Общество > Нам пишут

3790

Жыхарка Рэчыцкага раёна з добрым успамінам пра лета

 +

На двары ўжо верасень, а зялёнае з жоўтымі колерамі лета затрымалася. Гасцюе ў восені.

А вёска жыве сваім жыццём. Гаспадары збіраюць ураджай, пакуль сухое надвор’е, наводзяць парадак на зямлі, прыкідваюць, што будзе пасаджана на наступны год. Восень тактоўна напамінае пра сябе сваёй прахалодай, не за гарамі дажджы, аблыкі, ранішні туман, больш пахмурных дзён, бо сонца губляецца сярод хмар. І тады з цеплынёй успамінаецца лета.

Якім было яно для мяне? Дык вось пачну з чэрвеня. Першы дзень лета – Дзень абароны дзяцей. А ў мяне дома свята. Зрабіла для ўнучак пікнік «Добры дзень, лета!» Усім спадабалася. Дзяўчаткі пісалі планы на канікулы. Надвор’е спякотнае: +28 градусаў. Усё вакол прасіла вільгаці. Нарэшце ў канцы месяца пайшлі праліўныя дажджы. Зямля наталіла смагу. Расліны напіліся вадзіцы ўдосталь. Маліна чырвонымі агеньчыкамі дзе-нідзе гарэла на кустах. А спелыя вішні, чарэшні спакушалі шпакоў-малайцоў, якія хапатліва спрабавалі ягады і спявалі свае песні лету. Было прыемна адчуваць гармонію ў прыродзе і ў сваёй душы.  

І вось такі ўспамін. Быў пачатак чэрвеня. Цёплае сонечнае надвор’е. На агародзе дзеці рвуць зелле па бульбе. Раптам з суседняга саду вылецеў вялізны шэры клубок. Ён адмыслова варушыўся і гудзеў. Ляцеў праз наш агарод, далей на вуліцу. Дзед Марка, аматар-пчаляр, выбег і пачаў крычаць суседу: «Іванавіч, бяры рэшата, венік. Будзем лавіць рой!» Мужыкі беглі за роем, каб не згубіць яго з поля зроку. Малыя ляцелі следам. Такога цуда яны яшчэ не бачылі. Нарэшце рой завіс над дрэвам, затым закружыўся над ніжняй тоўстай галінай. Дзед Марка спрытна пачаў страсаць пчол у падстаўленае рэшата. Пчолы самі падалі да астатніх. Туды, відаць, трапіла пчаліная матка. Так уратавалі цэлую сям’ю пчол. У той дзень усе былі шчаслівыя, асабліва дзятва, баба Марчыха пачаставала дарослых і дзяцей духмяным мёдам і напаіла гарбатай. Гэта быў цудоўны дзень лета для вясковых дзяцей.  

А далей прыйшоў ліпень са спёкай і дажджом. Пчолкі-працаўніцы
шчыруюць каля кветак. А ў агародзе малінавы рай. У паветры разносіцца духмяны пах варэння. Усё расце, набіраецца моцы. У канцы месяца было месяцовае зацьменне. Такое бывае адзін раз у 15 гадоў. Некалькі разоў увечары выбягала на вуліцу, каб на свае вочы ўбачыць гэтую з’яву, але хмары памяшалі. Шкада было.  

Вось і жнівень – апошні месяц лета. На рацэ гуляе месяц, а лодкі шэпчуцца з хвалямі. Недзе свавольнік-ветрык, стаіўшыся ў прыбярэжных кустах, выбіраючы момант, гулліва імчыць па вадзе, падымаючы невялікія грабеньчыкі. А маладыя буслы спрабуюць моц сваіх крылаў. Прыгожа! Спёка ўжо надакучыла. Усё жывое шукае цяньку і прахалоды. Яблыкі спеюць і сыплюцца на дол, пырскаючы сокам. І зямля прымае гэты дар, як урачысты і завяршальны акорд лета.

У гэтым месяцы распачаты касметычны рамонт вясковага медпункта, адкрыўся комплексны прыёмны пункт «Рэчыцабыт». Гэта прыемная навіна для ўсіх жыхароў вёскі Жмураўкі.

Дзякуй, лета, за прыгажосць і самыя найлепшыя пачуцці. Ты прайшло ва ўсёй сваёй красе. Шчодра адарыла сваім цяплом і хараством, добрым ураджаем і прыемным настроем. Так што бывай, лета-лецейка, бывай!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети