Культура > Образование

4953

Вядомы акцёр і тэлевядоўца правёў урок беларускай мовы ў СШ № 11

 +

Адукацыйны праект “Чытаем па-беларуску з Velcom” пачаўся ў 2015 годзе і з поспехам прайшоў у мінскіх школах. Зараз ён працягнуты ў рэгіёнах Беларусі. Ініцыятарам выступае кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.19 красавіка каманда праекта завітала ў рэчыцкую СШ № 11.

Спецыяльна для праекта былі распрацаваны інтэрактыўныя ўрокі, падчас якіх вучні 2-3 класаў маюць магчымасць не толькі пазнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай і пісьменнікамі, але і атрымаць практычныя лінгвістычныя навыкі. Прычым атрыманне практычных навыкаў роднай мовы адбываецца ў захапляльнай форме.

Вучням другіх класаў СШ № 11 пашанцавала – выкладаць урок у іх выпала Юрыю Жыгамонту, акцёру і тэлевядоўцу, вядомаму ў першую чаргу стварэннем і ўдзелам у папулярнай перадачы з шматгадовай гісторыяй “Падарожжы дылетанта”.

 “Асабіста для мяне ўсё, што ідзе на карысць беларускай мовы і культуры, – вельмі цікава, – распавёў Юрый. – Таму я заўсёды згаждаюся прымаць удзел у падобных акцыях. Для мяне вельмі цікава паразмаўляць з дзеткамі, даведацца, як яны адносяцца да сваёй роднай мовы, што яны думаюць пра гісторыю Беларусі, увогуле пра родную краіну. Беларусы – вельмі шчырыя, добрыя людзі. У якую б мясціну мы не прыехалі – усюды нас прыязна сустракаюць. Увогуле я родам амаль што з гэтых мясцін – з Нараўлянскага раёна. Калісьці ў нас быў Рэчыцкі павет. У нас нават гаворкі падобныя. Кніга вядомага этнографа Чэслава Пяткевіча, які родам з-пад Хойнікаў, “Рэчыцкае Палессе – яскравы прыклад вышэйсказанаму”.

Дзеткі, якія сабраліся ў школьнай бібліятэцы, з самага пачатку ўрока слухалі знакамітага настаўніка, затаіўшы подых. “Калі не будзе нашай мовы, то не будзе і народа беларускага. Мова – гэта душа народа”, – адзначыў у пачатку мерапрыемства госць з Мінску.

Юрый Жыгамонт пазнаёміў вучняў з дзейнасцю Уладзіміра Ліпскага – галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”. У прыватнасці знакаміты госць засяродзіў увагу на кнізе Ліпскага “Мой радавод”. “Сваіх продкаў, свой радавод трэба ведаць, – прагучала галоўная думка. – Прыйдзеце сёння дахаты, вазьміце аркуш паперы, запытайце ў бацькоў, як звалі іх бабуль і дзядуль, і складзіце свой уласны радавод. Гэта вельмі важна”.

Затым Юрый Жыгамонт спытаў, ці ведаюць яго вучні. Тыя спачатку захоўвалі маўчанне, але варта было Юрыю даць маленькую падказку “дзядзька такі ў капялюшы, з чэмаданчыкам, у акулярах”, як вучні дружна і з ўсмешкай заківалі: “Так, так”. Паабяцаў сваім юным слухачам Юрый Жыгамонт зазірнуць разам са сваёю праграмай і ў нашыя мясціны.

Далей дзеці даведаліся, што па-беларуску слова “русалка” гучыць як “азярніца” і першым гэта слова ўвёў у мову славуты Адам Міцкевіч. Той-сёй з вучняў нават адзначыў, што бачыў азярніц, але потым высвятлілася, што рэч пра тэлевізійны вобраз.

Таксама падчас урока размова вялася пра такія святы, як Вялікдзень, Купалле, Масленіца. Юрый Жыгамонт тлумачыў, чаму тое альбо іншае свята атрымала такую назву.

Затым вучні мелі магчымасць паслухаць прыказкі ў цудоўным акцёрскім выкананні. Дарэчы, на працягу ўсяго мерапрыемства не пакідала ўражанне, што знаходзішся на спектаклі высокага ўзроўню.

Скончыўся гэты незвычайны ўрок разгадваннем загадак. “Хто па лесе лятае і сваё імя называе?”, “Як гуляць – дык апранаць, каб не мёрзлі пяць і пяць”.

Як распавёў адзін з арганізатараў праекта Дзмітрый Гмыза, кампанія Velcom невыпадкова прымае ўдзел у гэтым праекце. Адзін з напрамкаў дзейнасці кампаніі, прапісаных у стратэгіі, – развіццё нацыянальнай самаідэнтычнасці беларусаў. Другі накірунак – падтрымка і развіццё дзяцей. “Мы разумеем, – адзначыў Дзмітрый, – што за 30 хвілін немагчыма адразу навучыць чытаць і размаўляць на мове, але мы спадзяёмся, што ў нас, прынамсі, атрымаецца закласці маленькае зярнятка ў свядомасць дзяцей, каб яны разумелі, што яны – беларусы, а без беларускай мовы не будзе існаваць і беларуская нацыя”.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети