Общество > Нам пишут

3423

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Восень, бывай!

 +

Здаецца, зусім нядаўна гусі, буслы забралі з сабой лета. І восень тут як тут! Узяўшы з сабой сонца, вецер і дождж, пайшла гуляць па наваколлі. І вось яе час скончыўся. Якая яна была? Запрашаю павандраваць па яе прыпынках.

Верасень
Верасень

Першы – Верасень. Чым быў цікавы ён? У гэты час цвіце верас, скончылася жніво. Надыходзіць час вяселляў. Надвор’е цёплае. Лета засталося ў гасцях у восені. Чацвёртага верасня слупок тэрмометра падняўся да +30 градусаў цяпла. Сапраўднае лета! Бабіна лета. А кліматычнае лета скончылася 21 верасня. Пагрэліся ўсе. Не трэба было ехаць на поўдзень.

Людзі кажуць пра гэты месяц: «Шчодры і сыты верасень». Сапраўды, так. Усяго нарасло. Гаспадары сабралі добры ўраджай. Ёсць чым пахваліцца. Гэта можна было ўбачыць на кірмашы. Нястомныя павучкі спляталі на сваіх красёнцах мудрагелістыя карункі. Сонныя мухі траплялі ў іх сіло. І няма ім забыцця. Пад нагамі шамаціць сухое лісце. Дрэвы кожны дзень змяняюць афарбоўку сваёй лістоты, красуюцца ў сваіх яркіх уборах, быццам дзяўчаты на танцах. Яркія колеры зіхацяць і пераліваюцца на сонцы жоўтым, аранжавым, барвовым. Залатое лісце абрыкосавага дрэва свеціць на вуліцы, нібы сонейка ў пахмурны дзень. На душы становіцца цяплей.

Неяк пад вечар вароны ўстроілі вэрхал каля грэцкага арэха, што расце непадалёку ад маёй хаты. Адна перад адной хапаюць дзюбай арэхі і з вышыні кідаюць на дарогу, каб раскалоць і пачаставацца смачненькім ядзерцам. Адна шаракрылая падскочыла блізка да мяне, кінула арэх, стаіць і пазірае. А я сяджу на лаўцы каля хаты і кажу ёй: «Варонка, пачастуй мяне! Я таксама хачу паспытаць». Яна падняла арэх, падскочыла бліжэй да лавачкі і паднесла пачастунак на блізкую адлегласць да мяне. Затым узляцела на комін хаты, пасядзела крыху і паляцела за новымі арэхамі. А я радавалася, што трапілася такая разумная варона з «высокім інтэлектам». Не паквапілася.

У канцы месяца мой зямляк Юрый Чарнашэй, марафонец, удзельнічаў у сутачным забегу і ўстанавіў рэкорд Гомельшчыны. Названы звышчалавекам! Малайчына, парадаваў аднавяскоўцаў. Апошні дзень верасня выдаўся сонечным, але халодным. Раніцай расліны былі пакрыты інеем. Задзірысты вецер свавольнічаў у садзе, на вуліцы.

Кастрычнік
Кастрычнік

За вераснем стаў гаспадарыць Кастрычнік. Назва месяца паходзіць ад слова кастрыца – прадукту перапрацоўкі лёну, аўса, каноплі. У гэтым месяцы Восень зноў адарыла ўсіх цяплом. Разам з сонейкам ласкава зірнула на вішаньку, і яна пажаўцела ад такой пяшчоты. Стаіць прыгажуня, пазвоньваючы сваімі залатоўкамі-лістамі, як артыстка. Нават ветрык спыніў сваю вандроўку, залюбаваўся такім ператварэннем. У гэтым месяцы Восень паехала на рабым кані. Кожны дзень надвор’е рознае: то сонца грэе, то дождж змывае ўсё цяпло на двары. Са стрэх пацяклі яе слязінкі. У канцы кастрычніка я ўбачыла калючы дождж: снежная крупка сыпанулася з неба, а потым перайшоў у дробныя кроплі.

Гэты месяц быў запамінальны і на святы. На Дзень настаўніка прымала віншаванні ад сваіх вучняў, родных. Яркім музычным святам адзначыў калектыў мастацкай самадзейнасці Жмураўскага СДК Дзень маці пад назвай «Свет пачынаецца з Маці». Упершыню выступіў нядаўна створаны вакальны ансамбль «Надзея». Гледачы доўга не адпускалі артыстаў са сцэны. Свята Пакровы – галоўнае свята восені, якое адзначаецца з Х ст. Лічыцца, што ў гэты дзень сустракаюцца восень і зіма. Абавязкова гаспадыні пякуць бліны дзеля дабрабыту і выкладваюць у выглядзе сонца.

Лістапад
Лістапад

Лістапад – апошні прыпынак восені. Гэта час лістапада. Вяскоўцы рыхтуюць зерне на продаж. Залатыя лісты прымаюць карычневы колер. Вецер гуляе з галінамі дрэў, водзіць карагоды з лістападам, утвараючы пад сабой пярэсты дыван. Аголеныя дрэвы застылі ў здранцвенні. Цяпер час ім адпачыць. Туман разаслаў сваё покрыва, студзіць зямлю. Пачаліся першыя прымаразкі. 14 лістапада пайшоў першы снег. Адразу светла стала. Зіма не стрымалася, завітала ў госці да восені. Паслала сваё прывітанне першым снегам. Дзеці пачалі ляпіць снегавікоў. А я наведала жмураўскую бібліятэку. Тут бібліятэкар Таццяна Гапоненка вядзе гутарку з чытачамі, таксама працуе над тэмай «Тапаніміка вёскі». У кожнага свая справа. Сумаваць не прыходзіцца. У гэтым месяцы мая вёска адзначала 75 год з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праходзіў мітынг каля помніка, ушаноўвалі ветэранаў вайны.

Заканчваецца восень – самая цудоўная пара. Засталіся ў памяці часткі цудоўных імгненняў з жыцця прыроды, вяскоўцаў. Хачу прывесці некалькі меркаванняў вучоных пра азначэнне восені:

  1. Восень – апора восі, бо на гэты час года прыходзіць адзін з дзён раўнадзенства – 22–23 верасня.
  2. Восень ад слова «у сон» – час, калі прырода ўваходзіць у сон, засынае.
  3. Ад праславянскага слова «есень» – пара жніва, уборкі ўраджаю.

Вось такія вынікі маёй вандроўкі-гаворкі пра восень. Восень-чараўніцу, зменлівую па сваім характары, восень-прыгажуню. Развітваюся і з захапленнем вітаю новую пару года – зімушку-зіму, якая прынясе новыя адчуванні, падзеі і прыгоды.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети