01/09/2016

Дземяхі: жыццё працягваецца! Чым жыве былы цэнтр сельсавета

Вёска Дземяхі з тых, пра якую многія чулі,але ў якой мала хто быў. Назва гучная,паўтораная ў найменні сельгаспрадпрыемства, палеткі якога атачаюць Дземяхі з усіх бакоў,хаця цэнтр яго знаходзіцца ў суседнім Салтанове. Такую ж назву мае і станцыя,якая размешчана на чыгунцы, што злучае Гомель і Калінкавічы. Якія ж Дземяхі зараз? Пройдземся ж па вёсцы.

Вёска Дземяхі з тых, пра якую многія чулі, але ў якой мала хто быў. Назва гучная, паўтораная ў найменні сельгаспрадпрыемства, палеткі якога атачаюць Дземяхі з усіх бакоў, хаця цэнтр яго знаходзіцца ў суседнім Салтанове. Такую ж назву мае і станцыя, якая размешчана на чыгунцы, што злучае Гомель і Калінкавічы. Многія мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць, як і знакаміты спіртзавод, які здаўна размешчаны ў тым жа Салтанове, зваўся Дземяхоўскім. Ды й сельсавет яшчэ да 2008 года быў у Дземяхах і меў аднаіменную назву. Цяпер усё змянілася. Якія ж Дземяхі зараз? Пройдземся ж па вёсцы, пабачым, чым яна жыве.

«Нас усё ўстраівае!»

Асфальтавая шаша, якая злучае трасу з Рэчыцы на Светлагорск з «транспалескай магістраллю» Гомель – Кобрын, пераразае дзве дземяхоўскія вуліцы ўпоперак амаль пасярэдзіне. Таму, калі збочыць з шашы ўлева, то, ідучы па крузе, можна зноў вярнуцца на тое месца, адкуль пачаў шпацыр па Дземяхах.

Левая ад шашы частка вуліцы Цантральнай сустрэла мяне хоць і звычайнай грунтовай дарогай, але ж амаль узорнымі збочынамі каля платоў. Відаць, што людзі сваю вёску любяць ды імкнуцца каля хат знадворку выглядаць прыстойна. Усё выкашана, то там, то сям створаныя прывабныя палісаднікі з разнастайнымі кветкамі. Калісьці ў вёсцы кветкі на вуліцы не саджалі, а цяпер яны растуць без усялякіх агароджаў наўпрост паміж узбоччам дарогі і парканамі. Чаму – зразумеем крыху пазней.

Але, дайшоўшы да павароту ў правулак, які злучае Цантральную з Рачной, я так і не сустрэў аніводнага дземяхоўца. Праўда, у правулку мне трапілася даволі аптымістычная жанчына. Пабачыўшы, што я наводжу на яе фотаапарат, па-гаспадарску спытала:

– А што гэта Вы тут фатаграфірваеце?

– Дзень добры, – вітаюся я. – Я з раённай газеты, раблю рэпартаж аб тым, чым жывуць Дземяхі.

– А! Я крыху недачуваю, то ты грамчэй кажы. З газеты? – перапытвае бабуля.

– Так! З «Дняпроўца». А як Вас зваць?

– Валянціна Уладзіміраўна Кузьмянок.

Валянціна Кузьмянок
Валянціна Кузьмянок

– Ну і як Вам тут жывецца?

– Нармальна! А што тут трэба? Некаторыя кажуць: магазін закрылі, то бяда вялікая. А мне дык той магазін і не трэба быў. Я і ў аўталаўцы нічога не купляю. Жыву з сынам, калі што якое, ён паедзе з гораду прывязе. А так – у агародзе ж усё росцім. Во сёлета памідораў урадзіла на радасць! Трэба паладзіць іх: закатваем, сок робім. Ну а так што? Сельсавет старых не кідае. Прыязджаюць, памагаюць, калі што. Спасіба ім!

– Ну, дзякуй за аповед, здароў’я Вам! – кажу на развітанне і ступаю далей, выходзячы на вуліцу Рачную.

Тут пачынаюць дратаваць сумневы, што ў спякотны летні полудзень трапіцца хоць нехта. Ужо амаль на выхадзе зноў на асфальт заўважаю ў агародзе за гарбузовымі перапляценнямі жанчыну, якая нібыта капае бульбу, але не бачна ні мяхоў, ні хаця б якіх торбачак.

Падыходжу, здалёку вітаючыся, каб знянацку не напалохаць працаўніцу, якая і сапраўды выцягвае з разоры бліскучыя на сонцы бульбіны. Адна. Рыдлёўкай і рукамі.

– А вы хто? – нахмурана пытае сялянка.

– Ды я з газеты, вось раблю пра Дземяхі артыкул. Раскажыце, як жывецца тут Вам.

– Ды што тут расказваць. Во на клуб павесілі аб’яву, што будуць дэпутатаў выбіраць. Во і хай той дэпутат прыедзе і арганізуе, каб мне каля двара пакасілі траву. А я заплачу, калі цана нармальная будзе. І бярозу хай паваляць. Я ў сельсавет абрашчалася, аж яны кажуць: «Няма грошай». Дык усім павалялі, а мне не. А з яе і лісце ўсё мне ў двор ляціць, і як вецер, то не сплю – баюся: упадзе мне на хату прама. Трэба ж адзінокім жэншчынам памагаць!

– А Вы адна жывёце, дзяцей няма?

– Дзеці е, у Рэчыцы жывуць. Але яны такія трутні – нічога рабіць не хочуць. Во бульбу і то сама капаю. Мабыць, не так іх вучыла. Сядзяць там у горадзе сабе, а каб памагчы – і не прыедуць!

– А што ў вас у клубе цікавага робіцца? Спяваць там не ходзіце?

– Не-е-е! – працягвае кабета. – Яны ж спяваюць абы калі: і ў пост збіраюцца і пяюць, і на святы. А я чалавек веруюшчы, я гэтага ўсяго вельмі баюся. Вот хаджу ў Коззе ў цэркву. Там у нас бацюшка, ацец Віктар, – бальшая ўмніца, маладзец! Яшчэ ў нас дэпутат харошы, нравіцца мне. Я не знаю, як яго завуць, а так яго клічуць Грызун (дэпутат Салтаноўскага сельскага Савета Віктар Мікалаевіч Грызуноў. – Заўвага аўтара). А к яму я абрашчалася – усё памагаў як трэба!

– А гаспадарку трымаеце? Свінні, куры ёсць?

– Не-е-е! Я ж ужо старая, нашто мне тыя свінні?!

– Дык а для каго столькі гарбузоў насеялі?

– А ў мяне там далей сястра дваюродная жыве – яна дзержыць. Во ёй і аддаю гарбузы. У мяне 40 сотак агароду, то трэба ж нечым заняць! Сёлета во бульба добра ўрадзіла. Думала, не будзе нічога – аж накопваю паціху.

– То няхай Бог памагае Вам!

– Ага! Напішы ж у газеце, хай маю бярозу паваліць сельсавет!

– Добра! Напішу! – абяцаю бабулі, якая наадрэз адмовілася назваць сваё імя.

На гэтым іду далей. Звяртаю ўвагу на прыгожа размаляваны аўтобусны прыпынак. Пазней дазнаюся, што гэта салтаноўская дзяўчына па дамове з ДРБУ-114 гэтак упрыгожвае прыпынкі на тэрыторыі сельсавета. Дарогаю вырашаю зайсці ў мураваны стары пабелены будынак, на якім вісіць шыльда «Демеховский клуб-библиотека».

Там як раз загадчык гэтай хітрай установы выдае кніжкі мясцоваму бібліяфілу. Спадар прадстаўляецца: «Нікалай», а загадчык клуба-бібліятэкі – Людміла Глебава, – запісваючы кніжкі ў фармуляр, распавядае, што раней былі асобна клуб, асобна бібліятэка. Яна была то загадчыцай аднае ўстановы, то іншае. Потым аб’ядналі. Цяпер яна кіруе адразу ўсім. А па вялікім рахунку – сама сабой!

Людміла Глебава і чытач Мікалай
Людміла Глебава і чытач Мікалай
– Раней тут дзяцей многа было, школа побач – ідуць з урокаў, і да мяне на гурток. А цяпер ў Дземяхах і Коззі разам – усяго 40 дзетак. Я ўжо, бывае, паеду да мам, папрашу, каб адпусцілі, то пазаймаемся. Ансамблі ў нас: для дарослых – «Купалінка», а для дзяцей – «Улыбка».

Заўважаю ў адной з шафаў падборку кніг пісьменніцы Валянціны Коўтун. Яна менавіта ў Дземяхах і нарадзілася.

Сапраўднае яе прозвішча – Новік – адно з распаўсюджаных у гэтай вёсцы. Некалькі разоў, як ужо была вядомай, прыязджала пісьменніца і на сустрэчы з землякамі менавіта ў гэтай бібліятэцы.

– У мяне тут такі міні-музей, прысвечаны ёй, – гаворыць Людміла Дзмітрыеўна і паказвае на некалькі стэндаў з фатаграфіямі, кніжкамі і розным дакументамі.

– Ну, а так – усё ў нас добра, – вырашыў падтрымаць размову чытач Мікалай. – Магазін, праўда, закрылі месяцы тры таму, але цяпер, кажуць, ужо знайшлі магазіншчыцу і адкрыюць. А так і аўталаўка возіць, і прыватнікі заязджаюць. Так што нас усё ўстраівае!

Дачнікі як працяг існавання вёскі

Выйшаўшы з клуба-бібліятэкі, рушу далей па пустыннай у летні дзень дземяхоўскай вуліцы. Неўзабаве на лаўцы заўважаю двух мужчын. Вітаюся. Кажу, што з газеты і рыхтую матэрыял аб жыцці вёскі.

– Ну, якое ў нас жыццё?! Маладзёжы зусім няма – во дзе праблема. Школу закрылі. Раней у Дземяхах было два стады кароў, цяпер ні адной каровы няма, толькі некалькі коз. Саўхоз наш развалілі, ні зарплаты, нічога. Зараз во новага дырэктара паставілі, дык хоць відно, што хазяін, можа, навядзе парадак. А так дачнікі скупаюць хаты. І тое добра, што не закопваюць дзярэўню.

На пытанне, як іх назваць у газеце, хлопцы адказалі: «А як запішаш, якая розніца!»

Прайшоўшы яшчэ трошкі па Рачной вуліцы і завярнуўшы на ўзбярэжжа Ведрыча, што цячэ за яе агародамі, дзе пасвіўся чыйсьці дагледжаны сівы конь, выйшаў правулкам у іншым канцы вуліцы Цантральнай і пакрочыў у той пункт, адкуль і пачаў падарожжа па Дземяхах.

Праз колькі дзясяткаў метраў заўважаю на лаўцы яшчэ двух мужчын. Адзін з іх крычыць мне, калі я яшчэ быў ад іх метрах у дзесяці і нават не паспеў нічога сказаць:

– Ну здымі і нас у «Дняпровец»!

– А адкуль вы ведаеце, што я з «Дняпроўца»?

– А мы бачылі Вас на канцэртах у Коззі ля царквы і часта глядзім Вашыя рэпартажы ў газеце. «Дняпровец» чытаем і любім.

– А вы мясцовыя?

– Я дачнік – Леанід Кузьміч Рымкевіч. А гэты – Аляксандр Новік, туташні.

– Ну, і як дачнікам у Дземяхах жывецца?

– Нармальна! Тут во, наўпроціў мяне, хату быў сельсавет знёс, закапаў, зямлю параўняў. Раней такі вужатнік быў! А я ўзяў гэты ўчастак – і сею зернавыя. У мяне 40 курэй, трэба ж карміць. Ды і зямля не гуляе. А то вунь за 107 домам хату паламалі, а парадку няма! Тут хоць дачнікі хаты купляюць, бо станцыя блізка.

І сапраўды, праз невялічкі лясок і поле ад Дземяхоў месціцца чыгуначная станцыя, адкуль можна і ў Рэчыцу, і ў Гомель, і ў Калінкавічы заехаць. Зручна!

38 гадоў на ніве дземяхоўскай адукацыі

Далейшае падарожжа па дземяхоўскай вуліцы падарыла сустрэчу з бабуляй, якая пасля майго вітання, нібы завучаны рапарт, адчыталася:

– Булавецкая Марыя Фёдараўна, 1931 года нараджэння, трое дзяцей, жывуць у Бранску і Таліне.

Марыя Булавецкая
Марыя Булавецкая

Ды й больш так нічога і не сказала.

А крышачку далей на лаўцы сустрэў цікавага чалавека – Зінаіду Захараўну Бондараву. Яна нарадзілася, выгадавалася і амаль усё жыццё пражыла ў Дземяхах.

Зінаіда Бондарава
Зінаіда Бондарава

– Трыццаць восем гадоў я прарабіла настаўніцай пачатковых класаў у нашай школе. Перад вайной наша сям’я па наборы паехала на новыя землі ў Фінляндыю. А тады вайна пачалася, і нас эвакуіравалі на Урал. Там у вайну цяжка было вельмі, голадна. У 1944 вярнуліся ў Дземяхі. Наша вёска захавалася цэлаю. Кажуць, як немцаў выганялі, сюды нашыя часці правялі ў абход, і яны знянацку на станцыю наступаць пачалі, немцы і ўцяклі, не паспеўшы нічога кепскага зрабіць. Таму мы ўжо і сталі тут жыць. Я адразу, як аднавілі, паступіла вучыцца ў Рэчыцкае педвучылішча, пасля якога ў 1947 годзе і прыйшла сюды працаваць.

Зоя Дворнік і Ніна Муха
Зоя Дворнік і Ніна Муха

Я здзіўляюся прыгажосці ў двары Зінаіды Захараўны: безліч кветак, з густам пафарбаваныя платы і лаўкі. Пытаю, хто ж гэта ўсё робіць.

– Ну, зяць дапамагае, дачка, а дзе і я нешта пасею, – сціпла адказвае жанчына. Але я бачу тое, з якой пяшчотай яна ставіцца да кветкавага мора на сваім падворку – відно, што яе рук справа. Хаця і тое, што дзеці маці не кідаюць, таксама рыса, якая шмат пра што кажа.

Выйшаўшы ад Зінаіды Бондаравай, я яшчэ сустракаю на вуліцы маладую маці Алену Мелюхову з двума дзеткамі – Аняй і Максімам.

Алена Мелюхова з Максімам
Алена Мелюхова з Максімам

Старэйшая ж дачка, як расказала Алена, зараз на адпачынку ажно ў Іспаніі. Цяпер, калі ў Дземяхах школы няма, дзетак і ў садок, і ў школу возіць школьны аўтобус. Алена задаволеная: там дзеці пад наглядам. Яна разумее, што ўтрымліваць вялізны будынак школы, у якой настаўнікаў болей чым вучняў, – гэта папросту марнаваць грошы.

А ў былой Дземяхоўскай базавай школе некалькі год пасля яе закрыцця быў вучэбна-вытворчы камбінат, а калі зачынілі і яго, будынак выкупіла прыватная фірма. Яна ўсё наважваецца пачаць там выпуск нейкай прадукцыі, але пакуль справы далей планаў не ідуць.

Тым не менш, як бачна, Дземяхі жывуць, як і любая беларуская вёска.

У людзей свае жыццёвыя клопаты: скапаць бульбу, падрыхтаваць да школы дзяцей, утрымліваць хатнюю гаспадарку. Жыццё працягваецца!



--- взято с сайта dneprovec.by ---