Общество > Сельская жизнь

3291

Чым жыве Гарывада. Падарожжа ў прыгарадную вёску

 +

Гарачы ліпенскі полудзень у невялікай вёсцы з парадаксальна-інтрыгуючай назвай Гарывада, што ў нейкім дзясятку кіламетраў ад Рэчыцы ў Перасвятоўскім сельсавеце, сустракае нас амаль пустымі вуліцамі, па адной з якіх толькі гойсаюць некалькі хлапчукоў на роварах і мапедзе. Гэтаю дарогай і кіруюся.

Пакуль малыя раварысты панесліся некуды ў дальні канец вуліцы, мне трапляюцца два хлапчукі ла калодзежа. Выгляд – відавочна не вясковы. Пытаюся ў хлопцаў:

– Мабыць з гораду да бабулі прыехалі?

– Да, мы тут в гостях, – чую надта правільную рускую мову ў адказ.

– З Рэчыцы?

– Нет, мы из Мурманской области, это в России.

– А як зваць вас?

– Я Саша, – адказвае чарнявенькі старэйшы хлапчук. – А он – Даниил.

– Браты?

– Нет, он мой друг. 

– І чым вы тут у вёсцы час бавіце?

– Да разное. Вон там у нас поле битвы, – паказвае Данііл на пустку на месцы знесенай хаты. – Там у нас бои на палках проходят. Делимся на два войска и сражаемся. По телу бить нельзя, кто оружие выбил, тот и победил.

– А гэта ваду – бабулі набіраеце?

– Да, понесем уже!

– Ну шчасліва правесці канікулы!

Шыбую далей па акуратнай вясковай вуліцы. Трава паўзбоч гравійнай праезнай часткі скошаная, каля многіх хат прыгожыя кветнікі.

Неўзабаве даганяю малых раварыстаў.

– Здрасьце! – крычыць мне здалёку хлапчыска з дзіркай замест аднаго зуба. – А сфоткайе як я ўмею буксаваць.

Ён па-заліхвацку робіць рэзкі разварот, націскаючы ў зваротным напрамку на педалі і тармозячы задняе кола, з-за чаго з пад яго узнімаецца воблака пылу а жвір разлятаецца ў розныя бакі.

– Сфоткалі? – з усмешкай пытаецца малы?

– Так! Сфоткаў!

– Класна!

– А вы тутэйшыя?

– Ага! Жывём там у начале дзярэўні, дзе ваша машына стаіць. Во з Нікітам катаемся, а то няма чаго рабіць дома.

– Вы ў школе вучыцеся?

– Ага! Перасвятоўская срэдняя школа. Я ва ўтарой клас перайшоў, а Нікіта – у трэці ўжо. А знаеце, хто мяне так буксаваць навучыў? Андрэй! Он ужэ бальшой. Уехал цяперака на мапедзе. Вы бачылі як яны паехалі толькі што? А у Нікіты ёсць яшчэ сястра Даша… – выдае мне процьму інфармацыі пра сваё вясковае жыццё Паша.

Але я развітваюся і шпацырую далей. Ля аднае з хат у цяньку старой слівы бачу двух мужчын. Адзін з іх абапіраецца на мыліцу, другі паліць ладную самакрутку з самасаду, укручанага ў кавалак газеты.

– Добрага здароўя!

– І табе не хвараць!

– Гарывадскія?

– А то ж! Тутака ж сядзім, нацца месныя…

– Ну як жыццё ў вашай вёсцы?

– А ну яго на халеру! Якое тут жыццё? Раней такая дзярэўня была! А цяперака – людзей няма. Вунь магазін закрыўся, няма каму прадаваць, – пачынаюць наперамену скардзіцца дзядзькі. – А што тая аўталаўка? Учора хлеб прывезла – дык ім жа гвоздзі можна забіваць! Хаця, добра цяпер – не трэба ісці ў магазін – пад хату пад’язджае. От добра, што прадсядацель дарогі парабіў. Раней я рабіў на «семдзесятчацьвёрцы» (савецкі гусенічны трактар ДТ-74 – заўв. аўтара), то па нашай вуліцы ўвосень вада аж у кабіну зацякала, такія лужыны былі. Цяперака – гравійка! Адно, што людзі з’язджаюць. Хаты тыя кінутыя стаяць, ждуць, пака сельсавет закапае. Са старых жыхароў адны бабулькі засталіся, ды Быхаб – самы стары наш гарывадзец.

– А што за Быхаб? – раблю выгляд, што не ведаю Васіля Іванавіча Мароза, які ледзьве не паўстагоддзя адпрацаваў лесніком прылеглага да Гарывады абхода.

– Ды дзед. На тым баку жыве. Хадзіце да яго, ён вам нарасказвае!

– А ці ведаеце вы адкуль назва такая ў вашай вёскі – Гарывада?

– А то ж! Не дурныя – у кніжцы чыталі. Ішоў некалі дзядька ля нашай дзярэўні, бычок у лужыну кінуў, а ён не патух, ды загарэлася ўсё балота. Гэта тут у Махах было. Ведаем! Чыталі! Нефць тут кругом, вот і гарэла лужа!

– Дык няўжо ж на паверхню тая нафта аж выходзіла? Чаму ж цяпер па два кіламетры свідруюць, каб яе здабыць?

– Бо зверху ўжо ўсё павысасывалі! Не жалеюць прыроду… 

На тым і разышліся. Прайшоўшы ў канец вуліцы, выйшаў агародамі на бетонную дарогу, што падыходзіць да Гарывады ад трасы М-10 Гомель-Калінкавічы. Замілаваўся навакольнымі пейзажамі, сярод якіх погляд прыцягвае гароднінасховішча сельгаспрадпрыемства «Выток» і ферма з традыцыйнай воданапорнай вежай, увенчанай ладнаю буслянкай. На палях прыгараднай гаспадакі – цыбуля і морква.

Вярнуўшыся па гэтай дарозе ў свайго роду «цэнтр» вёскі – да зачыненай крамы, ад якой разыходзяцца па абодва бакі «бетонкі» на Перасвятое два промні – канцы гарывадскай вуліцы, збочваю направа, дзе яшчэ не быў.

Тут сустракаю вялізны МАЗ-смеццявоз раённых камунальнікаў, які збірае смецца ад сялянскіх падворкаў. Зноў кідаецца ў вочы дагледжанасць вуліцы. Кветнікі. Адна нават не абшалёваная хата, але са шклопакетамі ў аканіцах і дзвюмя спадарожнікавымі талеркамі на франтоне. Прайшоўшы крыху далей зноў напрапіў на двух тубыльцаў, якія завялі камбайн і разбіраюцца ў хібах ягонай працы. Яны пільна на мяне пазіраюць, маўляў, хто гэта з фотаапаратам па нашай вуліцы швэндаецца. Нічога не застаецца, як падыйсці, прадставіцца.

– От і напішы у сваім «Дняпроўцы», што магазін у Гарывадзе нада адкрыць! Што гэта за дзела – аўталаўка толькі ў панядзелак, сераду і пятніцу прыязджае, а калі жанчыне трэба што ў аўторак? Тут жа не ўсе пенсіянеры! Сотні паўтары людзей жыве тутака цяпер. Зарплата, праўда, у саўхозе малая зусім, бо ўраджаю няма. А адкуль ён будзе, калі зямлю ўжо развучыліся пахаць – дыскамі пабегаюць і сеюць…

Выслухаўшы нараканні Валодзі і Гены, як прадставіліся мае суразмоўцы, я ўсё ж не губляю спадзявання сустрэцца з самым старым жыхаром вёскі, тым самым Быхабам, як клічуць яго па-вясковаму, бо Марозаў тут не адзін і не два. Падыйшоўшы да хаты Васіля Іванавіча, застаю яго разам з чорна-белым катом на лаўцы ля кветніка, над якім схілілася ўсыпаная барвовымі ягадамі вішня.

Разгаварыліся. Васіль Іванавіч узгадаў сваё ранейшае леснікоўскае жыццё.

А тады кажа:

– Хадземце, пабачыце якое ў мяне жыта сяголета ўрадзіла. У мой рост!

Паціху, абапіраючыся на кіёчак, вядзе Мароз мяне да палетку, які выходзіць амаль на вясковую вуліцу праз два двары ад селішча Быхаба.

– Во як расце! А колас які! Буду з хлебам! Але во бульбы сяголета ніяк не будзе. Дажджу няма ў нас цэлае лета. Думаў – бульбу не вывязу адсюль – зямля тут жырная, нізінка трохі. Але ж засушыла…

– А колькі вам гадаў, Іванавіч?

– Ды цераз два гады будзе дзвяноста!

– А я бачу ў вас у двары камбайн. Вы самі малацілі раней?

– Я і цяпер малачу! Праўда залетась мне аперацыю рабілі, во што! Упаў з камбайна. Але ж ачуняў. Цяпер ужо мо не буду – хай сын з Гомля прыязджае і сядае. Ён і цяпер у камбайне корпаецца – магнета рамантуе, нешта «пускач» не заводзіцца.

Васіль Іванавіч працягвае «экскурсію» па сваіх уладаннях. Заўважаю некалькі вулляў.

– Летась у мяне дванаццаць сямей пагіблі. Быў там за вуліцай рапс. А тады на яго нейкі чорны вусень напаў. А саўхоз узяў патравіў, а пчолы ж лёталі. І пагіблі. А сяголета на Юр’я прылятае сям’я. Дзікіх, лясных. Я іх прыбраў. Тады цераз дзень рой сядае, а шчэ цераз два – шчэ рой. Цяпер стала сем сямей. То буду з мёдам сяголета.

Побач з палеткамі Мароза, прывязаная, пасціцца яго чорная карова.

– Раней два стады было ў Гарывадзе па 80 галоў, а цяпер – дзве каровы: мая і вунь там шчэ адна прывязана. Не хоча моладзь рабіць! Я гектар зерня сею, а ў іх гароды пазарасталі. Ці ж гэта дзела? 

Акрамя каровы ў гаспадарцы Васіля Іванавіча і ягонай жонкі Праскоўі Васільеўны, якой муж усяго толькі загадаў наліць мне кубак малака з лядоўні, калі тая прыйшла з капаніцаю ад поля з бульбаю, яшчэ ладны кабан.

А ў розных гаспадарчых пабудовах чаго толькі няма: млын, цыркулярны станок, новая самаробная лодка (і дзе толькі плаваць збіраецца?), кузавы старых «Пабедаў». Відно, што чалавек старой загартоўкі, гаспадар!  Пакуль ходзім, Васіль Іванавіч чытае вершы ўласнага сачынення. Быў сярод іх нават панегірык дырэктару КСУП «Саўгас «Выток» Мікалаю Дубеню, з якім, як сцвярджае Быхаб, ён вельмі сябруе.

Шмат чаго распавёў мне самы старэйшы мужчына Гарывады. Можна асобную кніжку напісаць з яго аповядаў. А мне ж цікава атрымаць адказ на пытанне, якое ўзнікае ў кожнага, хто пачуе назву вёскі. Яго задаю на развітанне. Адказ усё ж здаўся больш праўдападобным, чым у маіх папярэдніх «этымолагаў» тутэйшай назвы:

– Раней, даўно, але я шчэ застаў у маладосці, там во за фермаю, як у лес дарога на Воўчую Гару ідзе, біла крынічка. Там бугор – а з яго крыніца б’е. Звычайна ж крыніцы ў яры якім, у даліне, а тут на гары. Вось людзі і казалі: «на гары вада». А тады, як вёска заснавалася, «на» паступова адпала, засталося «Гарывада». Там і цяпер на месцы тае крынічкі сажалка невялічкая ёсць, толькі цяпер зарослая ўся, нібы балота.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети