Общество > Нам пишут

3047

Пішуць жыхары Рэчыцкага района. Зіма, бывай! Вясна на парозе

 +

Тры месяцы зімы праляцелі як адно імгненне. Давайце ўзгадаем, чым парадавала нас гэтая пара года, чым здзівіла.

Назвы зімовых месяцаў на Беларусі звязаны са з'явамі жывой прыроды. Пачну са снежня. Снежань (ад слова «снег»). Снежным покрывам укрылася зямля. Гэта апошні месяц старога года. Першага снежня выпаў снег. Інтэрнэт актыўна вітаў прыход зімы. На тварах людзей блукала светлая ўсмешка. Усе былі ў чаканні новага, чароўнага. Чырвоная рыска на тэрмометры паказвала мінус 13. Снегапад пакінуў на верхавінах дрэў белы вэлюм. Вялізныя пульхныя шапкі снегу звісалі са стрэхі хаты. Паркан, лавачка ўкрыліся белай коўдрай.

Нораў у зімы іскрысты і зменлівы. Праз некалькі дзён пайшоў дождж. Пахмурна. Сонца схавалася. Ніякай радасці. Але праз некаторы час зіма пачала ўладарыць па-сапраўднаму. Цісне мароз. Халодная завея падсыпае снегу. Казачнасць навокал! Аздобіла снежаньскі пейзаж купка снегіроў, якая ўселася на куст чарнаплодкі, быццам чырвона-блакітныя кветкі расцвілі ў адзін момант. Настрой палепшыўся. Дарослыя і дзеці накаталіся ўдосталь на лыжах і санках. Рыбакі выйшлі парадам на зімовую рыбалку.

А вёска жыве сваім жыццём. На ФАПе ішоў прыём хворага насельніцтва лекарамі гарадской паліклінікі. У Жмураўскім СДК – свята. Праводзіўся навагодні ранішнік. Зала была цудоўна аформлена. Прыйшлі дзеці з бацькамі. Павесяліліся на славу і школьнікі з прышкольнага лагера Бронненскай СШ.

У сельскай бібліятэцы в. Броннае калектыў «Бібліятэчных вячорак» адзначаў юбілейную вечарыну, на якой усе ўдзельнікі атрымалі граматы, падарункі. Бібліятэкар Галіна Мікалаеўна Кісель узнагароджана граматай Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу па захаванню нацыянальнай культуры і народных традыцый на вёсцы. Віншаванні гучалі ў адрас калектыву ад аддзела культуры райвыканкама, дзіцячага сада в. Броннае, Бронненскай СШ, Жмураўскага СДК, ФАПа.

У апошні дзень снежня боем курантаў пастукаў у кожную хату Новы год. У паветры пахла святам, елкай. Ззялі яркія агеньчыкі навагодняй гірлянды. На вуліцах гучалі святочныя салюты ў гонар 2019 года. Дзед Мароз са Снягуркай парадавалі дзетак падарункамі.

І вось студзень на двары. Ён бярэ назву ад слова «студзёны». Зіма ўступіла ў свае правы. Надвор'е сцюдзёнае, з маразам і,
лёгкімі завеямі. Тэмпература паветра пераходзіць з «мінуса» на «плюс». Ноччу мароз, а днём цяплее. Дні павялічваюцца.

На пачатку студзеня на першым беларускім тэлеканале паказвалі відэаролік «Новы год! Малая радзіма, каб вярнуцца» з удзелам нашага жмураўскага юнака Івана Давыдзенкі. Вось яшчэ адна «зорачка» прынесла вядомасць маёй вёсцы.

Перад Ражаством Хрыстовым у Сельскім доме культуры адбыўся канцэрт. Усім гледачам спадабалася выступленне артыстаў: Аляксея Падальніцкага, Джона Агафонава, Аксаны Кацура, Аляксея Гапоненкі, ансамбля «Надежда». Вядучая Святлана Лябедзька праявіла сябе як прыроджаная канферансье.

Самае вясёлае свята ў студзені – Каляды. Па вуліцах хадзілі калядоўшчыкі, якія зычылі гаспадарам здароўя, дабра, шчасця. Вось і правялі стары год, сустрэлі новы.

Хочацца ўспомніць навіну студзеня: наш зямляк, Юрый Чарнашэй, зноў лепшы ў бегу на 24 гадзіны. Ён стаў абсалютным пераможцам сутачнага прабегу ў Лідзе, дзе праходзіў адкрыты чэмпіянат краіны, заслужана ўвайшоў у зборную Беларусі і названы чалавекам звышздольнасцяў.

У апошні тыдзень месяца насыпала шмат снегу. Мароз дасягнуў мінус 20 градусаў, студзіў усіх. Птушкі ад кармушкі не адляталі. Затым надышло рэзкае пацяпленне. Снег асеў, пачарнеў. Так скончыў сваё існаванне студзень.

Вось і люты заступіў у свае правы. Люты – люты холад, «бакагрэй». Ужо часцей паказваецца сонца. Сяляне ў гэтыя дні выводзілі скаціну пагрэць бакі на сонцы. Аднак у гэтым годзе першага лютага са стрэх капала, а на дарозе – снежная каша, галалёд. Цёплае надвор'е. Цыклон пастараўся! Сіноптыкі сказалі пра цёплыя дні ў лютым: «Такое здараецца адзін раз у 15 гадоў».

Усё часцей сонейка выкочваецца з-за хмар і сваімі промнямі дастае да злёгку нагрэтых верхавін дрэў. Птушкі пырхаюць з галінкі на галінку, радасна шчабечучы, вясну чакаючы. Зямля паступова вызваляецца з-пад снегу. Пралескі, пагрэўшыся на сонцы, высунулі свае вострыя лісточкі.

Прыгадваю, што 15 лютага было свята Стрэчанне. Зіма сустрэлася з вясною. Людзі ў гэты дзень чыста мылі ўсё, прыбіралі ў хаце, пераапраналіся ў святочнае адзенне і выходзілі глядзець на неба, сонца, якое добра прыгравала і знішчала снег.

Аддаю даніну павагі сваім землякам, воінам-інтэрнацыяналістам: Уладзіміру Кунцэвічу, Уладзіміру Дзегцярэнку, Алегу Нікалайчыку, Алегу Дуброўскаму, Валерыю Купрыянчыку, якія з годнасцю выконвалі свой інтэрнацыянальны воінскі абавязак.

У Дзень абаронцаў Айчыны нашы жанчыны віншавалі сваіх мужчын са святам, бо на іх трымаецца мір і спакой на зямлі.

Парадавала мяне і размова з начальнікам Жмураўскага паштовага аддзялення Вольгай Юр'еўнай Дзяжуравай. План выковаецца, добра працуюць паштальёны Ларыса Куцапаленка, Алена Блохава. Ды і ад насельніцтва нараканняў няма. Вёска жыве, актыўна працуе.

А люты завяршае зімовы цыкл. Вясна ўжо на парозе. Яе чароўная мелодыя сцішана гучыць у наваколлі, у маім сэрцы. З яе надыходам раскрываюцца новыя імкненні да новай вышыні.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity

Чтобы написать комментарий, войдите, используя социальные сети