Выпускнікі Заспенскай сярэдняй школы ўдзельнічалі ў акцыі «Пасадзі сваё дрэва»
Больш за ўсё чалавек шануе тое, да чаго прыклаў сваю руку. Кожны год выпускнікі Заспенскай сярэдняй школы прымаюць удзел у акцыі «Пасадзі сваё дрэва».
Так, за некалькі апошніх гадоў было пасаджана больш сарака маладзенькіх яблынь. Адзначу, што прыжывальнасць сажанцаў пладовых дрэў амаль 100-працэнтная. Тут адыгрывае ролю адказнае стаўленне да свайго задання старшакласнікаў і жаданне зрабіць навакольны свет лепшым.
Вучні 11 класа таксама прадоўжылі традыцыю школы гэтай вясной. Сёлета яна непрадказальная: то выгляне сонейка, то пойдзе дожджык. Таму галоўнае – паспець пасадзіць дрэўцы. Вучні выпускнога класа з адказнасцю і задавальненнем падышлі да гэтай справы. І садок павялічыўся на 10 дрэўцаў. Спадзяёмся, што маленькія прыгажуні прыжывуцца, будуць радаваць вока сваімі яблыкамі і напамінаць аб выпускніках 2016 года.
Магчыма, пазней нехта з дзяцей нашых вучняў прыйдзе вучыцца ў школу і з гонарам скажа: «Сярод гэтага мноства яблынь у садзе ёсць і дрэўца маёй матулі ці таты».
Словы падзякі хочацца сказаць Сяргею Захаравічу Зыкаву, які штогод аказвае спонсарскую дапамогу школе – прадстаўляе сажанцы.