25/05/2016

Малады спецыяліст Максім КАЗЛОВІЧ: «Сыходзіць не збіраюся»

Рэчыцкі аграрны каледж, які скончыў цяперашні брыгадзір малочна-таварнага комплексу «Сцяпанаўка» філіяла «Советская Белоруссия» ААТ «Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў» Максім Казловіч, знаходзіцца амаль побач з домам, дзе і жыве Максім. Магчыма, гэта і адыграла ролю ў тым, каб паступіць яму, гарадскому хлапчуку, на аддзяленне заатэхніі.

Рэчыцкі аграрны каледж, які скончыў цяперашні брыгадзір малочна-таварнага комплексу «Сцяпанаўка» філіяла «Советская Белоруссия» ААТ «Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў» Максім Казловіч, знаходзіцца амаль побач з домам, дзе і жыве Максім. Магчыма, гэта і адыграла ролю ў тым, каб паступіць яму, гарадскому хлапчуку, на аддзяленне заатэхніі. Але цяпер, напрыканцы тэрміну адпрацоўкі свайго размеркавання, ён кіруе адным з найбуйнешых малочна-таварных комплексаў вядомай гаспадаркі і, як сам прызнаецца, сыходзіць з сельгасвытворчасці не збіраецца.

Адразу відно: Максім – хлопец дальнабачны. Яшчэ падчас вучобы ён не стаў чакаць волі лёсу, які мог закінуць яго шляхам размеркавання кудысьці за свет, а паехаў у славутую гаспадарку ды папрасіў дамову аб прадастаўленні працы. Моладзь у «Советской» была патрэбная. Так і размеркавалі ў тым 2014-м Максіма ў блізкае ад Рэчыцы сельгаспрадпрыемства.

Ён тады патрапіў на пасаду памочніка брыгадзіра МТК «Свірыдавічы». Памагаў Максім сваёй
жонцы, якая годам раней выпусцілася з аграрнага каледжа, дзе і спаткаліся маладзёны. Але Максімава «палавіна» нешта не ўжылася ні ў сельскай гаспадарцы, ні з Максімам. Адпрацаваўшы патрэбны тэрмін, уцякла ў горад, ды і асабістае жыццё з нашым героем неяк не склалася – разышліся.

Хлопец жа працягнуў кар’еру ва ўпадабанай гаспадарцы. Пасля нейкі час працаваў заатэхнікам у адпаведнай службе сельгаспрадпрыемства, а год таму яму даверылі малочна-таварны комплекс «Сцяпанаўка».

Дарэчы, у Свірыдавічах Максім з жонкаю жылі ў доме, выдаткаваным гаспадаркай. А цяпер хлопец вярнуўся на сталае жыхарства ў горад да бацькоў, адкуль у Заспу работнікаў штораніцу возіць службовы аўтобус сельгаспрадпрыемства: цяпер у «Советской Белоруссии» дастаткова шмат супрацоўнікаў, якія жывуць у Рэчыцы. Вясковая інфраструктура пакуль што, як кажа Максім, саступае рэчыцкай.

Максім паказвае свае «ўладанні». На другім паверсе даільнага цэха – адмысловы пакой, дзе ўсталяваны камп’ютар – мазгавы цэнтр комплексу. У спецыяльнай праграме – усе звесткі пра ўсё пагалоўе і кожную карову, якая ўтрымліваецца ў падраздзяленні, у прыватнасці.

Заходзім у хлявы. Чыста. На кармавым стале свежыя кармы. Максім старанна правярае іх якасць. Нешта мацае пальцамі, нюхае. Быццам бы задаволены. Наводшыбе – некалькі радоў кратаў-хатак для маленькіх цялят. Паяркі старанна назіраюць за развіццём чорна-стракатай бязрогай малечы. Усё гэта – зона адказнасці маладога кіраўніка сельгаспадраздзялення.

Пытаю ў Максіма, як яму працуецца:

– Ды звычайна працуецца! Я ж ведаў, куды ішоў, – адказвае Максім. – Гэта ж вам не абы што, а СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА! Са сваім памочнікам па чарзе праз дзень павінны раніцай, у 5.30, патрапіць на ранішнюю дойку. Да графіка я ўжо даўно прызвычаіўся.

– А выхадныя як?

– Ну як? Як і ва ўсіх – па чарзе. Без выхадных не працуем.

– Ну а адпачынак?

– Адпачынак я выкарыстоўваю на вучобу. Зараз завочна працягваю навучанне ў філіяле Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, які дзейнічае на базе нашага аграрнага каледжа. То калі выпадае сесія, тады і адпачынак свой выкарыстоўваю. Тут на комплексе нехта падмяняе.

– Зарплата хоць годная?

– Ды някепска! Пятак мільёнаў выходзіць. Сёння мае сябры і ў горадзе не могуць на такі заробак уладкавацца. Ва ўсялякім разе я не скарджуся.

– А работнікаў у падначаленні ў цябе шмат?

– Усяго на комплексе працуе 31 чалавек. Аператараў машыннага даення – сямёра.

– І якое пагалоўе яны абслугоўваюць?

– Асноўны статак у нас – 344 галавы. Каля чатырох дзясяткаў галоў на адкорме, 25 нецеляў, зараз 70 цялятак да 21 дня і 175 да 4 месяцаў.

– І як вынікі? Колькі надою на карову выходзіць?

– Ну-у-у… Пакуль 16 кг.

– Нямала?

– Малавата, канешне. Гэты комплекс павінен значна болей даваць. Сапраўды раней былі пэўныя праблемы, і цяпер адчуваюцца іх наступствы. Але калектыў у нас малады, да працы, здаецца, ахвочы. Мы павінны даказаць, на што здольныя, што недарэмна нас вучылі і вучаць. То бок, спадзяюся, што паказчык па малаку ў бліжэйшы час пойдзе ўгору. Кармоў хапае. Тэхніка працуе. Ды й я, нягледзячы на тое, што тэрмін так званай «адпрацоўкі» падыходзіць да завяршэння, сыходзіць з працы не збіраюся. Уцягнуўся, зацікавіўся. Абавязкова будзе і вынік!



--- взято с сайта dneprovec.by ---