25/02/2020

Знакамітыя землякі: Іван Навуменка. Васілевіцкі чалавек

У Васілевіцкай гарадской бібліятэцы імя І. Я. Навуменкі прайшла літаратурная вечарына «Васілевіцкі чалавек», прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Івану Якаўлевічу Навуменку з нагоды 95-годдзя з дня нараджэння.

У Васілевіцкай гарадской бібліятэцы імя І. Я. Навуменкі прайшла літаратурная вечарына «Васілевіцкі чалавек», прысвечаная народнаму пісьменніку Беларусі Івану Якаўлевічу Навуменку з нагоды 95-годдзя з дня нараджэння.

Васілевічы… Невялікі гарадок з ціхімі вуліцамі, зялёнымі лясамі вакол, гудкамі далёкіх цягнікоў. Тут 16 лютага 1925 года нарадзіўся І. Я. Навуменка. Тут прайшлі дзяцінства і юнацтва, адсюль ён зрабіў першыя крокі ў жыццё.

Бібліятэкары распавялі прысутным пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, суправаджаючы паказам фотаздымкаў пісьменніка, яго бацькоў, дзяцей, васілевіцкіх мясцін.

Іван Якаўлевіч не толькі выдатны пісьменнік, але і навуковец. Ён вядомы як даследчык літаратуры і за межамі Беларусі. Яго творы перакладзены на рускую, украінскую, латышскую, польскую, нямецкую, французкую мовы.

Бібліятэкары расказалі прысутным аб тым, што зроблена ў памяць аб знакамітым пісьменніку. На бацькоўскай хаце ў Васілевічах на вуліцы Савецкай, 3 устаноўлены памятны знак, а ў Мінску ў гонар пісьменніка названа вуліца і адкрыта мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў Іван Навуменка (вуліца Карла Маркса, 36). Важнай падзеяй з’явілася выданне 10-томнай літаратурнай спадчыны Івана Навуменкі. Апошні, дзясяты том, быў выдадзены ў 2017 годзе. На базе Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна ёсць віртуальны музей «Крыніцы б’юць з глыбінь», які прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка. Тут таксама ёсць і традыцыйны літаратурны музей, у якім сабраны рэчы, фотаздымкі, рукапісы, дакументы.

Наша бібліятэка з гонарам носіць імя І. Я. Навуменкі, тут і невялікі музей «Літаратурныя Васілевічы», дзе сабраны матэрыялы пра народнага пісьменніка і яго творчасць. Ёсць тут і фатаздымкі, лісты, кнігі, падпісаныя самім аўтарам «ад васілевіцкага чалавека», як ён сам сябе называў.

Напрыканцы мерапрыемства супрацоўнікі бібліятэкі прадэманстравалі прысутным
відэафільм пра Івана Навуменку з серыі «Постаці», зняты гомельскай тэлерадыёкампаніяй у 2014 годзе.

У чытальнай зале бібліятэкі дзейнічае літаратурная выстава «Наш зямляк – Іван Навуменка».

Творчая спадчына І. Я. Навуменкі застанецца для ўсіх на доўгія десяцігоддзі.



--- взято с сайта dneprovec.by ---