. Пагасцілі яны на канікулах у далёкай ад горада вёсцы ў працавітай сям’і з ласкавымі людзьмі, ды так Міхаіл і Святлана ўжо і не здолелі развітацца з дзеткамі. Аформіліся прыёмнымі бацькамі. Дзяўчынкі хадзілі ў Камсамольскую школу. Дапамагалі па гаспадарцы. Выгадаваліся, скончылі школу, раз’ехаліся і стварылі свае сем’і.

А Міхаіл і Святлана Гошкі ўжо не змаглі жыць без дзіцячых галасоў у хаце. Зноў тут пачалі жыць дзве дзяўчынкі – Марына і Таццяна.

Цяпер ужо адна працуе пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы ў Рэчыцы, а другая – у адной з рэчыцкіх крамаў прадаўцом.

Сёння ў сям’і Гошкаў гадуюць Аліну. Дзяўчынка жыве ў Сведскім ужо тры гады і зараз ёй 10. Добра вучыцца ў Камсамольскай школе, нават бараніла гонар школы на раённай алімпіядзе па беларускай мове, дзе заняла трэцяе прызавое месца.

А Міхаіл разам са сваёй жонкай Святланай здольныя навучыць дзяцей не толькі стараннасці ў школе, але і звычайным сялянскім навукам, асноўная з якіх – працавітасць. У хлявах і на падворку Гошкаў стаіць карова, па двое цялят штогод гадуюць, рохкаюць парсючкі, павольна і важна ходзяць гусі і качкі, грабуцца куры. Каб нарыхтаваць усёй худобе кармоў, у гаспадарцы ёсць свой трактар МТЗ-50 і мотаблок.

А выгадаваныя Міхаілам і Святланай дзеці, хоць і ўзрасталі тут у розны час, але ж сталі адзінай дружнай сям’ёй. Як кажа Міхаіл Савельевіч, і зяці яму добрыя трапіліся. Усе разам – і дзяўчаты, і зяці – вось не так даўно прыязджалі: дапамаглі перабраць і пасадзіць бульбу. А да таго нават на вяселлях усе разам гулялі.

 

Амаль стагоддзе жыцця

Анастасія Паўлаўна МЕЦЕЛЕВА – мясцовая доўгажыхарка. Жыве яна ў Сведскім, але сама родам з вёскі Ляды Жлобінскага раёна. Нарадзілася ў 1918 годзе. Падчас вайны ў яе родную вёску немцы прыйшлі ў першыя тыдні вайны. І надарыўся пажар. У многіх хаты пагарэлі. А лесу вакол тых Лядаў не было (відаць, нездарма так вёска завецца). То і вырашылі маладыя дзяўчаты перабрацца праз Бярэзіну ў Рэчыцкі раён. Тут лес быў, а лічыць яго ніхто тады не лічыў. Паціху сякія-такія хацінкі і паскладалі. Праўда, гэта ўжо пасля вайны.

У Вялікую Айчынную ж Анастасія Паўлаўна ўпершыню сустрэлася з немцамі ў Шоўкавічах. Ужо на той час супрацоўнічала з партызанамі. Пераносіла нейкія паперы, якія камандзіры загадвалі некуды даставіць. У Анастасіі Мецелевай тады былі густыя доўгія валасы. Менавіта ў іх яна і хавала партызанскія данясенні. Пешкі хадзіла і ў Рэчыцу, і ў Жлобін. Даводзілася начаваць наўпрост на балотнай купінцы.

Пасля вайны працавала на свінарніку, потым на цялятніку. З мужам жыццё неяк не задалося. Засталася адна. Сама будавала сваю хату, у якой і цяпер жыве. Але ж у саўгасе грошы плацілі зусім малыя, таму, калі прыехалі вярбоўшчыкі, яна завербавалася на працу ў Грузію. Некалькі год там у сельскай гаспадарцы працавала. Сабрала трохі грошай ды вярнулася ў Сведскае. Дзяцей трэба было, як кажуць, у людзі выводзіць. Дарэчы, за сваю працу ў каўказскай рэспубліцы яна нават накіроўвалася на ўсесаюзную выставу народнай гаспадаркі, дзе была ўзнагароджана медалём.

Ужо пасля вяртання з Грузіі дабудавала да сваёй хаты трохсценак ды так і дагэтуль тут жыве. Нягледзячы на свой узрост, ляжаць у ложку Анастасія Паўлаўна не мае звычкі. Яшчэ летась сама агарод саджала: нарасціла і агуркоў, і памідораў, і гароху, і бабоў з фасоляю. Па чысцютка прыбраным двары і цяпер грабуцца пяць курак і певень. Няўрымслівая бабуля мае цвёрды намер справіць свой стогадовы юбілей. А мы шчыра жадаем ёй, каб гэта спраўдзілася.

 

Гаспадарлівая сям’я

Кацярыну КУРЫЛЕНКА чарнобыльская навала сагнала з роднай вёскі Варацец, што ў Хойніцкім раёне, і прывяла ў Камсамольск.

З кастрычніка 1986 года гэтая сям’я з трыма дачкамі жыве тут. Прыжыліся. Кацярына Фёдараўна ў роднай вёсцы 35 гадоў адпрацавала загадчыцай вясковай крамы, а ў Камсамольску рабіла загадчыкам гаспадаркі ў мясцовым дзіцячым садку. Дочкі пасталелі незаўважна. Цяпер старэйшая Наталля працуе доктарам-стаматолагам у абласным цэнтры. Сярэдняя Святлана, атрымаўшы прафесію дызайнера адзення, жыве і працуе ў Будапешце, выйшаўшы замуж за тамтэйшага жыхара. А вось малодшая Таццяна (па мужы Шапіранка) і школу ў Камсамольску скончыла, ды тут і прыжылася. Спярша, праўда, паездзіла крыху па свеце: у Маскве вучылася на оптыка, а потым у Гомеле ў ахове аб’екта працавала. Але лёс свой сустрэла ў Камсамольску. Муж Анатоль працуе кіроўцам аўтамабіля ў сельгаспрадпрыемстве, а сама Таццяна, як кажуць, на гаспадарцы.

А гаспадарка на падворку, дзе разам жывуць і маці, і дачка, дастаткова значная. Тут дзве каровы – Муська і Майка (мянушка апошняй паходзіць не ад ніжняй бялізны, а ад таго, што нарадзілася худобіна ў маі), тры свінні, сем курэй ды сабака з катом. Каб пракарміць усю гэтую мыкаюча-рохкаюча-квохчучую супольнасць, гаспадары абрабляюць восем сотак зямлі каля хаты, 15 сотак – надзел для агародніцтва і амаль гектар глебы, дзе вырошчваюць бульбу і збожжа.

Дапамагаюць бацькам ды бабулі і два ўнукі: Раман, які ўжо пайшоў на самастойныя хлябы і працуе трактарыстам у Рэчыцкім ДБУ-19, ды Павел, што пакуль заканчвае адзіннаццаты клас Камсамольскай школы.

Прадукцыя ўласнага падворка не толькі дапамагае зрабіць карысным і разнастайным стол у хаце, але і служыць важкім давескам у сямейны бюджэт: многія купляюць малако, яйкі. Рэалізуюць з падворка цялят, а цёлачак самі гадуюць на кароў.

Многіх у вёсцы зачароўвае дзівосны парадак на падворку і прыгожае аздабленне некалі тыпавога саўгаснага катэджа Курыленак. Усё з густам аброблена, а двор упрыгожваюць дрэвы і кусты яблынь, вішняў, вінаграду. Нават на голым яшчэ веснавым агародзе бачныя грады з зялёнай цыбуляй і часнаком, а таксама закладзеныя пасадкі кветак. Адным словам – сапраўдныя гаспадары тут жывуць!

 

Вучыць любові да Беларусі

Алена ДАНЧАНКА – настаўніца беларускай мовы ў Камсамольскай сярэдняй школе. Яна сама – тутэйшая. У 1984 годзе гэтую ж школу заканчвала, праўда, тады яна яшчэ месцілася ў старым будынку. Потым вучылася на філфаку Гомельскага дзяржуніверсітэта. Адначасова працавала ў роднай школе піянерважатай. А з 1992 года і дагэтуль працуе ў школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

У Алены Львоўны цудоўна атрымліваецца прывіваць сваім вучням любоў да роднай беларускай мовы. Рэгулярнымі сталі тут агульнашкольныя мерапрыемствы «Размаўляем па-беларуску», падчас якіх і без таго беларускамоўныя дзюрдзеўцы вучацца размаўляць не толькі на мясцовым дыялекце нашай мовы, але і прыгожа, літаратурна ўнармаванаю моваю. Разумеючы каштоўнасць роднага слова, якое здольна данесці да вучняў таленавіты педагог, дзеці праносяць павагу да нашай мовы праз усё жыццё. Пераважная большасць выпускнікоў Камсамольскай сярэдняй школы, паступаючы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і здаючы цэнтралізаванае тэставанне, аддаюць перавагу менавіта сваёй – беларускай мове. Хацелі б яны мець магчымасць і далей працягваць атрымліваць адукацыю ды працаваць па-беларуску. Бо веды ў нашай мове ў школе аддаленага аграгарадка даюць насамрэч трывалыя. Сёлетняя прызёрка абласной алімпіяды па беларускай мове Вікторыя Абібак – таксама вучаніца Алены Львоўны.

А вось, да прыкладу, побач з любай настаўніцай мы бачым пяцікласніцу Дар’ю ГРЫБ. Тутэйшая дзяўчынка яшчэ летась, як вучылася ў чацвёртым класе, заняла на раённым этапе прадметнай алімпіяды па беларускай мове ганаровае трэцяе месца. Першы поспех і падтрымка настаўніцы натхнілі здольную вучаніцу, і ўжо сёлета на такім жа этапе беларускамоўнай раённай алімпіяды яна скарыла найвышэйшую прыступку, заняўшы першае месца. Дарэчы, у Алены Данчанкі калісьці вучыліся і маці Дар’і, і яе бацька. Тата цяпер працуе ў Вузнажскім лясніцтве і дагэтуль на дзіва прыгожа размаўляе мілагучнаю беларускаю моваю.

А акрамя цэлай кагорты выпускнікоў школы, якія з удзячнасцю ўзгадваюць сваю настаўніцу, Алена Данчанка разам з мужам Сяргеем, што шчыруе механізатарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, выгадавалі чацвярых дзяцей: Юлію, Алену, Сяргея і Аляксандра. Цяпер ужо шчаслівых бабулю і дзядулю радуе маленькая ўнучка Ксенія.

У вольны час Алена Данчанка займаецца вышываннем, любіць гатаваць. Нядаўна, як сама прызнаецца, пачала засвойваць і мужчынскую працу:

– Жаночае я ўжо ўсё рабіць умею. Цяпер пераключылася на мужчынскія справы – раблю рамонт у хаце, кафлю кладу.

Алену Данчанку паважаюць і ў школе, і ва ўсіх навакольных вёсках. І пра такога чалавека мусяць абавязкова даведацца і нашыя чытачы!

 

Першамайская пявуння

Яўгенія АЛЕЙНІК у вёсцы Першамайск вядомая практычна ўсім. Нарадзілася тут – у Святым (гэта спрадвечная назва сучаснага Першамайска Камсамольскага сельсавета).

У 1965 годзе яна, як сама кажа, «пайшла замуж у гэтую хату». Яе муж Іван Фёдаравіч працаваў аграномам, потым брыгадзірам у Чарнейках і Камсамольску. «Ён у мяне граматны быў – тэхнікум скончыў!» – хваліцца Яўгенія Афанасьеўна.

А сама ж працавала ў саўгасе рабочай. Але вось ужо паўстагоддзя не можа яна жыць без песні. Менавіта таму ёй і прапанавалі ўзначаліць першамайскі клуб. Цэлае дзесяцігоддзе яна кіравала тутэйшай установай культуры. А потым існаванне клуба ў невялікай вёсцы побач з цэнтрам сельсавета, дзе ёсць больш значны культурны цэнтр, палічылі немэтазгодным. Яўгенія Алейнік тады пайшла працаваць сацыяльным работнікам – даглядала старэнькіх жанчын, з якімі некалі разам і вячоркі ў клубе ладзілі, і перад працаўнікамі саўгаса выступалі.

Цяпер ужо яна на пенсіі, але ж усё адно ходзіць ды то тое, то іншае дапамагае, як яна гаворыць, сваім бабулям: сталіся, як свае, яны для яе.

А ў Першамайску яшчэ вельмі заўважны падворак гэтай жанчыны. Хоць ужо некалькі гадоў жыве яна адна, але сваю хату і прылеглую тэрыторыю імкнецца трымаць не проста ў парадку, але і ў прыгажосці. Высаджвае паўз пафарбаваны ды размаляваны белакрылымі галубамі плот разнастайныя кветкі, усталявала фанерных буслікаў – усё ж вока радуе!

 

Майстрыха з Вузнажа

Анастасія ГОШКА – гэта майстрыха з Вузнажа. На маю просьбу распавесці пра сябе, яна з усмешкаю адказала: «А што расказваць? Тут нарадзілася, тут і паміраць буду!». Вось такія два полюсы чалавечага жыцця. А між імі – гады працы, цікавасці, асабістага жыцця.

Свой працоўны шлях Анастасія Іванаўна пачала з прадаўца ў мясцовай краме. Потым ахоўвала базу нафтавікоў, што месцілася ў Вузнажы. Адтуль і на пенсію пайшла. Муж яе Фёдар Мікітавіч ужо не з намі. А працаваў на трактары. Спачатку ў леспрамгазе, а потым у мясцовым саўгасе «Камсамольскі».

Але для большасці мясцовых жыхароў Анастасія Іванаўна вядомая як майстрыха на ўсе рукі. Яна і вышывае, і вяжа прыгожыя карункі ды карысныя цёплыя палавікі, так званыя кругі з розных анучак. Вяжа і звычайнае адзенне – кручком і пруткамі. Ад прыгожага ўбранства пакояў у яе хаце сапраўды радасна вачам, настолькі святочна выглядаюць пакрышкі на падушкі, невялічкія вышытыя карціны, карункавыя сурвэткі пад вазай з кветкамі.

Акрамя свайго народнага мастацтва, Анастасія Гошка яшчэ і добрая гаспадыня. Дагэтуль не можа сядзець без працы – каб не варыць ежу кабану, каб не сыпаць зерне курам і качкам, каб не перажываць за парсючкоў, што нараджаюцца ад свінаматак.

Анастасія Іванаўна выгадавала дзвюх дачок: Наталля цяпер у Бронным працуе прадаўцом у краме, а Ала, што жыве ў Зарэччы, дапамагае парадзіхам, робячы санітаркаю ў радзільным доме ў Рэчыцы. Ёсць у клапатлівай бабулі і сямёра ўнукаў, і нават адна праўнучка. Адным словам – паважаны чалавек наша гераіня. І за сваю працу, і нават за свае захапленні.

 

У свеце захапленняў

Таццяна ПАКЛОНСКАЯ ў Камсамольск прыехала паводле размеркавання пасля заканчэння Жыліцкага саўгаса-тэхнікума разам з сяброўкаю. Меркавалі адпрацаваць у гэтых глухіх мясцінах размеркаванне ды падацца ў горад, паступіць у акадэмію. Але лёс распарадзіўся іначай. Пакуль тое размеркаванне адпрацоўвалі, сэрца абедзвюх напаткала страла Амура. У выніку – павыходзілі замуж за першамайскіх хлопцаў ды так і засталіся срод лясных краявідаў Камсамольскага наваколля.

Муж Таццяны Андрэеўны – Міхаіл Пятровіч – 43 гады адпрацаваў за стырном аўтамабіля. Калі Таня прыехала ў Першамайск, то так сталася, што трапіла на кватэру цёткі свайго будучага мужа. Гэткім чынам знаёмства і завязалася. А потым і каханне, і доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё. Разам трох дзетак выгадавалі, адукацыю ім далі. Сёння старэйшы Андрэй служыць у міліцыі – вялікая зорка між двух прасветаў ужо ўпрыгожвае яго пагоны. Пагоны на плячах і ў сярэдняга сына Аляксандра – прапаршчык ён у папраўчай калоніі, што ў пасёлку Зарэчча. Да нядаўняга часу насіў зорку на адным прасвеце і малодшы Віктар – праўда, прасвет быў не на пагоне, а на пятліцы – працаваў майстрам лесу ў Мілаградскім лясніцтве, але цяпер перайшоў на Рэчыцкі метызны звод. Пяцёра ўнукаў – таксама радасць Таццяне Андрэеўне і Міхаілу Пятровічу. Старэйшаму – ужо 19, а малодшаму ўсяго 3 гадочкі.

Працоўны лёс Таццяны Паклонскай стаўся дастаткова заблытаным, але на ўсім працягу звязаным з Камсамольскам. Быў час, калі мясцовая гаспадарка лічылася элітна-насенневодчым саўгасам «Камсомольскі». І тады былы памочнік брыгадзіра комплекснай брыгады стала аграномам-насенневодам Гомельскага прадпрыемства «Сортсемовощ». Потым Таццяна перайшла на пасаду эканаміста па працы і заработнай плаце гаспадаркі. Потым паўтара дзясяткі гадоў працавала касірам, а калі ўзніклі кадравыя цяжкасці, папрасілі яе ўзначаліць эканамічную службу сельгаспрадпрыемства.

Таццяна Андрэеўна – вельмі творчы чалавек. Пакуль мы з ёю размаўлялі, яна выцягла аднекуль з шафы сшытак і пачала чытаць свае вершы. Варта сказаць, што паэтычныя радкі дастаткова высокай якасці. Магчыма, калі-небудзь яны з’явяцца і на нашых старонках, а пакуль жа Таццяна Андрэеўна сціпла паабяцала падумаць над публікацыяй сваіх твораў.

Акрамя паэтычнай творчасці, з рук Таццяны Паклонскай выходзяць дзівосныя вышываныя карціны. Яшчэ ў дзяцінстве ў сваёй роднай вёсцы Дуброва Жлобінскага раёна, ад якой сёння засталася ўсяго адна хацінка, Таццяна любіла маляваць. І гэтае захапленне яна пранесла праз усё жыццё, праўда, цяпер малюе не пэндзлем і фарбамі, а іголкай і ніткамі. Але ж атрымліваецца вельмі прыгожа.

У гаспадарцы ў Таццяны Андрэеўны і Міхаіла Пятровіча Паклонскіх дагэтуль некалькі курэй, парсючкі. Яшчэ нядаўна трымалі і карову, але цяпер здароўя ўжо не стае абслугоўваць гэткую патрабавальную да догляду жывёлу. Тым не менш усе, хто знаёмы з гэтай сям’ёй, ведаюць іх як людзей сумленных і працавітых, гаспадарлівых і адказных.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети