Культура

2970

Таленты зямлі Рэчыцкай. Сёння паэту-земляку Анатолю Сысу споўнілася б 60

 +

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў. Ён меў вялікую любасць да малой радзімы. Заўсёды з гонарам згадваў, што родная хата стаіць на гарадзішчы Зарубінецкай і Мілаградскай культур (3–4 ст. да нашай эры).

Анатоль у дзяцінстве саматугам выкопваў чарапкі, маністы, крамянёвыя наканечнікі стрэл, якія насіў у краязнаўчы музей. Ён жыў з адчуваннем дараванай яму ад нараджэння свабоды. Паэзія яго была свабоднай, і сам ён аніякіх вярыгаў на сабе не цярпеў. «Ні грошай, ні славы – я волі хачу». Як гэта рэдка ў жыцці бывае – вызначыць для сябе крэда і да апошніх гадоў трымацца яго. Сыс трымаўся. Большага бяссрэбраніка, чым ён, і ўявіць складана. Жыў у сваёй аднапакаёўцы, жывіўся, чым Бог паслаў. Раздаваў сябрам і знаёмым кнігі, рэчы, падараваныя яму мастакамі карціны. З адным толькі партрэтам Максіма Багдановіча не разлучаўся. Паэт застаўся ў памяці добрым, але «шабутным хлопцам», які спаў да самай восені на сенавале ў хлеўчыку, любіў выпіць, ездзіў у Сібір вывучаць жыццё…

Маці, Радзіма, Мова – асноўныя зоркі паэзіі Анатоля Сыса, натуры надзвычай адоранай, кіпучай, неўтаймаванай. Ён выдатны беларускі паэт. Яго паэзія не пакідае чытача абыякавым, яна нясе ў сабе і эстэтычнае пачуццё, і неўтаймаваны тэмперамент, і нічым не абмежаваную спавядальнасць. Паэзія Анатоля Сыса – чуллівая, праўдзівая, эмацыянальная. Сысава паэзія апякае, як расплаўленая магма.

 Аднойчы Анатоль Сыс казаў: «Паэзія – гэта інтуіцыя, калі хочаш, імправізацыя па матывах душы. Раптам я кідаю ўсё на свеце. У гэты момант мяне лепш не чапаць. Я сам як шаравая маланка…» Агонь часта з’яўляецца ў яго вершах, а першы зборнік, датаваны 1988 годам, зусім не выпадкова атрымаў назву «Агмень». Дарэчы, яго рэдактарам была Яўгенія Янішчыц. Амаль увесь наклад першага зборніка быў раскуплены за некалькі тыдняў.

Падчас навучання ў школе Анатоль Сыс захапляўся літаратурай і гісторыяй. У 1977 годзе ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Ф. Скарыны, які скончыў у 1982 годзе. Пасля двухгадовай службы ў войску сувязістам працаваў у Веткаўскай раённай газеце. У 1985 годзе Сыс пераехаў у Мінск, дзе працаваў на Беларускім тэлебачанні.

Свой першы верш па-беларуску напісаў падчас навучання ў Броненскай сярэдняй школе. У 1974 годзе дэбютныя творы Сыса былі надрукаваны ў газеце «Дняпровец». У 1986-м падборка вершаў Анатоля Сыса была надрукавана ў часопісе «Маладосць». У 1987 годзе Сыс быў сярод заснавальнікаў суполкі маладых пісьменнікаў «Тутэйшыя». Пры жыцці паэта выйшлі тры зборнікі ягоных вершаў: «Агмень» (1988 г.), «Пан лес» (1989 г.), «Сыс» (2002 г.).

Напачатку 1990-х на вершы Анатоля Сыса было запісана некалькі песень, сярод якіх «Мая белая лебедзь», «Ластаўка», «Залатыя краты». Апошняя песня стала хітом і цяпер уваходзіць у класіку беларускай рок-музыкі.

Зборнікі «Агмень», «Пан Лес» зрабілі яго вельмі папулярным творцам. Ён выдатна дэкламаваў свае вершы, паэта слухалі з заміраннем сэрца натоўпы людзей. А чытаў Сыс, як і пісаў – непаўторна. Праз хвіліну-другую ад першых прамоўленых слоў авалодваў аўдыторыяй, як маг-чарадзей. Адухоўлены твар, бездакорная дыкцыя, вібрацыя голасу… Энергетыкай паэт валодаў незвычайнай. На паэтычныя вечарыны Анатоль Сыс любіў надзяваць вышыванку.

«Пан Лес» – метафарычная назва другой кнігі вершаў Анатоля Сыса. Гэта метафара радзімы, магчыма, яшчэ больш глыбокая і духоўная, чым «Агмень». Тут ён апавядае гісторыю свайго нараджэння, піша пра маці, бацьку, бабуліны бурштынавыя каралі, распрацоўвае і сваё паэтычнае крэда. Выхад гэтай кнігі стаў для паэта пэўнага кшталту жыццёвай мяжой. Зборнік «Пан Лес» стаў самым вядомым зборнікам паэта. Менавіта пасля яго выдання Анатоль Сыс праз хваробу страўніка звольніўся з працы на кінастудыі і пачаў жыць толькі на пенсію.

Кніга «Лён» пабачыла свет у 2006-м, меней чым праз два гады пасля смерці паэта. Цвёрдая вокладка, фотаархіў, інтэрв’ю, артыкулы, больш як чатыры дзясяткі невядомых раней вершаў… Гэты томік амаль адразу стаў бэстсэлерам.

Вершам «Коні» пачынаецца яшчэ адна кніга Анатоля Сыса «Берагі майго юнацтва», якая прыйшла да чытача толькі ў 2016 годзе.

Караванам па бязмежнай

 пойме,

Праклінаючы халодны бляск

 вады,

Нібы айсберг рыжы,

 блудзяць коні,

Звар’яцеўшы ад пустой хады.

 

І, здаецца, што туман

 абрыдлы

Назаўжды закрэсліў пах зямлі,

Грывы мокрыя,

 як птушак скрыдлы,

Безнадзейна па вадзе плылі.

А планавалася, збіралася, пісалася шмат гадоў, нават некалькі дзесяцігоддзяў таму. «Коні» — верш з 1980-га, а мо нават і папярэдняга года. Сысу яшчэ толькі дваццаць з хвосцікам... Чытаем у прадмове да кнігі «Берагі майго юнацтва»: «Увосень 2010 года, падчас штогадовага паэтычнага свята ў гонар Анатоля Сыса, на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна я і зямляк Анатоля, паэт і журналіст Сяржук Сыс, даведаліся ад роднай сястры Анатоля Тамары Ціханаўны пра існаванне неразабранага архіва Анатоля. Падчас прагляду яго я заўважыў невядомыя вершы паэта. Для нас гэта было моцнай неспадзяванкай, неверагодным сюрпрызам, у які з першага разу цяжка было паверыць, бо Анатоль, жывучы ў Мінску, неаднойчы распавядаў пра тое, што спаліў юнацкія вершы». (А. Бяляцкі).

Зборнік складаюць творы, напісаныя Анатолем Сысам падчас вучобы ў Гомельскім універсітэце ў канцы 70-х – пачатку 80-х гадоў... Такая вось гісторыя знойдзенай кнігі. «Берагі майго юнацтва» – кніга, якая сведчыць, што ў літаратуру, беларускую паэзію, беларускую культуру ўваходзіў талент.

Памёр паэт 4 мая 2005 года ў сваёй мінскай кватэры ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў в. Гарошкаў. Сям’і ў паэта не было.

У Рэчыцы і нават шырэй – на Гомельшчыне – пра паэта памятаюць. Прафесар ГДУ імя Ф. Скарыны, раней сябар Анатоля Іван Штэйнер, выдаў эсэ-манаграфію «Свае руны мне не вышыць: спадчына Анатоля Сыса». Да 50-годдзя Анатоля Сыса сябры выдалі кнігу, прысвечаную паэту, пад назвай «Ягамосць». Так хацеў назваць сваю кнігу Анатоль, аднак не здолеў. Пад яе вокладкай сабраны творы аўтараў, асабіста знаёмых з Анатолем, а таксама творцаў, якія ведаюць яго толькі па вершах.

У бібліятэках беражна захоўваецца памяць пра паэта, да юбілею аформлены кніжныя выставы, ладзяцца мерапрыемствы. Запрашаем чытачоў пацікавіцца творчасцю нашага таленавітага земляка!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity