Общество > Нам пишут

2971

Пішуць жыхары Рэчыцкага раёна. Сельская гаспадарка. Зоркі перадавікоў вытворчасці

 +

Напярэдадні чарговых абласных «Дажынак» хачу запаліць зорку Памяці тых працаўнікоў вёскі, якія, не шкадуючы сваіх сіл, працавалі на палях калгаса «40 год Кастрычніка» (зараз «Исток»), дасягалі высокіх вынікаў працы. Пра іх павінна ведаць наша малодшае пакаленне.

У 1953 годзе старшынёй калгаса стаў Антон Сяргеевіч Волкаў. Удзельнік вайны, падпалкоўнік запасу прыйшоў працаваць у калгас па наказу партыі і запалу свайго гарачага сэрца. Гэта быў вельмі адукаваны і культурны чалавек. Ён высока цаніў працаўнікоў калгаса. Гаспадарка праз некаторы час стала заможнай.

Слаўны баявы і працоўны шлях прайшоў былы старшыня калгаса Іван Герасімавіч Давыдзенка. А за час кіравання калгасам Рыгорам Міхайлавічам Капыткам вёскі Жмураўка і Броннае змяніліся ў лепшы бок. Была створана неабходная механізацыя вытворчасці, пабудаваны новыя механічныя майстэрні, клуб, новы будынак сельскага Савета, новая школа ў вёсцы Броннае, крамы, заасфальтаваны вуліцы Савецкая і Школьная ў вёсках Броннае і Жмураўка.

Шмат працаўнікоў у гэтыя гады дасягнулі высокіх паказчыкаў у вытворчасці. Некаторыя з іх сталі ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве. Гэта брыгадзір 3-й брыгады Сяргей Лёгенькі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Яго дэвізам у жыцці былі словы: «Працаваць так, як ваяваў на фронце!» Пасля дэмабілізацыі ўзначаліў паляводчую брыгаду. Не раз за доўгі час працы ён зведаў і горыч няўдач, і радасць працоўных перамог. Да трох ордэнаў дабавіліся два медалі, атрыманыя на выставе ў Маскве за высокі ўраджай ільну і кармавога лубіну.

Больш за 40 гадоў не выпускаў са сваіх рук руль трактара механізатар Дзмітрый Грыб. У гады вайны ён цягачом перавозіў цяжкія гарматы, а вярнуўшыся дамоў, апрацоўваў калгасныя палі. Як самага годнага працаўніка і актыўнага грамадскага дзеяча аднавяскоўцы выбралі яго ў 1960 годзе дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Іосіф Кандраценка слаўна ваяваў, а затым на калгасных палетках настойліва змагаўся за атрыманне высокіх ураджаяў. Яго штодзённая выпрацоўка на ХТЗ-7 дасягала 200 працэнтаў.

Сумленна працавалі ў калгасе сем’і Якава Лёгенькага (аднаго з першых калгаснікаў), Арсона Піпчанкі, Станіслава Хаткоўскага, Фёдара Кузьменкі і інш.

Шаснаццацігадовым юнаком стаў працаваць у калгасе Аркадзь Станіслававіч Хаткоўскі. Выконваў розныя работы па вырошчванню зерня, бульбы. За выдатную працу быў узнагароджаны юбілейным медалём у 1970 г., знакам пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва ў 1977 г., медалямі «60-годдзе ўтварэння БССР», «За трудовое отличие», яму былі прысуджаны званні «Ударнік камуністычнай працы», «Ветэран працы», званне майстра-жывёлавода 1-га класа.

Дуброўская Соф’я Іванаўна
Дуброўская Соф’я Іванаўна

Побач з мужчынамі працавалі і жанчыны. Прадстаўляю: Соф’я Іванаўна Дуброўская. Муж яе загінуў на вайне. Расціла траіх дзяцей адна, працавала звеннявой ільнаводчага звяна, 18 гадоў з’яўлялася дэпутатам Жмураўскага сельсавета. За добрасумленную працу ўзнагароджана медалямі «За трудовое отличие», «Участник ВСХВ», «За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», «Ветеран труда».

Ветэран працы Еўдакія Дзмітрыеўна Місачэнка з маладых гадоў стала працаўніцай. Яна маці шасцярых дзяцей. За добрасумленную працу ў жывёлагадоўлі ўзнагароджана ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, юбілейным медалём «Победитель социалистического соревнования 1973 г.». Ёй было прысвоена званне «Лепшая цялятніца Рэчыцкага раёна за 1966 год». Будучы на пенсіі, яшчэ доўга працавала ў гаспадарцы.

Місачэнка Еўдакія Дзмітрыеўна
Місачэнка Еўдакія Дзмітрыеўна

Аляксандра Фёдараўна Гапоненка пачала сваю працоўную дарогу з 1956 г. на малочна-таварнай ферме, завочна скончыла сельскагаспадарчую акадэмію. З 1963 г. працавала загадчыцай МТФ, затым – галоўным заатэхнікам, з 1967 па 1975 г. – загадчыца птушкафермы, потым фермы па дарошчванню маладняка буйнай рагатай жывёлы. На ўсіх участках працоўнай дзейнасці праяўляла сябе дысцыплінаванай, патрабавальнай, чулай да людзей. Была ўдзельніцай ВДНГ у Маскве, дэлегатам двух партыйных з’ездаў кампартыі Беларусі і 18-й Гомельскай канферэнцыі. Праца яе адзначана ўзнагародамі: ордэнам «Знак Почёта», юбілейным медалём да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна, медалём «Ветеран труда».

Гапоненка Аляксандра Фёдараўна
Гапоненка Аляксандра Фёдараўна

Валянціна Сцяфашына – адзіная жанчына-механізатар у гаспадарцы. Яна скончыла Азершчынскае сельскагаспадарчае вучылішча і прыйшла працаваць у родны калгас, дзе ўсё жыццё шчыравалі на палетках гаспадаркі і яе бацькі. Трое сыноў і муж не адставалі ад маці, працавалі на камбайнах. Яна была зоркай у сваёй працы.

Промні руплівай працы калгасніц Аляксандры Маркаўны Лёгенькай, Веры Васільеўны Кацура, Веры Харламп’еўны Хаткоўскай і многіх іншых жанчын асвятляюць нашу зямлю.

Шмат цудоўных людзей і сёння працуюць на палях і фермах. Іх праца, адказнасць за даручаную справу ўмацоўвае нашу краіну. Дык няхай нашы сучаснікі бяруць прыклад са сваіх землякоў і дасягаюць новых вышынь. І на Дажынках запальваюцца новыя зоркі перадавікоў вытворчасці!

Читайте dneprovec.by «Вконтакте» → vk.com/rnewscity Читайте dneprovec.by в «Одноклассниках» → ok.ru/rcity