Общество > Сельская жизнь

4974

У аграгарадок Перасвятое прыйшоў прыродны газ

 +

Адгэтуль аграгарадок Перасвятое таксама падключаны да сусветнай газатранспартнай сістэмы і можа напоўніцу адчуць усе выгоды сучаснага зручнага паліва. Урачыстае адкрыццё абсталявання газазабеспячэння Перасвятога адбылося ў цэнтры аграгарадка.

Як паведаміў на ўрачыстасці старшыня Перасвятоўскага сельвыканкама Вячаслаў Мароз, Перасвятое ўжо рабіла некалькі спробаў газіфікавацца. Упершыню пра гэта думалі ў дзевяностыя гады, калі будавалася тая частка сучасага аграгарадка, дзе тады размяшчалі перасяленцаў з зоны эвакуацыі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нават трубы былі ўжо закупленыя і завезеныя. Але ўсеагульны развал не дазволіў тады давесці гэтую справу да заканчэння.

Наступным разам перасвятоўцы цешыліся спадзяваннем атрымаць блакітнае паліва ў 2010 годзе, калі былая вёска набыла статус аграгарадка. Але і тады не склалася. Паводле слоў мясцовага кіраўніка, у 2012 годзе жыхары Перасвятога звярнуліся да толькі што абранага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь   Адама Вашкова, які паабяцаў паспрыяць уключэнню аграгарадка ў праграму газіфікацыі. І сваё абяцанне Адам Сямёнавіч выканаў. Дзякуючы яго намаганням, зваротам у Міністэрства энергетыкі ў 2014 годзе да Перасвятога быў пракладзены падводзячы газаправод амаль ад Галаўных збудаванняў з-пад Рэчыцы, працягласцю болей за 3,5 кіламетры. Пры гэтым дзяржава выдаткавала на будаўніцтва гэтага газаправода каля 2,5 мільярда рублёў.

І вось ужо ў 2015 годзе кааператыў, створаны ў Перасвятым, здолеў арганізаваць будаўніцтва разводнага газаправода па вуліцах аграгарадка. Зараз тут да блакітнага паліва падключаны 90 домаўладанняў са 198 наяўных у населеным пункце. Практычна кожны другі перасвятоўскі гаспадар цяпер зможа адчуць вартасці газіфікацыі.

Варта адзначыць, што 70% затрат, якія патрабаваліся на будаўніцтва ўнутрывулічнага газаправода, прафінансавала дзяржава – гэта сёння на вёсцы ўсеагульная дзяржаўная палітыка. Рэшту ж у 30% аплацілі чальцы кааператыва. Пры гэтым, дзякуючы добрай арганізаванасці падраднай арганізацыі (а ёю стала СПМК № 4 з горада Гродна, якая выканала будаўніцтва літаральна на працягу аднаго месяца), дакладна распрацаванаму праекту работы ўдалося зрабіць нашмат больш таннымі – за само будаўніцтва кожны жыхар Перасвятога, які састаяў у кааператыве, заплаціў меней чым 5 мільёнаў рублёў, і каля двух мільёнаў на кожнага абыйшоўся выраб праектна-каштарыснай дакументацыі.

Канешне ж, адкрыццё гэткага важнага для аграрадка аб’екта мясцовыя жыхары не маглі здзейсніць без таго, хто дапамог задумам сялян здзейсніцца. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Вашкоў асабіста прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі. Але ён сціпла зазначыў, што газіфікаваць Перасвятое ўдалося шмат у чым дзякуючы ўпартасці мясцовых жыхароў, кіраўніцтва сельсавета і спажывецкага кааператыва. Адам Сямёнавіч шчыра павіншаваў перасвятоўцаў з гэткім насамрэч гістарычным для аграгарадка днём.

Свае віншаванні землякам выказаў і дырэктар КСУП “Саўгас “Выток” Мікалай Дубень. А загадчык вытворча-тэхнічнага аддзела “Рэчыцаміжрайгазу” Галіна Чарнашэй яшчэ і папярэдзіла, што газ – гэта вельмі зручна, але толькі пры ўмове захавання правілаў абыходжання з газавым абсталяваннем. Па-дзяку ўсім, хто спрычыніўся да ажыццяўлення праекта, ад імя чальцоў кааператыва і яго старшыні Ігара Налегача выказала казначэй СК Людміла Сямкова, а ганаровым гасцям імпрэзы кааператары ўручылі памятныя падарункі.

Пад урачыстыя гукі фанфараў Адам Вашкоў, Вячаслаў Мароз, Мікалай Дубень і Галіна Чарнашэй перарэзалі сімвалічную стужку перад газаразмеркавальнаю шафаю, тым самым даўшы старт новай старонцы ў жыцці старажытнага паселішча.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети