Культура > Образование

2252

Дзень роднай мовы адзначылі рэчыцкія школьнікі. «Мова – душа народа!»

 +

Аблічча кожнай нацыі вызначае нацыянальная культура: разнастайная мастацкая творчасць, рамёствы, традыцыі і звычаі, а ў першую чаргу – мова. Таму абавязак кожнага з нас – дасканала авалодаць роднай мовай, жыватворнай крыніцай нацыянальнай культуры.

«Мова – душа народа!» – менавіта пад такой назвай у сярэдняй школе № 2 прайшоў Дзень роднай мовы.

Родная мова – гэта векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны і неацэнны скарб. І сёння гонар усіх нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту. Таму ўсе настаўнікі метадычнага аб’яднання школы і вучні прынялі актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы, мэтай якіх было паказаць, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе на творчасць.

Вучні Эмілія Повад (11 клас), Арсеній Краўчанка (2 «В») і Ілля Саснок (8 «Б») у фае школы падрыхтавалі сустрэчу настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў цудоўнымі пажаданнямі на беларускай мове. Таксама вучні восьмых класаў праявілі свае веды ў інтэлектуальным конкурсе – гульне «Лепшы знаўца беларускай мовы». Самыя здольныя былі ўзнагароджаны салодкімі падарункамі, дыпломамі і падзякамі.

А для тых, хто адчувае ў сабе паэтычны дар, быў арганізаваны творчы конкурс «Родная мова – тое, што нас яднае». Найлепшымі былі прызнаны выказванні наступных удзельнікаў, вучняў 6 «Б»: Яны Альхімовіч «Сапраўдная гісторыя», Іллі Балалаева «Сваімі словамі аб самым важным» і Вадзіма Вярбіцкага «Беларускі пераказ».

У рамках свята з вучнямі пятых класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Ірыны Найдзенкі і Святланы Тарабей была праведзена квэст-гульня «Цуды роднага краю», дзе навучэнцы праявілі свае ўменні і даведаліся шмат новага аб радзіме. Вучні 5–9-х класаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў Тамары Збароўскай і Алы Раманьковай аформілі стэнд «Любімае беларускае слова», дзе ўсе наведвальнікі школы маглі зрабіць сэлфі па-беларуску і пашырыць свае веды пра багацце роднай мовы.

Вучні 9 «А» і «В» класаў наведалі цэнтральную раённую бібліятэку і выпрабавалі сілы ў конкурсе эрудытаў беларускай мовы «Такія знаёмыя назвы і словы, такая цудоўная родная мова».

Вывучаць іншыя мовы вельмі карысна, але галоўнае – добра ведаць і шанаваць сваю родную мову. Да такой высновы прыйшлі вучні 11-га класа, удзельнікі свята «Размаўляй па-беларуску», якія падрыхтавалі беларускае агучванне мультыплікацыйных фільмаў «Марозка» і «Алёша Паповіч».

Самыя таленавітыя і высокаматываваныя вучні 5–11-х класаў атрымалі падзякі і салодкія падарункі.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity