Культура

3304

Людзі зямлі Рэчыцкай. Галіна Кісель. І роднай вёсцы пакланюся

 +

На абласным аглядзе-конкурсе «Бібліятэка, неабходная грамадству» бібліятэкар Галіна Кісель Бронненскай бібліятэцы выйшла пераможцам і атрымала дыплом II ступені ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу».

Галіна Кісель
Галіна Кісель

Бібліятэка заўсёды вылучалася адметнай дзейнасцю, накіраванай на адраджэнне, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю. Яна культурны цэнтр вёскі, таму што ўдала спалучае ў сабе работу не толькі бібліятэкі, але і клубнае ўстановы. Бібліятэка – адно з найбольш наведвальных месцаў у вёсцы, якое карыстаецца папулярнасцю як у дзяцей, так і ў дарослых.

Галіна Мікалаеўна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Броннае, добра ведае гісторыю свайго сяла, людзей, традыцыі. Гэта прафесіянал сваёй справы, чалавек творчы, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў. Значную ўвагу бібліятэкар удзяляе стварэнню ўтульнасці, мастацкаму афармленню бібліятэкі, добраўпарадкаванню прыляглай тэрыторыі. Уваходзячы ў бібліятэку, нельга не здзівіцца вясковаму каларыту, нацыянальнаму духу, якія адразу ж ствараюць добры настрой у чытача. Памяшканне аформлена з улікам мясцовых асаблівасцей. У чытальнай зале размешчаны куток сялянскага побыту, у якім сабраны ручнікі, посцілкі, вышываныя рэчы, гліняны і драўляны посуд і інш. Чытальная зала бібліятэкі – своеасаблівы цэнтр краязнаўства. Таму бібліятэка з’яўляецца месцам, куды хочацца прыходзіць, дзе адпачывае душа чалавека.

Бібліятэкар садзейнічае выхаванню патрыятызму, любові да роднага краю, сваёй малой радзімы. Шмат карысных і цікавых краязнаўчых матэрыялаў захоўваецца і папаўняецца ў бібліятэцы. Своеасаблівы апагей краязнаўчай работы бібліятэкі – «Летапіс вёскі», дзе старонка за старонкай раскрываюцца ўсе вехі яе гісторыі. Асобнай старонкай у бібліятэцы прадстаўлены матэрыялы аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Выдатны дадатак да летапісу – шэраг тэматычных папак. Матэрыялы ў іх прадстаўляюць багатую культуру вяскоўцаў: архіўныя дакументы, успаміны, унікальныя фотаздымкі. Жыццёвыя лёсы многіх знакамітых людзей пачыналіся менавіта з гэтай сціплай, невялікай і ўтульнай бібліятэкі.

Ланцужком для ўсіх, каго лёс раскідаў па прасторах Беларусі, усяго былога Савецкага Саюза ад роднага Броннага, стаў праект бібліятэкі «Вёска мая, я часцінка твая». У яго рамках Галіне Мікалаеўне ўдалося сабраць матэрыял і аформіць некалькі альбомаў аб найбольш знакамітых сем’ях вёскі. Атрымаліся шчымлівыя сямейныя альбомы, якія гартаюцца і дапаўняюцца членамі сямей. На штогадовае свята вёскі, якое ладзіцца каля бібліятэкі, прыязджаюць з усіх куткоў ураджэнцы Броннага на малую радзіму. З пяшчотай разглядаюць і дапаўняюць дакументамі раздзелы сваёй сям’і ў альбомах.

Усёй вёсцы вядома, што бібліятэка збірае і захоўвае матэрыялы пра аднавяскоўцаў. Таму людзі нясуць у бібліятэку неапазнаныя фотаздымкі, якія бібліятэкар афармляе ў альбом «Вёска. Лёсы. Людзі», а наведвальнікі па меры магчымасці «расшыфроўваюць» іх.

Бібліятэкар лічыць сваім абавязкам збіраць і захоўваць, а таксама прапагандаваць усё, што датычыць песеннага фальклорнага мастацтва вёскі. Яна добра разумее, што фальклор з’яўляецца вялікай каштоўнасцю як узор народнага мастацтва, дзейсны сродак выхавання маладога пакалення. Пры бібліятэцы ўжо 30 год працуе аматарскае аб’яднанне «Бібліятэчныя вячоркі», у рамках якога праводзяцца самыя розныя мерапрыемствы. З удзелам калектыву каля бібліятэкі ладзяцца народныя святы і абрады.

Бібліятэка накіроўвае ўсе свае намаганні на тое, каб наблізіць кнігу да чытача, прывіць цікавасць і любоў да чытання, да сваёй роднай мовы. Нягледзячы на хутка-
плынны бег часу, яна па-ранейшаму застаецца духоўным цэнтрам, які жывіцца працай руплівых і самаадданых людзей.

Бібліятэка знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку новых форм работы, якія дапамагаюць захаваць у сэрцы часцінку любові да роднага краю, навучыць з павагай адносіцца да сваіх вытокаў.

Члены журы адзначылі высокую якасць прадстаўленых матэрыялаў Бронненскай сельскай бібліятэкі. Віншуем Галіну Мікалаеўну з узнагародай і жадаем ёй новых перамог!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети