Общество > Сельская жизнь

3702

Зямны вам паклон, працаўнікі палёў і ферм! Калгас «40 гадоў Кастрычніка» Рэчыцкага раёна: старонкі гісторыі

 +

Калгаснікі падсумоўваюць свае здабыткі, напрацаваныя за вясну і лета. Таму і выязджаюць на ярмаркі, прапаноўваючы свой ураджай на любы густ гараджаніна. За ўсім гэтым стаіць вялікая праца селяніна, шчырага працаўніка вёскі. Дык вось, я хачу павесці гаворку пра сялян, аднавяскоўцаў, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі працы ў калгасе. Пры маёй памяці існаваў калгас «40 гадоў Кастрычніка». Палістаўшы летапісныя матэрыялы, з якімі азнаёмілі бібліятэкары Галіна Мікалаеўна Кісель і Таццяна Віктараўна Гапоненка з вёсак Броннае і Жмураўка, я прасачыла за нараджэннем калектыўнай гаспадаркі ў маёй мясцовасці. Дык, крыху гісторыі.

Ганна Іванаўна Казакова, Любоў Паўлаўна Закаўраш – загадчык фермы, Ніна Іванаўна Кобец (злева направа). 1980 гг.
Ганна Іванаўна Казакова, Любоў Паўлаўна Закаўраш – загадчык фермы, Ніна Іванаўна Кобец (злева направа). 1980 гг.

Радком гісторыі

На агульным сходзе сялян 20 лютага 1930 г. у вёсцы Броннае 16 гаспадарак аб’ядналіся ў адну, якую назвалі «Чырвонае Дняпро». Абагульнілі коней, кароў. Пад грамадскі склад адвялі гумны, куды звезлі вазы, плугі, бараны, збожжа, бульбу. У першы год пасеялі только 15 га яравых. Уручную ўбіралі ўраджай. Паступова гаспадарка мацнела. Пасяўная плошча расшырылася да 100 га. Працавала кузня і рамонтна-трактарная майстэрня. Першымі калгаснікамі былі Іван Давыдзенка, Цімафей Гапоненка, Нічыпар Рудзенка, Конан Давыдзенка, Аляксандр Смалянчук і інш. Старшынёй калгаса быў абраны Аляксандр Ільіч Смалянчук.

У 1931 годзе большасць сялян уступіла ў члены калгаса. Пад кіраўніцтвам брыгадзіра Васіля Іосіфавіча Атаманчука быў закладзены сад на плошчы 36 га.

Крыху пазней у вёсцы Жмураўцы быў створаны калгас. Кіраваў ім С. Д. Ляскавец. У 1932 г. тут пасадзілі сад на плошчы 100 га, была закладзена парніковая гаспадарка.

К 1932 г. быў створаны калгас «Днепр» у вёсцы Дняпровец, першым старшынёй якога быў абраны Іван Кірылавіч Нікалайчык.

У 30-я гады вырас пасёлак Кірава, ў 1938 г. праўленне калгаса «Днепр» было перанесена ў гэты пасёлак. Калгас стаў называцца імя Кірава. Старшынёй быў выбраны Антон Іосіфавіч Ждановіч. Да гэтага часу там былі ўжо ўзведзены кароўнік, пажарная, закладзена парніковая гаспадарка.

У 1938 г. на базе Жмураўскага саўгаса і калгаса імя Кірава быў створаны калгас імя Варашылава, у які ўваходзілі вёскі Жмураўка, Казазаеўка, Кірава і Дняпровец. У перадваенныя гады калгас эканамічна ўмацаваўся. Рэчыцкая МТС дапамагала выконваць цяжкія работы тэхнікай.

1941 год. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Мужчыны пайшлі на абарону сваёй Радзімы. Усё, што не ўдалося схаваць калгаснікам, фашысты знішчылі, у вяскоўцаў адабралі асабістую жывёлу.

Здавалася, патрабуецца некалькі дзесяцігоддзяў, каб аднавіць зноў калгас і гаспадарку. У выніку самаадданай працы калгаснікаў разбурэнні вайны паспяхова переадольваліся, расла прадукцыя жывёлагадоўлі і земляробства.

У 1950 г. пачаліся аб’яднанні дробных калгасаў у буйныя. На тэрыторыі Жмураўскага сельскага савета стварыўся адзін калгас імя Варашылава, уз’яднаўшыся з «Чырвоным Дняпром». Кіраўніком быў франтавік Іван Герасімавіч Давыдзенка. У гэты час працаваў аграномам. Было цяжка. Не хапала тэхнікі, але спраўляліся. Быў складзены план будаўніцтва. Цёпла людзі адзываліся аб кіраўніку калгаса С. Д. Ляскаўцу. Гаварылі: «Сямён Дзмітрыевіч укладаў у калгас не толькі працу, веды, але і сваю душу». Вельмі добра ён ведаў структуру калгаснай глебы. Зараз яго імем названа вуліца ў вёсцы Жмураўцы.

Прыкметна стаў набіраць моц калгас з прыходам старшыні Антону Сяргеевіча Волкава. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, падпалкоўнік запаса прыйшоў працаваць па закліку партыі і наказу свайго сэрца. Калгас пад яго кіраўніцтвам ператварыўся ў адзіны з’яднаны калектыў, стаў мільянерам.

У 1957 г. калгас быў перайменаваны ў калгас «40 гадоў Кастрычніка».

У 1963 г. А. С. Волкаў цяжка захварэў і памёр. Прыступіў да працы камуніст Рыгор Сцяпанавіч Лямешка. Ён кіраваў да 1972 года. Па пэўных прычынах у гэтыя гады па тэмпам развіцця калгас адставаў.

У 1972 г. эстафету кіраўніцтва прыняў Рыгор Міхайлавіч Капытка, які ў далейшым вывеў калгас у перадавыя. Адбудоўвалася вёска, з’явіліся новы медпункт, клуб, крама і інш. На фермах паявілася новае абсталяванне, папоўніўся тэхнікай мехдвор.

У 1995 г. пераемнікам Р. М. Капыткі стаў Валерый Іванавіч Хімянкоў. Праца ў калгасе не спынялася. Імкнуліся да перадавых тэхналогій.

У лютым 2001 г. калгас далучылі  да  саўгаса «10 гадоў Кастрычніка» (дырэктар Васіль Васільевіч Хлебін). У гэтым жа годзе па рэпрадукцыйнасці статка ў жывёлагадоўлі КСУП «Саўгас Выток» быў прызнаны адным з пераможцаў абласнога спаборніцтва. Калектыў атрымаў грашовую прэмію – 750 тысяч рублёў.

11 красавіка 2017 г. на базе КСУП «Саўгас Выток» Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка даў ацэнку вясенне-палявых работ.

Тамара Арсонаўна Дуброўская і Марыя Мікалаеўна Панцялеенка (злева направа).1970 гг.
Тамара Арсонаўна Дуброўская і Марыя Мікалаеўна Панцялеенка (злева направа).1970 гг.

Працаўнікі

Асноўнай сілай гаспадаркі з’яўляецца сучасная тэхніка, кваліфікаваныя спецыялісты і працалюбівыя людзі. Дык давайце зараз успомнім пра шчырых працаўнікоў, якія ў розныя гады ўносілі свой пасільны ўклад у развіццё калгаснай гаспадаркі.

Вось трымаю ў руках фотаздымак. Тры маладыя жанчыны свецяцца добрым настроем. Яны сяброўкі па працы. Працавалі ў адным калектыве жмураўскай малочна-таварнай фермы. Справа Ніна Іванаўна Кобец, злева Ганна Іванаўна Казакова, у цэнтры Любоў Паўлаўна Закаўраш, загадчыца фермы. Яны разам дабіваліся лепшых паказчыкаў па надоях малака. Працоўны стаж Л. П. Закаўраш складае 43 гады. Працавала ў паляводчай брыгадзе, на свінаферме, малочна-таварнай ферме аператарам, учотчыцай, затым загадчыцай фермы, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: народны засядацель у судзе, дэпутат сельскага Савета. Мае ўзнагароды: медаль «В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», знак «Победитель социалистического соревнования», медаль «Ветеран труда». З цеплынёй успамінае першых даярак: Варвару Нікалайчык, Соф’ю Лёгенькую, Ганну Нікалайчык.

У 1988 г. Ганна Казакова заваявала другое месца ў сацыялістычным спаборніцтве. Яна за год атрымала ад каровы па 3 780 кілаграмаў малака.
Адной з лепшых даярак з’яўлялася і Ніна Майсееўна Слабадзянюк. А Ніна Кузьменка ў сацыялістычным спаборніцтве надойвала ад кожнай каровы па 3 216 кг малака пры абавязацельстве – 2 400 кг.

На другім здымку Тамара Дуброўская (злева) і Марыя Панцялеенка (справа) толькі скончылі працу і задаволены сваімі працоўнымі поспехамі. Гэта сумленныя даяркі, якія імкнуліся быць у першых радах у спаборніцтве паміж імі.

На бронненскай малочна-таварнай ферме вылучылася Ніна Іпатаўна Рудзенка. Яна ў 1988 г. за год ад кожнай каровы сваёй группы надаіла 3 951 кг малака і стала пераможцай сярод даярак. Вось гэта вынік!

Штомесячна ў гападарцы праводзіліся Дзень жавёлавода, дзе абмяркоўваюцца задачы на наступны месяц, падводзяцца вынікі працы, адбываліся сустрэчы з кіраўнікамі гаспадаркі.

Паважаная ўсімі аднавяскоўцамі была і Аляксандра Фёдараўна Гапоненка. Яна пачынала свой працоўны шлях з учотчыцы і дайшла да пасады заатэхніка, скончыўшы сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках. Аказвала падтрымку моладзі, прымала ўдзел у добраўпарадкаванні вёскі. Яна кавалер ордэна «Знак Почёта», была дэлегатам ХХІХ з’езда кампартыі Беларусі.

Упершыню трымаю Пасведчанне ўдзельніка ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве 1958 г. Выдадзена яно Сяргею Рыгоравічу Лёгенькаму, брыгадзіру брыгады паляводства. Ён удзельнік вайны. Да ваенных узнагарод дабавіліся два медалі, атрыманыя на гэтай выставе. Пабывала ў 1954 г. на ВДНГ Вера Харлампіеўна Хаткоўская, узнагароджана Ганаровай граматай абласнога Савета, медалём «В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», з’яўлялася дэпутатам сельскага Савета. Можна сюды ж уключыць і Соф’ю Іванаўну Дуброўскую, звеннявую ільнаводчага звяна. Вельмі шчырая працаўніца была. Узнагароды мае.

Нельга не сказаць добрыя словы ў адрас механізатараў. У іх калектыве вылучалася сям’я Сцяфашыных. Мікалай Рыгоравіч толькі пасля хваробы развітаўся з трактарам, на яго месца заступіла жонка Валянціна Мікалаеўна, адзіная
жанчына-трактарыст ў вёсцы Жмурацы, калгасе. Яна паспяхова спраўлялася з абавязкамі сельскага механізатара. Баранавала глебу, даглядала пасевы, нарыхтоўвала кармы. Яе невялічкі трактар шпарка імчаў па калгаснай ніве то з касілкай КС-21, то з граблямі ГВК. За сваю працу неаднаразова атрымлівала прэміі, падзякі. Услед за сваімі бацькамі пайшлі тры сыны Сяргей, Віктар, Генадзь. Так сказаць, існавала сямейная дынастыя.

Добры след у памяці мінулых гадоў аставіў сваёй сумленнай працай механізатар Фёдар Міхеевіч Кузьменка, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга, адзначаны медалём «За трудовую доблесть», ленінскім юбілейным медалём.

А Мікалая Макаравіча Гапоненку можна па праву назваць майстрам важкіх тон, які за сезон на камбайне КСК-100 нарыхтоўваў 12 тысяч тон зялёнай масы замест запланаваных 6 тысяч тон. Ён яшчэ і рацыяналізатар. На сваім КСК-100 унёс ўдасканаленне: замяніў у прывадзе нажа жняяркі ўтулкі на шарніры. І машына запрацавала, ніякіх паломак.

Фёдар Макаравіч Гапоненка карыстаўся ўсеагульнай павагай і аўтарытэтам у калгасе «40 гадоў Кастрычніка». Ён узначальваў механізаванае звяно, быў настаўнікам моладзі.

У механізатара Лявонція Давыдавіча Гапоненкі быў выпадак. Аднойчы на ўборцы бульбы пачуў нейкі шум у капалцы. Аказалася, зямля выштурхнула з сябе артылерыйскі снарад. Дзякуючы сапёрам, смяротны груз быў абясшкоджаны. Ягоныя ўзнагароды: ордэн «Знак почёта», медаль «За доблестный труд».

Нельга не сказаць і пра земляробаў КСУП «Саўгас Выток» Васіля Мікалаевіча Паўлянка і яго сына Юрыя Васільевіча, якія шмат разоў заваёўвалі прызы на ўборцы жніва. Іх называюць тысячнікамі раёна.

У гонар лепшых працаўнікоў рэгулярна ўзнімалі сцяг працоўнай славы гаспадаркі, выпускалі «маланкі», «баявыя лісткі». Усе яны працавалі пад дэвізам «Гонар і слава па працы». На калгасных сходах уручалі каштоўныя падарункі, грашовыя прэміі.

Можна яшчэ шмат расказваць пра калгаснікаў, іх шчырую працу. Але іх, выдатных працаўнікоў вёскі, такое мноства, што ў адным артыкуле нельга ахапіць.

Увесь год працуюць аднавяскоўцы, працаўнікі палёў і ферм, каб на нашых сталах заўсёды былі хлеб, малако, мяса, садавіна і гародніна. Зямны вам паклон!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети