Общество > Нам пишут

697

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Лета, бывай!

 +

Многія людзі любяць глядзець у калейдаскоп. Розныя карцінкі змяняюць адна адну. І ўсе яркія, фантастычна прыгожыя. Вось і ў мяне склаўся летні калейдаскоп з уражанняў адыходзячага лета. Дзялюся з вамі.

Адыходзіць лета ў нябыт і застанецца толькі ў нашых успамінах. Якім яно было? Як кажуць мае знаёмыя, «была спёка, а потым холад». Па сцвярджэнню сіноптыкаў, сёлета сярэдзіна лета выдалася самай халоднай за апошнія 20 гадоў. Што ж, у прыроды свае законы, як і ў чалавечым жыцці. То ўсё ідзе спакойна, роўна, а потым чорная паласа падышла. Але чалавек, моцны духам, перамагае, імкнецца да новых здзяйсненняў.

Ціха лета губляе сваю прыгажосць, а восень ужо на падыходзе. Уплятае ў сваю касу першыя сухія лісточкі каштанаў, бяроз. Густы туман надвячоркам рассцілаецца мяккай белай коўдрай па зямлі, асабліва завісае над ракой. Раніцай пад сонечнымі промнямі хутка знікае. І толькі маленькія брыльянцістыя кропелькі расы пераліваюцца і зіхацяць рознымі фарбамі на красёнцах павуціны.

Назвы летніх месяцаў па-беларуску тлумачацца вельмі цікава. Дапамог інтэрнэт. Паслухайце.

Чэрвень паходзіць ад «чэрвеца» ці «чэрвеня» – так называюцца асаблівага рода красільныя чэрві, якія з'яўляюцца ў гэты час. У старыну ў народзе часта гэты месяц называўся «крэснікам» – ад «крэса» (агня) і разам з тым ад дня Іаана Хрысціцеля.

Ліпень называўся «ліпцем» – ад ліпы, якая звычайна ў гэтую пару з'яўляецца ў поўным росквіце. Яшчэ гэты месяц называюць «макушкай лета», «страднікам» – ад страднай летняй працы, «грознікам» – ад моцных навальніц.

«Жнівень» – назва звязана з уборкай ураджаю.

Больш дзесяці навальніц прайшлося па Беларусі гэтым летам. Стыхія разгульвала і ў нашай мясцовасці. А па назіраннях метэаролагаў чэрвень гэтага года прызнаны самым спякотным месяцам за апошнія 140 гадоў. Усё было: дажджы і сонца, ягады і грыбы, кветкі. У адзін з ліпеньскіх вечароў пайшлі з унучкамі на рэчку. Там на беразе ўжо сядзелі заядлыя рыбакі, спадзеючыся на ўдачны ўлоў. А пярэстыя аблокі ціха праплывалі ў высокім блакіце нябёс. Мае ўспаміны павольна бягуць за імі ўслед.

Вясной дняпроўскія хвалі абдымаюць луг, гушчар вярбы. Дробязная цікаўная рыбка заплывае ў нізкія лагчыны ды там і застаецца на ўсё лета на радасць хлапчукам. Бо пазней, калі спадзе вада, вырасце платва. Дзятва з кашамі ідзе на сваё рыбацкае паляванне. А ўвечары пачынаецца сапраўдны пір жывата. Духмяная юшка казыча паветра. Весела стукаюць лыжкі аб кацялок. Смачная вячэра! Падцягваецца да кастра і дзед Астап, які расказвае пра сваю рыбалку. А хлапчукі з захапленнем слухаюць яго аповед, не звяртаючы ўвагі на гусцеючы чорным змрокам надвячорак. Успаміны перарываюцца воплескамі шчупакоў на рацэ. Так гуляюць яны, а чайкі лётаюць з крыкам каля берага, злавіўшы што-небудзь. Ва ўсіх цудоўны настрой. І мы захапілі кавалачак лета з сабой.

Аднойчы летні раптоўны дождж прычакаў мяне ў дарозе. Якая гэта асалода – адчуць чысціню наваколля і сябе самой. Душа поўніцца новымі марамі. Хутчэй дзейнічаць, каб іх ажыццявіць!

Прачнулася ўночы: па пакоі ліецца халодны свет жоўтай поўні. Відаць, хацела паклікаць на начную прагулку. Выйшла: на чорным аксаміце неба зіхаціць мноства агеньчыкаў-зорачак, а месяц сярод іх, бы пастух у полі, назірае за сваімі ўладаннямі. І засталася гэтая летняя ноч у душы такой – неадлучнай ад месяца.

Неяк ўдзень заўважыла: буслы ляталі над вуліцай, вёскай кругамі, нібы хацелі ўвабраць іх у сябе, а потым зніклі. Вырай паклікаў іх. Засталіся толькі пустыя буслянкі. А ў садзе раз-пораз яблыкі стукаюць аб зямлю. Гэта яны салютуюць адыходзячаму лету.

Жнівень багаты на святы. Вось прайшоў Яблычны Спас. У гэты дзень свяцілі яблыкі, грушы, пучкі каласоў. Існуе павер'е, што ў дзень Яблычнага Спаса ўсе яблыкі маюць асаблівыя цудадзейсныя якасці. Гэта свята сімвалізуе канец лета і пахаладанне. У народным календары на Яблычны Спас праводзяць лета. Лічыцца, што ночы пасля Спаса становяцца халаднейшымі. Таму і кажуць: «Прыйшоў Спас – рыхтуй рукавіцы на запас». Гаспадыні шчыруюць адна перад адной на агародах, збіраючы багаты ўраджай агародніны, дзелячыся лішакам з суседзямі. Руплівыя калгаснікі ўбіраюць з палёў ураджай. Праца кіпіць.

У жмураўскай краме палепшыўся продаж тавараў. Па словах прадаўца Алены Савінай, два разы ў тыдзень завозіцца новы тавар. Пашырыўся асартымент. Людзі ахвотней заходзяць за пакупкамі. А бронненскія дзеці бавяць свой час на палянцы «Пачытайка» разам з бібліятэкарам Галінай Кісель. Весела праходзяць конкурсы, віктарыны на свежым паветры на пляцоўцы каля Жмураўскай бібліятэкі, якія праводзіць бібліятэкар Таццяна Гапоненка з маленькімі чытачамі.

Так лета прыносіць свае адметнасці ў жыццё людзей. Не сумавалі, працавалі шчыра і аддана з табою побач, прыгожае, квяцістае Лета. З задавальненнем будзем углядацца ў цябе праз калейдаскоп памяці.

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity