26/07/2022

Калі наўкол стаялі немцы…

Усялякая згадка пра нашага слыннага земляка Уладзіміра Ліпскага вымушае найперш звярнуцца да ягонай надта багатай літаратурнай спадчыны. Бо з-пад пяра Уладзіміра Сцяпанавіча выйшлі звыш сямі дзясяткаў кніг найшырокай тэматыкі.

Усялякая згадка пра нашага слыннага земляка Уладзіміра Ліпскага вымушае найперш звярнуцца да ягонай надта багатай літаратурнай спадчыны. Бо з-пад пяра Уладзіміра Сцяпанавіча выйшлі звыш сямі дзясяткаў кніг найшырокай тэматыкі.

 

Уладзіміру Ліпскаму ужо за восемдзесят, а ён, як было на працягу дзесяцігоддзяў, і сёння рупна збірае багаты «колас» сваёй літаратурнай працы. Найбольш значны ўнёсак нашага земляка ў айчынную літаратуру апошняга часу – гістарычны раман «Цар» (ахоплівае трагічныя падзеі расійска-беларускай гісторыі пачатку 17 стагоддзя).

…2022-ы ў Беларусі ладзіцца «Годам гістарычнай памяці». То сама згадаць ранейшую працу Уладзіміра Сцяпанавіча – літаратурна-мастацкае выданне «Шоўкавічы»: твор пра родную вёску, пра людзей, якія жылі і працавалі ў Шоўкавічах на працягу стагоддзяў. Марылі пра ўласнае і лёс сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў…

Час бярэ сваё. На вялікі жаль, сталася так, што Шоўкавічы адышлі ў нябыт (толькі дачнікі летам), бо свой апошні дзень гады два таму сустрэў яе апошні насельнік – Мікалай Трацэўскі. Пра гэтага шчыра-рупнага чалавека Уладзімір Сцяпанавіч адгукнуўся некалькімі старонкамі рэспубліканскага выдання «Сельская газета». І яны, згаданыя старонкі, чыталіся, як кажуць, на адным дыханні. Бо да болю шчымлівыя, як і амаль усё, што літаратурна засведчана пісьменнікам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужаным дзеячам культуры Беларусі, галоўным рэдактарам беларускіх дзіцячых часопісаў «Вясёлка» і «Буся» (на працягу звыш 40 гадоў), а таксама і старшыні рэспубліканскага дзіцячага фонду Уладзімірам Ліпскім.

Так, Шоўкавічаў ужо няма. Але населены пункт Камсамольскага сельскага Савета, які Уладзімір Сцяпанавіч называў «маленькай вёсачкай», будзе жыць дзякуючы яго творчасці, у купе якой – кніжка «Шоўкавічы», што ўбачыла свет у 2004 годзе, пакінуўшы цэх рэчыцкага камунальнага паліграфічнага прадпрыемства «Тытул».

«Шоўкавічы» пазначаны як бы двума аўтарамі. Апроч Уладзіміра Ліпскага і ягоны зямляк Георгій Сытко.

Давялося быць рэдактарам згаданага выдання, таму і маю права рабіць выснову: у кожным радку «Шоўкавічаў» літаратурны плён Уладзіміра Сцяпанавіча. Што да Георгія Сытко, то ягоны найбольшы ўнёсак – у зборы матэрыялу і фотаздымкаў.

Калі, узяўшы ў рукі «Шоўкавічы», удзячны чытач адкрые ўступны нарыс Уладзіміра Ліпскага «Тут мае карані», а затым паглыбіцца ў першую частку кнігі пад назвай «Яны загінулі за Радзіму», то прачытае шчырую падзяку і аўтару гэтых радкоў, і Мікалаю Чарняўскаму, тагачаснаму кіраўніку калгаса «Новы шлях» (сёння – генеральны дырэктар ААТ «Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў»). Бо менавіта Мікалай Мікалаевіч знайшоў магчымасць падставіць плячо фінансавання выхаду «Шоўкавічаў».

 Другая частка кнігі – «Шоўкаўскія радаводы». Дзякуючы ім, радаводам, прасочаны лёс жыхароў «маленькай вёсачкі». Дзве старонкі кнігі (67–68) пад назвай «Нявінныя ахвяры». Пададзім жа іх слова ў слова. Бо пра вайну. Пра тыя незагойныя бяду і рану, якія пакінула на Шоўкавічах Вялікая Айчынная. Чытаем…

«…Нямецкая «рама» пранеслася над соннай вёскай, як ураган. Роў самалёта, кулямётныя чэргі разарвалі ранішнюю цішыню. З хат кулямі выляталі людзі: што рабіць, куды бегчы, як ратавацца?

Так пачаўся для шоўкаўцаў дзень на Сёмуху ў чэрвені 1943 года. «Ю-88» выпусціў некалькі чэргаў па вёсцы і знік за лесам у накірунку Кашаваравага хутара. Вёска, як растрывожаны вулей, зашумела, загула. Баючыся, што «рама» з’явіцца зноў, вяскоўцы схавалі дзяцей і старых у Глінішчах, што побач з вёскай, выгналі кароў на пашу і пачалі рыхтаваць сняданкі, наводзіць парадак у хатах, парушаны панікай. Толькі крыху супакоіліся, як з боку Вузнажы пачулася кулямётна-вінтовачная страляніна. Яна то заціхала, то ўспыхвала з новай сілай. Гэта вельмі занепакоіла вяскоўцаў. Не да свята. У Шоўкавічах Сёмуха – з даўніх часоў вялікае свята ў кожнай сям’і.

Вёску пачалі абстрэльваць з гармат і мінамётаў, але снарады і міны лажыліся ў раёне ўрочышча Летнік, як бы перакрываючы дарогу на Восаў і Баравікі. У самой вёсцы не ўзарвалася ні аднаго снарада.

Праз некалькі хвілін пасля артналёту прыскакаў на кані партызанскі разведчык Мікалай Крышнёў і загадаў усім пакінуць вёску. Параіў уцякаць у раён дыслакацыі партызанскага атрада імя Катоўскага, гэта значыць да парні, у алёс, за сенажаццю. Жанчыны кінуліся да Глінішчаў, пахапалі на плечы дзяцей і праз сенажаць – у алёс.

Страляніна сціхла. Дзяцей малых даручылі вартаваць старэйшым, а маладыя жанчыны, хто смялейшы, зноў пабеглі ў вёску, каб прынесці клункі з ежай і
адзеннем. Толькі разышліся яны па дварах, як аўтаматныя чэргі затрашчалі каля самай вёскі з боку Вузнажы, а потым пачуўся гул ваеннай тэхнікі – немцы ўступалі ў вёску. Маладзейшыя, хуткія на ногі, паспелі дабегчы да бліжэйшых кустоў і схавацца ў лесе, а старэйшыя толькі выбеглі на поплаў, як нямецкі дазор імчаўся ўжо на матацыклах па вясковай вуліцы. Чацвёра вяскоўцаў спатыкнуліся на бягу, амаль адначасова ўзмахнулі рукамі, як крыламі, і аселі на пахучай мурожнай сенажаці. Скасілі іх аўтаматныя чэргі карнікаў. Нікога не было побач, каб пачуць іх апошнія словы, каб закрыць ім вочы. Так і ляжалі яны, пакуль каты не пакінулі вёску. У той дзень згарэлі Шоўкавічы, усе хаты.

Дык вось прозвішчы нявінных ахвяр:

Корзун (Трацэўская) Ганна Паўлаўна, 73 гады, маці чатырох дзяцей.

Старжынская (Трацэўская) Марыя Паўлаўна, 67 гадоў, маці траіх дзяцей.

Маркаў Сяргей Яфімавіч, 82 гады, бацька чацвярых дзяцей.

Старжынская Настасся Мікалаеўна, 67 гадоў, маці васьмярых дзяцей.

Разам з хатай Мітрафана Козыра спалілі яго родную сястру Козыр Ганну Якаўлеўну, 43 гады, інвалідку, яго маці Козыр Аксінню Раманаўну, 64 гады, маці пяцярых дзяцей.

Два жыхары вёскі ў гэты дзень адсутнічалі. Бацька і сын Мікіценкі пайшлі па неадкладных справах у суседнюю вёску Чарнейкі. Гэту вёску таксама наведалі карнікі. Частку жыхароў, якія не паспелі схавацца ў лесе, схапілі, зачынілі ў пустой хаце і спалілі жывымі. Сярод гэтых пакутнікаў былі і шоўкаўцы…

У вайну загінулі яшчэ тры мірныя жыхары Шоўкавіч:

Козыр Мітрафан Якаўлевіч (1903–1944), яго забілі невядомыя людзі ў зямлянцы.

Трацэўскі Рыгор Якубавіч (1903–1942), забілі паліцаі, уцякаў ад іх на кані.

Трацэўскі Ігнат Баніфацьевіч (1885–1944), памёр ад тыфусу.

Усяго – адзінаццаць нявінных ахвяр вайны ў маленькай вёсачцы.

А ў дадатак да іх – дваццаць шэсць загінуўшых хлопцах з Шоўкавіч на франтах вайны і ў партызанах. Усяго – 37 загінуўшых. Такі рахунак выставіла вайна невялікай палескай вёсцы Шоўкавічы. Ці маем права забываць пра гэта?»

У радаводзе Козыраў Уладзімірам Ліпскім пададзена тлумачэнне да «невядомых людзей», якія забілі М. Я. Козыра: «…Жыццё яго абарвалася ў лютым 1944 года. Да зямлянак, дзе жылі шоўкаўцы, завіталі два незнаёмцы, зайшлі ў зямлянку, і адзін з іх без ніякіх тлумачэнняў выстраліў некалькі разоў у галаву Мітрафану Якаўлевічу. Перад гэтым білі яго, жонку, здзекваліся. А ноччу перад гэтым Мітрафан вярнуўся з Рэчыцы, куды вазіў на вучобу дачку Алену.

У Баравіках забойцаў затрымалі нашы салдаты, судзілі. Аднаго прыгаварылі да расстрэлу, а другога адправілі ў штрафроту».

Што дадаць да тлумачэння? Вайна заўсёды, бы плынь вады, выносіць на паверхню не толькі гераізм людзей ды пакуты ад ворага, але і подласць як быццам сваіх жа. То і пра гэта не маем права забываць.



--- взято с сайта dneprovec.by ---