Культура > История

4940

Жыццёвае дрэва рода Батуры

 +

Святое Пісанне гаворыць і пра тое, што кожны хрысціянін павінен ведаць свае карані хаця б у сямі каленах. І ў гэтым меркаванні – глыбокі сэнс. Гісторыя роду, памяць пра прашчураў, асэнсаванне свайго прозвішча выклікае годнасць уласную, спрыяе цікаўнасці родзічаў і знаёмых, а яшчэ – гонару тых, каму давядзецца род працягваць.

Хачу расказаць пра жыццёвае дрэва сям’і Батуры.

Вядома, што да XVII стагоддзя на Русі простыя людзі прозвішчаў не мелі. Каб удакладніць чалавека, называлі яго імя і імя бацькі (Іван Міхайлаў, Пятро Рыгораў і г. д.). У нас, усходніх славян, імя па бацьку захавалася і пры з’яўленні прозвішчаў. Засталося яно і цяпер. Паколькі хрысціянскіх імёнаў некалі мелася не так і шмат, пашырэнне атрымалі і мянушкі, звязаныя з характарам, паводзінамі, знешнасцю, падабенствам з чым-небудзь (хітрун, брахун, певень, дракон і г. д.). Называлі людзей і па роду заняткаў (бондар, пячнік, пчаляр, рыбак і г. д.). Паступова і ўсялякія мянушкі ператвараюцца ў прозвішчы.

Што тычыцца прозвішча Батура, дык карані яго даволі глыбокія. Існуе некалькі версій яго паходжання і значэння. Так, у старарускіх говарах слова «батура» азначала «каланча, вышка, вежа». Гэткае ягонае значэнне і цяпер бытуе ў дыялектах украінскай мовы. Мабыць, такое значэнне прозвішча (Батура) далі чалавеку з незвычайна высокім ростам.

У беларускай мове слова «батура» азначае, калі па-руску, «пустомеля». У такім выпадку прозвішча магло замацавацца за ахвотнікам доўгіх гутарак на неістотныя тэмы.

У разанскіх і валагодскіх говарах «батурамі» называлі ўпартых людзей, а на Паволжжы «батурыць» азначала «таранить или тащить что-то громоздкое». Магчыма, адно са згаданых вышэй значэнняў і легла ў аснову прозвішча Батура.

Існуе і даволі абгрунтаваная версія аб цюркскім паходжанні прозвішча. Так, імя Батыр/Батура з перскай мовы перакладаецца як «богатырь, герой, бесстрашный, очень сильный, героический».

У старажытных справавых актах імя Батура сустракаецца з даўніх часоў. Трэба адзначыць, што гэта імя ў мінулым было характэрна не толькі для цюркскіх народаў: рускія людзі часцяком скарыстоўвалі прыгожыя іншаземныя імёны як мянушкі для ўнутрысямейнага абыходжання.

Дарэчы, у архіўных дакументах згадваецца мурза Батура, які на пачатку XV стагоддзя выехаў з Арды на службу да князя Фёдара Ольгавіча Разанскага.

Прозвішча Батура ўтварылася ад мянушкі продка без афармлення фамільным суфіксам. Што характэрна для ўкраінскіх, беларускіх і паўднёварускіх зямель, таму што на гэтых прасторах прозвішчы атрымалі пашырэнне на стагоддзе раней, чым у «чыста» рускіх.

Гэта прозвішча і цяпер сустракаецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, Расіі, Украіны ды Польшчы.

Раздабыць важныя весткі, пададзеныя вышэй, мне дапамаглі «Словарь древнерусских личных собственных имен Н. М. Тупикова», «Толковый словарь В. Даля» (4 тома), «Этимологический словарь русского языка» М. Фасмера (4 тома), «Русские фамилии тюркского происхождения», «Белорусско-русский словарь Н. А. Баскакова» Центра даследванняў «Анализ фамилии».

Пасля доўгіх пошукаў пашанцавала «раскапаць» сем каленаў сваіх продкаў.

Згаданую працу змясціў на стэндзе ў доме-музеі свайго бацькі.

Першая сямейная згадка нашага прозвішча «Батура» звязана з імем Сцяпан. Імя па бацьку невядома, але ж яно было. Гэта азначае: наша фамілія мае яшчэ больш глыбокія карані. Можам толькі «прыкінуць», што ён, далёкі продак, жыў у XVIII стагоддзі.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) большасць рэчыцкай зямлі дапасавалася да складу Расійскай імперыі. Паколькі прозвішчы ў Польшчы, як і ў іншых краінах Еўропы, з’явіліся раней, можна меркаваць аб яго польскіх каранях. Як, дарэчы, і шматлікіх іншых.

Ніякай дадатковай фактуры аб сям’і Сцяпана Батуры няма, хіба што згадка пра ягонага сына Піліпа.

Піліп Сцяпанавіч Батура нарадзіўся ў 1796 годзе. Падрабязных звестак аб яго жыцці адшукаць не ўдалося, але дакументальна вядома: у 1844 годзе чалавек меў 48 гадоў, выкупіў дзялку зямлі ў пані Марыі Раманаўны Халадоўскай. Гэта і пацвярджае год ягонага нараджэння – 1796-ы.

Паводле Маніфесту імператара Аляксандра II ад 19 лютага 1861 года ў Расіі было адменена прыгоннае права. «Вызваленне» сялян праходзіла па рэгіёнах імперыі як бы паэтапна. Для Беларусі (паўночна-заходні край) гэта быў 1863 год.

Першая Рэчыцкая паверачная камісія складання прававых актаў па маёнтку Горваль устанавіла: з 12 ягоных вёсак у наяўнасці …няма і паловы. Камісія вырашыла: усе жадаючыя могуць выкупіць надзелы зямлі ва ўласнасць у тых месцах, дзе жылі раней.

З ростам капіталістычных адносінаў адбылося «ўзбуйненне» горвальскага маёнтка за кошт перасялення невялікіх вёсак у больш буйныя. То жыхары вёскі Васількова апынуліся каля вёскі Гавінавічы (цяпер вёска Валадарск) на дагэтуль званым Васільковым полі.

«Журнал Минского Губернского по крестьянским делам Присутствия» за люты 1865 года надрукаваў і «Выкупны акт I Рэчыцкай Паверачнай Камісіі, складзены 10 ліпеня 1864 года па маёнтку Горваль памешчыцы, Правадзейнай Стацкай Саветніцы Марыі Раманаўны Халадоўскай Рэчыцкага павету Горвальскай воласці Гавінавічскай сельскай грамады сяла Васількова або Слабодка». У дакуменце згадка: вёска была паўторна «ўтворана» пры паверцы, таму што сяляне не па ўласнаму жаданню ссяліліся ў Гавінавічы, а цяпер па ўзаемнай згодзе з Халадоўская вернуты назад.

На падставе выкупного акта, згаданага вышэй, зямлю ва ўласнасць у Васількова набылі 16 сялянскіх двароў з 235 рэвізскімі душамі мужчынскага полу. Адзін надзел складаў 21,36 га сядзібнай, ворыўнай і сенакоснай зямлі. А гэта азначае, што надзелы, хутчэй за ўсё, выкуплялі сем’і родзічаў, бо адкуль жа набіраюцца 235 мужчын?

Сярод новых прыватнікаў і Піліп Сцяпанавіч Батура, які выкупіў у 1864 годзе надзел зямлі ў саракавасьмігадовым узросце. Дата ягонай смерці, як і колькасць дзяцей, застаюцца недакладнымі. Вядома толькі: у Піліпа Сцяпанавіча быў сын Малах.

Аўтар дадзенага артыкула звяртаўся ў архіў Гомельскай і Жлобінскай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы. Хацелася атрымаць хоць якія сямейныя звесткі. Але дарэмна: на пачатку савецкай улады архіў быў знішчаны. Вось як карчаваліся сямейныя карані з памяці народа…

Малах Піліпавіч Батура жыў па вуліцы Барысы, што вяла на вёску Крынкі. Дата нараджэння, на жаль, невядома. Меў зямлю, вызначаўся працавітасцю і сілаю. Старажылы згадвалі выпадак: зваліў (украў) Малах дуба. Адсек шулу ды нясе на плячах. Злавіў яго ляснік, які за пакражу хацеў адабраць сякеру. Малах жа так зацюкнуў лязо ў камель дрэва, што ляснік выцягнуць сякеру не змог. Так і выратаваў чалавек сваю сякеру, дый шулу да хаты данёс.

Невядомай застаецца і колькасць дзяцей Малахавых, апроч сына Васіля.

Памёр жа Малах Піліпавіч у 1932 годзе. Дарэчы, узгорак магілкі ёсць на Васількоўскіх могілках і цяпер.

Звычайна родзічаў хавалі каля сваіх блізкіх. Засталася гэткая традыцыя і ў цяперашні час. Цікава, чаму ў мінуўшчыну не аднаўляліся падгнілыя крыжы?

Васіль Малахавіч Батура нарадзіўся ў 1859 годзе, пражыў 102 гады, памёр у 1961 годзе, зімою. Намяло вельмі шмат снегу. Давялося адкопваць дарогу, каб на санях давезці нябожчыка да могілак.

Васіль Малахавіч Батура з жонкай
Васіль Малахавіч Батура з жонкай

Памятаю Васіля Малахавіча добра. Хітры быў мой барадаты прадзед. Любіў гуляць з дзецьмі, рабіць дудкі з лазы і гусіных пер’яў, трубы з асінавай кары, вучыў іграць на іх. Двойчы браў шлюб.

Калі памерла першая жонка, застаўся з трыма дзецьмі: Хвядос, Саўка, Мікалай. У кожнага з іх свой, адметны маім родзічам лёс…

Праз некаторы час ён, Васіль Малахавіч, ажаніўся ў другі раз, цяпер на дзяўчыне з Будкі-Шыбенкі (назва вёскі звязваецца з ракой Шыбенкай, якая працякала па ней).

Нарадзіліся яшчэ сем дзяцей: Алесь, Пятро, Антон, Якім, Ганна, Вольга і Варка.

Пятро і Антон загінулі на вайне, але нашчадкаў мелі.

Антон Васільевіч таксама быў жанаты і да вайны расціў сына Міхаіла 1927 году нараджэння. Усё жыццё працаваў механізатарам у родным калгасе. Бацька двух сыноў: Віктара і Валянціна. Віктар скончыў Чырвонабярэжскі тэхнікум і ўвесь час на розных пасадах рабіў у калгасе. Мае сына Паўла і дачку Святлану (жывуць і працуюць у Рэчыцы).

Валянцін жыве ў Гомелі. Увесь час працаваў на хімічным заводзе. У яго сын і дачка. То і тут мае прозвішча мае працяг.

Цікава, але, будучы малаадукаваным, Васіль Малахавіч добра памятаў свой радавод. Аб гэтым згадвалі многія старажылы вёскі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сяляне Васількова імкнуліся павялічваць колькасць зямлі. На пясчанай баравой зямлі распрацоўвалі ляды памерам 2–3 гектары, бо «гара ў даліны яшчэ семя не купляла».

Ляда – поле, зробленае шляхам выпілоўвання, выкарчоўвання і выпальвання лесу. Аднавяскоўцы і цяпер ведаюць, дзе знаходзяцца Чыстага, Цярэшкава, Васілёва ляды – выдатныя месцы збору грыбоў і ягад.

Зараз на гэтых мясцінах хваёвы лес даўно вывалены, расце чарналессе ды стаяць нафтаздабываючыя свідравіны. Недарэмна дзяды-прадзеды гаварылі, што зямля там была цёплаю.

Вось які выпадак адбыўся з маім прадзедам пад час распрацоўкі ляда. Сячэ Васіль бярэзнік і сустракаецца з былым панскім кіраўніком з Горваля Аляксандрам Косым. «Васіль, валяй бярозкі ды хавай розкі» – іранічна сказаў былы начальнік. «Цяпер ужо крочыць свята і ў нашу хату», – адказаў працуючы. «Глядзі, каб пасля свята не насталі буднія дні…» «Памёршае ўжо не ўваскрасае на гэтым свеце. А што будзе на тым – пабачым. Ступай, пакуль ходзіш».

Яшчэ малым, я неаднаразова наведваўся ў хату Васіля Малахавіча, хаця і баяўся туды хадзіць. Бо сенцы цёмныя, разам з токам для малацьбы збожжавых, кладоўкаю і хлевам з жывёлаю. Без вокнаў. Можна было заблудзіцца.

Памятаю, на ложку ў хаце ляжала страшэнная на твар ягоная жонка (рак). Пасля яе смерці ён доўгі час жыў адзін. Зімою і летам хадзіў у ватных прашытых штанах, якія ніколі не здымаў. Спаў у іх, сам мыў, дочкам не давяраў. Апошнія гады жыцця знаходзіўся ў свайго малодшага сына Якіма, які, паслухаўшыся бацьку, ажаніўся на ўдаве свайго старэйшага брата Алеся. Зрабіў тое з-за зямлі, хаця Аляксандра і была яму нялюбай. Але потым пайшлі і дзеткі.

Перад смерцю прадзед разрэзаў штаны і дастаў царскія залатыя капейкі. Раздаў дзецям і ўдовам загінуўшых, апроч майго дзеда Пятра.

Невядома, колькі тых грошай было і як ён іх дзяліў: пароўну ці па-брацку, калі старэйшым ці малодшым перападала больш (дарэчы, такое нярэдка адбываецца і цяпер).

У час Вялікай Айчыннай вайны, калі немцы ўжо пакідалі вёску, па дарозе на Крынкі незнаёмы снайпер (страляў з лесу) забіў нямецкага афіцэра. Як звар’яцелыя, чужынцы вярнуліся ў вёску і пачалі паліць хаты па вуліцы Барысы. У адной з такіх хат жывымі згарэлі дзве сляпыя сястры, што не здолелі выкарабкацца на вуліцу.

Згарэла амаль уся вёска. Ацалелі некалькі хат на ўскрайках сярод дрэў.

Людзі ратаваліся, як хто мог. Мае родзічы з процілеглай вуліцы Глінішчы схаваліся ў глыбокіх ямах, парослых лазою, прыхапіўшы з сабою коўдры, падушкі, іконы.

Ямы ўтварыліся шляхам здабычы тлустай чырвонай гліны, з якой выраблялі цэглу-сырэц з сівой даўніны. Вырабляўся і драўляны вугаль, мабыць, для гартоўкі цэглы, бо ўрадлівая чорная зямля і цяпер спрыяе ўраджаям. Капалі гліну тут і ў пасляваенны час для тынкоўкі хат, вырабу пячэй ды грубак. Шмат іх было там.

Частку ямак зруйнаваў і засыпаў зямлёй мой дзед Пятро, дзе зрабіў агарод, пасадзіў сад праз дарогу насупраць сваёй даволі вялікай хаты.

Як памяць аб ахвярах вайны і мясцовай гісторыі іх і цяпер называюць «Ямы».

Па ініцыятыве Заходскага сельскага Савету кожны год у Ямах арганізоўваюцца суботнікі жыхароў вёскі па падтрымцы парадку. Добраўпарадкванне тычыцца і могілак.

* * *

…У адной з згаданых вышэй ямак, амаль насупраць сваёй хаты, хаваліся Іван Іванавіч Гуз з жонкаю Варкай Васільеўнай (дзявочае прозвішча Батура). Немцы знайшлі іх і прама ў ямцы расстралялі абодвух. Дзяцей, на шчасце, у той час дома не было.

Расстраляных пахавалі ў адной скрыні.

Хлапчуком Мікалай (сын) застаўся сіратою. Забраў дзед Васіль Малахавіч. Каб жыць і харчавацца, трэба было дапамагаць па гаспадарцы, працаваць.

Сястру Мікалая – Сашу (Аляксандру) – прытулілі, выхавалі ды выдалі замуж іншыя родзічы.

Пасля вызвалення ад немцаў Мікола апынуўся ў Бабіцкім дзіцячым доме, але адтуль уцёк і вярнуўся да дзеда. Дзеду сказаў: «Больш не аддавайце, бо зноў уцяку. Пайду па беламу свету, а туды (у дзіцячы дом) не вярнуся».

Застаўся. Думаў вучыцца далей, але дзед сказаў: «Ад тваёй грамаці хлеба не гамаці». Вось і пасвіў кароў, цялят, свіней сваіх і родзічаў. Так і выжыў.

Ажанілі сірату перад арміяй. Нават купілі маленькую хатку, у якой маладая жонка з нецярплівасцю чакала яго «з войска» дамоў.

Пятро Васільевіч і Хадосся Іванаўна Батура
Пятро Васільевіч і Хадосся Іванаўна Батура

Яшчэ ў адной ямцы хавалася мая бабулька Хадосся Іванаўна Батура з дзеткамі Мішам (мой бацька), Маняю і Васілём. Прыкрыліся коўдраю, насыпкамі і, амаль не дыхаўшы, глядзелі ўверх. Дзесьці непадалёку пачуліся стрэлы. Бабуля ўспамінала, ды і бацька мой бачыў, як праз некаторы час па насыпу ішоў немец з аўтаматам і закасанымі рукавамі.

Бабулька выставіла наперад ікону Божай Маці і малілася. Немец заўважыў, але адвярнуўся і пайшоў далей. Так засталіся жывымі.

Праз колькі часу пачуліся аўтаматныя чэргі. То немцы стралялі па стозе сена, пабаяўшыся падыйсці бліжэй. А там хавалася Мар’я Пятроўна Ушак, будучая жонка майго хроснага бацькі Івана Сямёнавіча Вераб’я. Куля прабіла ёй грудзі з абодвух бакоў. Але людзі выратавалі жанчыну, вылечылі народнымі сродкамі. Потым ужо бацька гаварыў: «Каб Бог даў сустрэцца з тым немцам, месяц бы карміў і паіў, нягледзячы на нястачу. Напэўна, ён (чужынец) быў нямецкім камуністам».

У трэцяй ямцы хавалася сям’я Якіма Васільевіча Батуры. Быў з жонкаю Аляксандрай Іванаўнай і трыма дзецьмі: Вольгай, Марыяй і Віктарам. Меншы з іх Віця (1941 г. н.) у ямцы вельмі крычаў. Давялося анучаю заткнуць рот.

На шчасце, уратавалася і гэтая сям’я.

Віктар Якімавіч атрымаў, калі вырас, спецыяльнасць механізатара, працаваў у родным калгасе і на цагельным заводзе, ажаніўся, збудаваў добрую хату, выгадаваў з жонкай траіх дзяцей: Таню, Жану і Сяргея. Так што і па гэтай галіне прозвішча працягваецца. Вось толькі самога Віктара Якімавіча сярод нас, жывых, ужо няма.

…Памёр Васіль Малахавіч ва ўзросце, як сцвярджаюць родзічы, 102-х гадоў. Удзячны Мікалай Іванавіч (унук) падгнілыя драўляныя крыжы на могілках змяніў на металічныя, даглядае родныя магілкі.

Дзеду майму, Пятру Васільевічу Батуру, 1897 года нараджэння, бацька не ахвяраваў ні капейкі, таму што сын не паслухаўся і ажаніўся на любай маладзенькай Хадоссі Іванаўне Гуз, якая была са шматлікай малазямельнай сям’і па мянушцы «Сарока». Не даў і зямлі. Такім было пакаранне за непаслухмянасць сына. І яго можна было зразумець: у тыя часы ўсе хацелі ажаніць ці аддаць замуж за тых, у каго была зямля, каб было з чаго разжывацца.

Хадосся ж на 8 гадоў маладзейшая за Пятра, але аказалася шчыраю, працавітаю, рупліваю, адданаю гаспадыняю.

Нястача, напэўна, спрыяе і сквапнасць, хоць гэта можа быць звязана і з генамі.

Зямлёю Пятро з Хадоссяй разжываліся арандаваннем у нядбайных гаспадароў, за што аддавалі трэцюю частку ўраджаю. «Багацелі» ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі з’явілася магчымасць карчаваць ляды. Усё пайшло, як гаворыцца, на лад. Нарадзілі чацвёра дзяцей: Хведара (раней у беларускай азбуцы не было літары «ф», была «хв»), Мішу, Маню і Васіля.

У калгас Пятро не ўступаў, але ж дапамагаў калектыўнай гаспадарцы прыладамі працы, цяглаваю сілаю. Таму і пазбег абкладвання вялізнымі падаткамі.

Але нядоўга цягнулася шчасце. Пачалася Вялікая Айчынная. Майго дзядулю, як і іншых жыхароў вёскі, прызвалі ў армію на самым пачатку вайны. Старажылы расказвалі: прызыўнікоў нават не паспелі пераапрануць у вайсковае, як малаўзброеных, непадрыхтаваных кінулі ў бой. Гэты, лічы, натоўп быў з лёгкасцю разгромлены немцамі. Каторыя ўратаваліся, то вярнуліся дамоў.

Пасля вызвалення вёскі майго дзядулю і іншых мужчын Васількова прызвалі ў армію зноў. Вестак ад роднага мне чалавека не было. Толькі пасля пачатку наступальнай аперацыі «Баграціён», калі праз вёску на падводах везлі раненых, адзін з перабінтаваных родзічаў паказаў маёй бабульцы чатыры пальцы і адзін загнуў. Бабулька зразумела: мужа ўжо няма. Дзе ён пахаваны, невядома. Куды ні звярталіся. «Прапаў без вестак», – былі адказы.

Паспрабую яшчэ звярнуцца ў абласны архіў Гомельскага ваеннага камісарыяту, можа, там якія-небудзь звесткі знойдуцца.

Старэйшы іх сын Фёдар перад вайною паехаў у Ленінград. У тыя часы запрашалася моладзь на заводы і фабрыкі ва ўсе буйныя гарады Савецкага Саюзу. У Ленінградзе ўладкаваўся на ваенны завод, дзе і атрымаў спецыяльнасць фрэзероўшчыка. У час вайны працаваў у блакадным горадзе. З абмарожанымі нагамі зімою быў эвакуяваны ў горад Свярдлоўск. Пальцы на нагах адрэзалі, але выкарабкаўся. Гаварыў: выжыў таму, што з дзяцінства мала еў. У блакадзе і эвакуацыі першымі паміралі тыя, хто хацеў шмат есці і піць. Па дарозе ў Свярдлоўск таварны цягнік па начах рабіў прыпынкі сярод лесу, і з вагонаў выкідвалі ў снег, як бярвенні, трупы замёрзлых людзей. Пасля вайны так і застаўся жыць у Свярдлоўску. Ажаніўся. У сям’і чацвёра дзяцей: Анатоль, Ніна, Аляксей і Марына. Яны таксама маюць сваіх дзетак. Так што род працягваецца і па гэтай лініі, але ўжо ў Расіі.

Калі мой дзядзька з сям’ёю прыязджаў у госці на радзіму, заліваючыся слязьмі, прама за сталом заводзіў песню: «Как умру, как умру я… И никто не узнает, где могилка моя…» Падпявалі і плакалі ўсе прысутныя. Звычайна, падчас іх водпуску, у госці да сябе па чарзе запрашалі ўсе родзічы.

У пачатку 1950-х Фёдар забраў да сябе ў Свярдлоўск і брата Васіля, які таксама атрымаў спецыяльнасць і працаваў на заводзе. Ажаніўся, выхаваў з жонкай двух дачок: Ларысу і Ірыну. Пазней сям’я пераехала жыць на Украіну. Але яго, і гэтага майго дзядзкі, ужо таксама няма.

Маня засталася ў Васількове. Працавала ў калгасе. Выйшла замуж. Нарадзіла і выхавала з мужам двух дачок: Галіну і Людмілу.

…Цяжар ваеннага і пасляваеннага жыцця па вядзенню гаспадаркі леглі на плечы майго бацькі Міхаіла Пятровіча Батуры, 1928 года нараджэння. А былі ж яшчэ і малодшыя сястра Маня ды брат Васіль.

Добрым, працавітым, памяркоўным быў мой бацька. Адукацыя да вайны – чатыры класы. Далей вучыцца не давялося: была патрэба дапамагаць карміць малодшых брата і сястру. Працаваў у калгасе. Мужчынскіх рук не хапала. Даводзілася і араць, і касіць, і вазіць-прывозіць на валах і конях. Збудаваў вялізны па тым часе дом.

Ажаніўся ў 1949 годзе на настаўніцы Вользе Астапаўне, якая працавала ў Васількоўскай пачатковай школе, а потым больш за 35 год хадзіла на працу ў Дуброўскую васьмігадовую школу, дзе выкладала беларускую і рускую мовы.

Міхаіл Пятровіч і Вольга Астапаўна Батура
Міхаіл Пятровіч і Вольга Астапаўна Батура

У 1950 годзе нарадзіўся я. Бацька ж вывучыўся на трактарыста-камбайнёра. У тыя часы спецыяльнасць надта запатрабавальная, бо за штурвал першых капрызных, яшчэ далёкіх ад дасканаласці камбайнаў абы-каго не пасадзіш. Доўгі час працаваў і брыгадзірам у калгасе. Гэтая пасада раней не выклікала падзякі ў людзей: бессардэчнымі дэспатамі былі некаторыя начальнікі «з галечы ды ў панства». Але ж майго бацьку людзі паважалі, заўсёды называлі «Пятровіч».

Працаваў ён і трактарыстам. Пад старасць пабыў і на пасадзе кладаўшчыка. Камуніст, нязменны член праўлення калгасу. Умеў змястоўна выступаць на сходах, ладзіў з усімі старшынямі калгасу.

Яны, бацька з маці, нарадзілі, выхавалі і далі вышэйшую адукацыю траім сваім сынам: мне, Мікалаю і Фёдару. То і з нашага боку прозвішча не абарвалася.

Выгляд бацькоўскай хаты
Выгляд бацькоўскай хаты

Я кандыдат філасофскіх навук, маю двух сыноў: Сяргея і Яраслава. У Сяргея, старэйшага выкладчыка Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэту, растуць дзве дочкі – Лізавета і Настасся. Яраслаў скончыў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, мэнеджэр, росціць сына Рамана.

Мой брат Мікалай скончыў Мазырскую музычную вучэльню і Ленінградскую кансерваторыю. Выдатна граў на баяне, гармоніку, фартэпіяна і гітары. Працаваў на кіруючых пасадах у міліцыі. Разам з жонкаю – Людмілай Уладзіміраўнай – выхавалі дачку Вольгу і сына Віталя.

Мой брат Фёдар скончыў Гомельскі кааператыўны інстытут, працаваў дырэктарам базы ў горадзе Брагіне, а потым з сям’ёю пераехаў у горад Наябрск Цюменскай вобласці (Расія). Разам з жонкаю Ірынаю Паўлаўнай вырасцілі двух дачок: Марыну і Таццяну, у якіх таксама ўжо свае дзеці. Дарэчы, Марына, і выходзячы замуж, зберагла прозвішча бацькі.

 Фёдар рана памёр, і ўвесь цяжар выхавання дзяцей лег на плечы Ірыны Паўлаўны.

…Такое вось цудоўнае фамільнае дрэва атрымалася. Мяркую, што карані свайго прозвішча і свой радавод павінен ведаць кожны чалавек. Перадаўшы такі здабытак і нашчадкам. Гэта як бы паглыбіць і гісторыю нашай Радзімы ў цэлым.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети