Культура

4214

Цуды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва студыі "Крыніца"

 +

Шмат у сучасным жыцці цікавага і незвычайнага. Але больш рэдкім і незвычайным з’яўляецца сёння зацікаўленасць старонкамі нашай нацыянальнай спадчыны, культурай беларускага народа, вырабам дэкаратыўна-прыкладных прадметаў і рэчаў, якія існуюць у Беларусі шмат гадоў. Далучыць да ведаў аб беларускім прыкладным мастацтве, прывіць любоў, сфарміраваць жаданне атрымліваць навыкі і ўменні ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці дазваляе дзейнасць студыі “Крыніца” і яе кіраўнік, педагог дадатковай адукацыі Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Сяргей Iванавiч Азараў.

Студыя “Крыніца” была створана ў 1989 годзе. Асноўным напрамкам яе дзейнасці адразу стала дэкаратыўна-прыкладная творчасць. Шматгадовая практыка і вопыт работы з рознымі матэрыяламі вызначылі асноўны з іх, стаўшы базавым на занятках. Гэта гліна, універсальны прыродны матэрыял, які, дзякуючы сваім якасцям, выкарыстоўваецца ва многіх сферах жыцця са старажытнасці і да гэтага часу.

Праграма студыі «Крыніца», аўтарам-спрацоўшчыкам якой з’яўляецца С. Азараў, разлічана на 3 гады і пабудавана такім чынам, што навучэнцы знаёмяцца адразу з некалькімі відамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці: мастацкай апрацоўкай дрэва і розных прыродных матэрыялаў, мастацкай керамікай, перагародкавымі эмалямі і ювелірнымі тэхналогіямі; таксама ў праграме навучання частка гадзін адведзена пад заняткі выяўленчым мастацтвам.

За доўгія гады існавання студыі навыкі работы з рознымі матэрыяламі атрымалі сотні хлопцаў і дзяўчынак. Уменні і вопыт, набытыя ў перыяд наведвання заняткаў, дазваляюць навучэнцам студыі займацца творчасцю і надалей. Некаторыя з іх вырашылі звязаць сваё далейшае жыццё з адпаведнымі дзейнасці студыі прафесіямі. Гэта Гоя Семірэнка, Аляксандр Мароз, Арцём Мароз, Анастасiя Балута, Глеб Кажадуб, Ягор Кажадуб, Анастасiя Кулецкая, Данiiл Гілеў, Нэлi Сярдзюк, Вольга Гашчук.

У цяперашні час у студыі налічваецца 90 навучэнцаў ад 7 да 16 гадоў. Зразумела, сярод іх ёсць розныя і па характары, і па прыродных дадзеных, па сацыяльным становішчы і наяўнасці таленту да заняткаў творчасцю. Але з першых гадоў навучання педагог арыентуе ўсіх сваіх падапечных на тое, што ў кожнага ёсць магчымасць паўдзельнічаць у конкурсах і паказаць сваё ўменне добра выконваць практычныя і творчыя заданні. Для кожнага знаходзіць патрэбнае слова, патрэбны жэст, інтанацыю, каб звярнуць увагу ў першую чаргу на памылкі і даць неабходныя “каардынаты” для асабістага руху і творчага росту.

Часткай педагагічнай практыкі педагога з’яўляюцца наведванні мастацкіх экспазіцый у Рэчыцкай мастацкай галерэі, якія спрыяюць фарміраванню ў навучэнцаў агульнай эстэтычнай культуры, мастацкага стылю і густу, вобразнага мыслення.

На працягу больш чым за дваццаць гадоў навучэнцы студыі «Крыніца» разам з педагогам прымаюць удзел у культурна-масавых мерапрыемствах, выставачна-экспазіцыйнай і конкурснай дзейнасці, актыўна ўдзельнічаюць у тэматычных выставах. Пад умелым кіраўніцтвам Сяргея Іванавіча многія навучэнцы здолелі праявіць сваі таленты, працавітасць, жаданне ствараць творчыя работы, якія адзначыліся на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Сярод іх Глеб Кажадуб, Ягор Мінакоў, Аляксей Краскоўскі, Дар’я Корж, Кацярына Маркавец, Анастасiя Кулецкая, Марыя Стрыжак.

Студыя ўносіць важкі ўклад у фарміраванне фонду пазабюджэтных сродкаў Цэнтра творчасці. Педагог сур’ёзна ставіцца да работы з бацькамі, імкнецца зацікавіць іх адукацыйным працэсам установы і перспектывамі творчага росту іх дзяцей, добра разумее, што матэрыяльная база і стварэнне добрых умоў для заняткаў залежаць і ад сродкаў, якія паступаюць на дабрачынны рахунак установы ад імя бацькоў. У кабінеце, дзе праходзяць заняткі для навучэнцаў, маецца ўсё неабходнае абсталяванне, муфельная печ, сфарміравана пастаянна дзеючая выстава работ навучэнцаў студыі. Бацькі і дзеці маюць магчымасць бесперапынна назіраць за творчымі пошукамі і дасягненнямі навучэнцаў студыі.

Імя кіраўніка студыі, педагога дадатковай адукацыі Сяргея Іванавіча Азарава добра вядома ў рэчыцкім асяроддзі мясцовых умельцаў, штогод у пачатку навучальнага года да яго ў студыю гатовы запісацца дзясяткі дзяўчынак і хлопчыкаў. Пацверджаннем таго, што педагог з’яўляецца прызнаным знаўцам сваёй справы, з’яўляецца той факт, што яго кандыдатура часта ўключаецца ў склад журы конкурсаў, якія праводзіць аддзел адукацыі, спорта и турызма райвыканкама.

Шматгадовы творчы пошук, здольнасць знаходзіць цікавае і незвычайнае ў жыцці, тое, што па праву атрымлівае прызнанне і падзяку навучэнцаў, іх бацькоў і калег па працы, сведчаць аб тым, што невычэрпна крыніца натхнення славутага педагога, які з’ўляецца рухавіком творчасці для сваіх навучэнцаў. Праз работу над сваімі творамі дзецям адкрываецца цудоўны свет народных звычаяў, праяўляецца зацікаўленасць да традыцыйнай народнай і сучаснай культуры. Вопыт работы Сяргея Іванавіча Азарава адкрывае шырокія магчымасці для рашэння задач эстэтычнага выхавання, развіцця нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў і працягу творчай біяграфіі роднай студыі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети