21/08/2017

Нізкі вам паклон, дарагія вяскоўцы

Вёска, звычайная вёска Броннае сярод іншых вёсак нашага раёна. Але яна вылучаецца сваёй непаўторнасцю, бо размясцілася ў васьмі кіламетрах ад горада на беразе ракі Днепр. Дняпроўскія хвалі лашчаць гэтую зямлю, нешта таямніча шэпчуць сваім вяскоўцам.

Вёска, звычайная вёска Броннае сярод іншых вёсак нашага раёна. Але яна вылучаецца сваёй непаўторнасцю, бо размясцілася ў васьмі кіламетрах ад горада на беразе ракі Днепр. Дняпроўскія хвалі лашчаць гэтую зямлю, нешта таямніча шэпчуць сваім вяскоўцам. А буслы шпацыруюць на доўгіх нагах у чырвоных ботах па лузе, пакружаць над чыей-небудзь хатай, і там хутка з’яўляецца маленькі жыхар. Будуецца вёска. Маладыя сем’і жадаюць жыць у сваім селішчы. Жывуць тут працавітыя людзі. Кожны з іх нясе ў сабе таямніцу вечнасці сваёй вескі.

Так, па вуліцы Лугавой жывуць пенсіянеры сталага ўзросту, дзявяты дзясятак размянялі. Гэта Мікалай Макаравіч Гапоненка і яго жонка Надзея Мікалаеўна. Узорная сям'я. Вырасцілі трох дзяцей – Васіля, Ганну, Сяргея, – якія маюць вышэйшую адукацыю.

Усё жыццё працавалі, выхоўвалі дзяцей. Мікалай Макаравіч мае больш 50 гадоў працоўнага стажу ў калгасе «40 лет Октября». Быў шафёрам, трактарыстам, забеспячэнцам сельгасдэталей для мехдвара. Мае шматлікія граматы. У 1987 годзе заняў І месца ў Гомельскай вобласці на жатве, працуючы камбайнерам на КСК-10. Быў узнагароджаны турыстычнай паездкай у ГДР. Выконваў грамадскія абавязкі, з'яўляўся 12 год дэпутатам сельскага савета. Ён і зараз не сядзіць без працы, завіхаецца на полі. Хутка дзеці прыедуць. Дапамогуць бульбу капаць.

Мікалай Мікалаевіч і Надзея Мікалаеўна з дачкой Ганнай, яе мужам і іх дзецьмі
Мікалай Макаравіч і Надзея Мікалаеўна з дачкой Ганнай, яе мужам і іх дзецьмі

Надзея Мікалаеўна працавала тэхработніцай, даяркай у калгасе. 39 гадоў працоўнага стажу. Паміж дойкай кароў прыбягала дамоў, прыбірала ў хаце, даглядала дзяцей. Усе яны выйшлі ў людзі, не сорамна за іх. Займаюць кіруючыя пасады. Асабліва парадаваў старэйшы сын Васіль. Скончыўшы Броннескую сярэднюю школу, ён паступіў у Доўгаўпілскае вышэйшае авіяцыйнае інжынернае вучылішча і пачаў свой працоўны шлях у адной з воінскіх часцей у якасці начальніка групы самалётаў г. Усурыйска. На 322-м авіяматорным заводзе прайшоў шлях ад старэйшага інжынера тэхнічнага кантролю да генеральнага дырэктара тэхнічнага кантролю ФГУП «322-АРЗ».

Сын Васіль
Сын Васіль

Думаю, не ўсе жыхары в. Броннае ведаюць, што іх зямляк Васіль Мікалаевіч Гапоненка мае ордэн «За заслуги перед Отечеством», медаль «200 лет Министерству обороны», ганаровыя граматы галоўнакамандуючага Ваенна-паветранымі сіламі Расіі і губернатара Прыморскага края. Быў генеральным дырэктарам ОАО «322-АРЗ», палкоўнік запаса. Зараз працягвае працаваць у Маскве. Па волі лёсу свае жыццё і працу прысвяціў брацкай Расіі. З яго непасрэдным удзелам была выдадзена кніга «Надёжность, проверенная в небе».

Пытаюся ў Надзеі Мікалаеўны:

– Якімі метадамі выхавання карысталіся, каб вывесці дзяцей на дастойны шлях у жыцці?

Яна з цеплынёй у голасе кажа:

– Сыны каля бацькі круціліся, тэхнікай цікавіліся, а дачка дапамагала мне. На канікулах усе працавалі, зараблялі працадні. Ведалі, як капейка дастаецца.

Памаўчаўшы крыху, дадае:

– Зараз Макаравіч кажа мне, што можна ўжо і паміраць, дзяцей вывучылі, дачакаліся пяцёра ўнукаў і двух праўнукаў, свой абавязак выканалі. А я яму ў адказ і гавару – да што ж ты! Цяпер толькі жыць і радавацца нашаму шчасцю. Трымайся за жыццё. Мы яшчэ сваім дзецям патрэбны. Памятаешь, якое яны нам справілі залатое вяселле ў рэстаране, зіхацелі, як залатыя пярсцёнкі. Такая павага была ад дзяцей!

Перад хатай на вуліце шапаціць лісцем бяроза, пасаджаная сынам Сяргеем, нібы перадае прывітанне бацькам ад любячых дзяцей.

Так, мая мілая вёска, можам загарнуць у кнігу свайго жыцця старонку вечнасці, якая запоўнена дасягненнямі сям'і Мікалая Макаравіча Гапоненка. Бо ты стала вядомай аж у далёкім Прыморскім краі. Нізкі вам паклон, дарагія вяскоўцы.



--- взято с сайта dneprovec.by ---